З сённяшняга дня ў Беларусі ўступаюць сілу папраўкі да Закона «Аб ваенным становішчы». Насуперак меркаванню некаторых, пункт пра ўзброеных асоб без апазнавальных знакаў у форме прысутнічаў і ў ранейшай версіі закона. Новыя пункты датычаць АДКБ і ўжыцця зброі супраць мірных грамадзян.

ukrainianwall.com

ukrainianwall.com

У законе прапісаная фармулёўка «засылка іншай дзяржавай узброеных бандаў (груп), ірэгулярных сіл ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў.

Прысутнасць на тэрыторыі Беларусі так званых «зялёных чалавечкаў» (узброеных асоб без апазнавальных знакаў у форме) афіцыйна лічыцца адным з відаў нападу, якi пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржавы.

Акрамя таго, пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы Беларусь, дастатковай для ўвядзення ваеннага становішча, з'яўляецца канцэнтрацыя ўзброеных сiл iншай дзяржавы ля беларускіх межаў.

Як піша аналітык Дзяніс Мельянцоў на сайце naviny.by, у цэлым новая версія закона структураваная лепш папярэдняй, змяшчае больш выразныя фармулёўкі і больш дэталёва рэгламентуе дзейнасць дзяржаўных органаў і апісвае прававое становішча грамадзян і арганізацый.

Нельга сказаць, што новы закон папярэджвае канфлікт з Расіяй, ён у большай ступені адаптаваны да саюзніцкіх абавязальніцтваў Беларусі ў рамках АДКБ.

Па-першае, нападам на Беларусь цяпер лічыцца акт агрэсіі супраць любой дзяржавы-ўдзельніка АДКБ, чаго раней у законе не было. Гэта значыць, калі талібы нападуць на Таджыкістан, то гэта аўтаматычна лічыцца нападам на Беларусь і можа стаць падставай для ўвядзення ваеннага становішча. Тое самае справядліва, калі Украіна абвесціць ваеннае становішча і будзе весці баявыя дзеянні супраць Расійскай Федэрацыі.

Па-другое, ўдакладнены пералік аб'ектаў для ваеннай пагрозы: цяпер гэта не толькі Рэспубліка Беларусь у цэлым, яе суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць, але і канстытуцыйны лад.

Па-трэцяе, у абноўленым законе больш жорсткі рэжым ваеннага становішча. Да прыкладу, калі раней масавыя мерапрыемствы забараняліся або абмяжоўваліся, то зараз яны забараняюцца без усялякіх умоваў. Раней зброю ў грамадзян маглі часова адбіраць толькі ў выключных выпадках «з улікам сітуацыі», цяпер жа яна проста «часова адбіраецца». Але пры гэтым прыпыненне дзейнасці палітычных партый цяпер не абавязковая мера ваеннага становішча, а ажыццяўляецца «ў выпадку парушэння імі заканадаўства аб ваенным становішчы па рашэнні рэгіструючага органа».

Па-чацвёртае, ўведзены некалькі новых артыкулаў, якія рэгламентуюць ужыванне фізічнай сілы, зброі, спецсродкаў і тэхнікі вайскоўцамі, якія забяспечваюць рэжым ваеннага становішча. Аналіз гэтых артыкулаў дазваляе зрабіць заключэнне, што вайскоўцы і іншыя асобы, якiя прыцягваюцца да забеспячэння ваеннага становішча, маюць права ўжываць сілу і зброю практычна ў любых сітуацыях, у тым ліку супраць бяззбройных грамадзянскіх асоб. Прапісана таксама права на абгрунтаваную прафесійную рызыку. Прычыненне шкоды пры абгрунтаваным прафесійным рызыцы не з'яўляецца правапарушэннем.

Якраз гэтыя артыкулы наводзяць на думку пра ўплыў урокаў канфлікту ў Украіне на аўтараў закона, паколькі такая дэталёвая рэгламентацыя, па ўсёй бачнасці, закліканая ўлічваць магчымасць гібрыднага канфлікту, у тым ліку з удзелам грамадзянскіх асоб, і пазбавіць вайскоўцаў ад магчымых ваганняў адносна правамернасці прымянення зброі у неадназначных сітуацыях.

Іншымі словамі, беларускія заканадаўцы імкнуліся загадзя выключыць сітуацыі накшталт той, калі нібыта «бяззбройныя грамадзяне» вымусілі ўкраінскіх вайскоўцаў перадаць бранятэхніку ў рукі прарасейскіх «апалчэнцаў» у Краматорску ў красавіку 2014, — піша Дзяніс Мельянцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?