Вядомы расійскі і беларускі спецыяліст Анатоль Байдачны спецыяльна для «Прессбола» падзяліўся ўражаннямі ад чэмпіянату свету-2014. Сярод іншага трэнер закрануў тэму паўфіналу паміж зборнымі Бразіліі і Германіі.
«Немцы згулялі, як немцы. Розум перамог эмоцыі. Хоць мы памятаем, як у 1/8 фіналу яны з цяжкасцю пераадолелі супраціў зборнай Алжыра. Афрыканцы тады выступілі лепш, чым цяпер бразільцы — больш арганізавана, граматна. У «бундэстым» жа вельмі роўны склад, у якім ніхто асабліва не вылучаецца. Усе футбалісты высокага ўзроўню, дзейнічаюць рацыянальна, прадумана. Трэнеру працаваць з такой камандай адно задавальненне.
Тым не менш я падтрымліваў «селесао». Да немцаў дрэнна стаўлюся з дзяцінства. Бо яны палілі, тапталі нашу краіну. У майго бацькі ў сям'і загінулі трынаццаць чалавек, у тым ліку дзеці. Таму ў мяне пра Германію такое меркаванне. Наша пакаленне так выхавана. Здарыцца што заўтра — будзе тое ж самае…»