Навучальна-баявы самалёт Як-130 у колерах беларускай вайсковай авіяцыі ўпершыню патрапіў у аб'ектывы фатографаў, паведаміў партал russianplanes.net.
Фота было зроблена ў Расіі, адкуль самалёты будуць накіраваныя ў Беларусь.
Беларусь замовіла ў РФ 4 Як-130 яшчэ ў 2012 годзе. Высокаманеўраныя навучальныя машыны, якія можна таксама выкарыстоўваць у якасці лёгкіх штурмавікоў, маюць сучасную электроніку і аэрадынаміку блізкую да гэткай у сучасных знішчальнікаў.
З сакавіка 18 беларускіх тэхнікаў і чацвёра лётчыкаў праходзяць падрыхтоўку для эксплуатацыі Як-130. Потым новыя самалёты будуць перакінутыя ў Ліду.
Беларусь раней выкарыстоўвала для падрыхтоўкі пілотаў чэшскія самалёты L-39, вытворчасць якіх пачалася яшчэ ў 1968 годзе. Лічыцца, што значна больш сучасныя Як-130 будуць лепей падыходзіць для навучання лётчыкаў 21 стагоддзя.
Плюс пры патрэбе Як-130 можа ўзяць на борт да 3000 кг рознага авіяцыйнага стралковага, ракетнага і бомбавага ўзбраення.
Як-130 быў распрацаваны расейскімі інжынерамі ў супрацоўніцтве з італьянскай кампаніяй Aermacchi, аднак на завяршальным этапе распрацоўкі італьянцы выйшлі з партнёрства. Aermacchi атрымала ўсю канструктарскую і тэхнічную дакументацыю на планёр самалёта і зрабіла на гэтай базе сваю ўласную машыну для трэніроўкі лётчыкаў — M-346.
Эксплуатацыя Як-130 у ВПС РФ пачалася ў 2010 годзе.