Следчым камітэтам Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы па факце выбуху на вайсковым палігоне Ваеннай акадэміі, у выніку чаго загінуў выкладчык і былі траўмаваныя курсанты навучальнай установы.

13 верасня 2013 года на вайсковым стрэльбішчы пры правядзенні планавых вучэбных заняткаў па інжынернай падрыхтоўцы з курсантамі Ваеннай акадэміі ў сувязі з дачаснай дэтанацыяй вогнеправоднага шнура здарыўся выбух тратылавых шашак. З-за гэтага выкладчык атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём, пяцёра курсантаў трапілі ў бальніцу.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 463 КК (парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, матэрыяламі, рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, у выніку чаго мела месца па неасцярожнасці смерць чалавека). Загінулы падпалкоўнік Барыс Лістапад меў 20-гадовы вопыт працы з выбухованебяспечнымі матэрыяламі.

Паводле інфармацыі СК, прычынай выбуху з'явілася грубае парушэнне правілаў абыходжання з выбуховымі рэчывамі, дапушчанае выкладчыкам. Падчас правядзення планавых заняткаў з курсантамі па дысцыпліне «Падрыўная падрыхтоўка» выкладчык размясціў выбуховыя рэчывы і сродкі ўзрывання ў непасрэднай блізкасці адзін ад аднаго ў месцы знаходжання вайскоўцаў.

Падчас дэманстрацыі гарэння вогнеправоднага шнура здарыўся выкід іскраў, з-за чаго падарваліся тратылавыя шашкі.

Гэтыя высновы заснаваныя на комплексе доказаў, атрыманых у працэсе расследавання крымінальнай справы. У ліку якіх вынікі двух складаных выбуховатэхнічных і шасці судова-медыцынскіх экспертыз, шэраг следчых эксперыментаў і праверак паказанняў на месцы.

Дзеянні выкладчыка кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 463 КК. У сувязі з гібеллю апошняга папярэдняе следства спыненае.

Пацярпелыя курсанты выпісаныя з лячэбных устаноў і працягваюць вучобу ў Ваеннай акадэміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?