Беларуская дэлегацыя адмовілася ад сустрэчы з рабочай групай Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі, паколькі палічыла такую сустрэчу «пустой тратай часу».

Пра гэта заявіў намеснік старшыні палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі. 

Як раней паведамлялася, сустрэча планавалася ў межах штогадовай сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіла ў Баку з 28 чэрвеня па 2 ліпеня. Гумінскі ўзначальваў у Баку беларускую дэлегацыю.

Паводле слоў віцэ-спікера ніжняй палаты, прапанова аб сустрэчы паступіла ад кіраўніка рабочай групы па Беларусі Крысціяна Хольма.

«Беларуская дэлегацыя ў маёй асобе адмовілася ад гэтай сустрэчы толькі з-за аднаго: на сёння не бачым, каб у Хольма, які змяніў на гэтай пасадзе Уту Цапф, з'явіліся нейкія новыя падыходы супраць тых, што былі ў Цапф, з якой весці прадуктыўны дыялог на нейкія тэмы было немагчыма, — заявіў Гумінскі. — На гэты час нейкага канструктывізму асабіста ў дзеяннях Хольма я не ўбачыў, як і ўся наша дэлегацыя. Я яму сказаў, што губляць час на пустыя размовы — недаравальная раскоша».

На думку парламентарыя, дзеянні Хольма падчас сесіі «зусім не змяніліся ў плане нейкіх падыходаў у сувязі са зменлівым становішчам і ў цэлым сітуацыі ў свеце». «У яго толькі адны збітыя фразы, якія кожны раз ён нам навязвае.

Апрача дэмакратычных інстытутаў і палітычных вязняў ён больш ні пра што не гаворыць. Але задаваў я яму пытанне пра тых жа вязняў, ён мне нічога не змог сказаць. Навошта мне такія абмеркаванні і размовы?»

«Яго ж перакананні аб тым, што мы маглі б разгледзець пытанні, звязаныя з Украінай, наогул абсурдныя, таму што практычна ўся сесія была прысвечана менавіта гэтым пытанням, — заявіў Гумінскі. — І ніякая рабочая група не можа выпрацаваць якія-небудзь падыходы, калі гэтым займалася практычна ўся асамблея. І гэтыя канструктыўныя падыходы былі выпрацаваны падчас абмеркавання гэтага пытання, якому надавалася асаблівая ўвага і быў адведзены спецыяльны час для дыскусій. І ў гэтых дыскусіях узяла ўдзел і наша дэлегацыя. Таму абмяркоўваць пытанне на пасяджэнні рабочай групы — таксама пустая трата часу. Па гэтых прычынах Хольму было адмоўлена».

Пры гэтым Гумінскі не выключыў, што ў наступным сустрэча беларускіх парламентарыяў з рабочай групай ПА АБСЕ па Беларусі можа адбыцца. «Там паглядзім. Калі ў яго з`явяцца нейкія канструктыўныя прапановы, над якімі можна будзе працаваць і якія можна будзе сумесна абмяркоўваць, я не выключаю, што вернемся да размовы», — сказаў віцэ-спікер.

Каментуючы прыняцце палітычным камітэтам, а таксама камітэтам па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях ПА АБСЕ рэзалюцый, што ўтрымліваюць пункты аб сітуацыі ў Беларусі, Гумінскі зазначыў: «Гэта асабіста Хольм унёс дзве папраўкі. На жаль, нягледзячы на тое, што я выступаў па іх з абвяржэннем, большасць, як заўсёды, моўчкі прагаласавала па іх». «Але вельмі многія былі і супраць. Пакуль мы не бачым нейкай канструктыўнасці ў дзеяннях Хольма», — дадаў Віктар Гумінскі.

***

Камітэт па дэмакратыі і правах чалавека заклікаў Беларусь неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязняў. «Я мяркую, гэты пункт павінен уключацца ў гэту рэзалюцыю заўсёды, калі яна прымаецца. Ні ў адной нармальнай краіне, ні ў аднаго нармальнага лідара не павінна быць палітычных вязняў», — заявіў у каментарыі Крысціян Хольм. 

Ён выказаў шкадаванне наконт таго, што сустрэча з беларускай дэлегацыяй не адбылася. «Я спадзяюся, што мы зможам правесці канструктыўныя сустрэчы падчас наступных сесій ПА АБСЕ», — сказаў кіраўнік рабочай групы па Беларусі ў каментарыі БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?