Фільм стане рэмэйкам савецкага фільма «Палёт у краіну пачвараў».

У 1987 годзе яго зняў на «Беларусьфільме» рэжысёр Уладзімір Бычкоў (вядомы як стваральнік фільма «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Фільм быў створаны па матывах фантастычнай аповесці – казкі пісьменніка Эдуарда Скобелева «Незвычайныя прыгоды Арбузіка і Бябешкі».

«Кніга зусім не састарэла — яе героі застаюцца актуальнымі – пісаў крытык Павел Абрамовіч. – Асабліва кароль-вядзьмак Дулярыс, які забіў двух добрых чарадзеяў, што дапамаглі яму ў барацьбе за ўладу, і ператварыў большую частку жыхароў краіны ў трусоў і авечак. Як вам гэты вобраз? А рэплікі Дулярыса? Яны ж проста шыкоўныя:

«Як бачыце, я кожны дзень выдумляю цудоўныя законы. Ні дня без закону — гэта добрая звычка. І вам, і мне яна прыносіць шмат здароўя і радасці… Сёння раніцай, прачнуўшыся, я падумаў: «Як добра, калі падданыя любяць свайго караля і не жадаюць нічога, чаго не жадае кароль!»

Летась прыватная кінакампанія New Wave Production выйграла адкрыты рэспубліканскі конкурс Міністэрства культуры на стварэнне гульнявога дзіцяча-юнацкага фільма.

Рэжысёрам будзе Дзяніс Скварцоў. Вучань Міхаіла Пташука, ён вядомы як стваральнік ваенных пастановак «Брэсцкая крэпасць», «Шчыт Айчыны» і «Дняпроўскі рубеж». У фільме здымаюцца купалаўцы Тамара Міронава, Раман Падаляка і Алег Гарбуз, а таксама акцёры Аляксандр Кашпераў, Алеся Пухавая, Аляксандра Багданава. Галоўныя ролі выконваюць Ян Шуляк і Ілля Капанец.

Прэм'ера фільма, большая частка якога прадстаўлена анімацыяй, чакаецца ў 2015 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?