Федэральная мытная служба Расіі вызначылася з памерам новых пошлін на пасылкі з-за мяжы, паведаміла намеснік кіраўніка ведамства Таццяна Галяндзеева. За адпраўленні коштам ад 22 да 150 еўра ведамства прапануе спаганяць 10-15 еўра. За больш дарагія пасылкі — такую ж суму плюс 30% ад кошту пакупкі. Тавары коштам да 22 еўра пошлінамі абкладацца не будуць.

Па аналагічнай шматступеннай сістэме збораў працуюць краіны Еўрасаюза. Масква прапануе ўвесці такую ж сістэму ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), куды акрамя РФ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан.

Варыянт абавязковага збору па ініцыятыве расійскага боку павінен быў абмяркоўвацца на гэтым тыдні на пасяджэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі, але быў зняты. Пярэчыць супраць увядзення адзінага памеру збору Казахстан.

Улады краіны спасылаюцца на дамову аб ЕАЭС, паводле якой ускосныя падаткі пры імпарце тавараў фізічнымі асобамі не спаганяюцца. Акрамя таго, Беларусь выступае супраць вызвалення асобных катэгорый тавараў ад мытных плацяжоў.

«Калі мы увапромся ў сцяну і не знойдзем кампрамісу, магчыма, Расія ўвядзе свой збор на нацыянальным узроўні, што не хацелася б», — заявіла Галяндзеева. Яна нагадала, што такім правам сёння ўжо карыстаецца, у прыватнасці, Беларусь, дзе ўсталяваныя нормы бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ў паштовых адпраўленнях ніжэй за агульныя ліміты па ЕАЭС.

Аднак прыняцце рашэння «на пяцярых» усё ж такі лепей з пункту гледжання таго, каб не было «перацякання» інтэрнэт-заказаў у сумежныя дзяржавы з больш высокім парогам бяспошліннай дастаўкі, зазначыла яна.

Спрэчнае пытанне на пасяджэнні Савета ЕАЭС на ўзроўні віцэ-прэм'ераў пяці краін плануецца зноў абмеркаваць на наступным тыдні, 2 снежня. Ад Расіі на нарадзе чакаюць першага віцэ-прэм'ера Ігара Шувалава.

Цяпер у Расіі не абкладаюцца пошлінамі пасылкі коштам да 1000 еўра і вагой да 21 кг за адзін каляндарны месяц. Пры перавышэнні ліміту пошліна складае 30%, але не менш за чатыры еўра за 1 кг (спаганяецца з сумы перавышэння парога).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?