Пячаткі княгіняў

Апісваючы падарожжа Еўфрасінні Полацкай у Ерусалім, мы бачылі, што полацкая ігумення мела перад сабой не толькі выключна рэлігійныя мэты. Яна сустракалася са сваім сваяком, візантыйскім імператарам, і відавочна выконвала яго даручэнні. Гэтае назіранне правакуе нас вярнуцца да дзвюх дыскусій — пра статус жанчын у Сярэднявеччы і пра грамадскую ролю жаночай часткі полацкай княскай дынастыі ў ХІІ ст.

Еўфрасіння Полацкая ў сярэдзіне ХІІ ст была ўдзельніцаю вялікіх гістарычных падзей і амаль паўстагоддзя істотна ўплывала на палітыку Полацка. Не толькі ў яе родным горадзе, але і ў іншых цэнтрах Усходняй Еўропы маюцца сляды яе дзейнасці.

На Рурыкавым гарадзішчы Ноўгарада ў 1968 была выяўлена віслая пячатка (була) з жаночай выявай. Такія пячаткі прывешваліся да дакументаў на матузках, а не адціскаліся на паперы ці пергаміне. Практыка выкарыстання віслых пячатак была запазычаная з Візантыі ў канцы X ст., імі замацоўвалі найважнейшыя дакументы. Гэтыя пячаткі былі металічнымі: найчасцей свінцовымі, найрадзей — залатымі.

Пячатка, знойдзеная ў 1968 годзе на Рурыкавым гарадзішчы Ноўгарада.

Пячатка Еўфрасінні была адціснутая на свінцовым коле дыяметрам да 20 мм. Выдатная па мастацкім выкананні і захаванасці, яна ўтрымлівае на адным баку выяву Св. Еўфрасінні з пазначэннем яе імя кругавой легендай: «Госпадзе, дапамажы рабе сваёй Еўфрасінняй называнай». На другім баку — шматфігурная кампазіцыя Перамянення Гасподняга з рэшткамі грэцкага надпісу.

Галоўнай прыкметай для вызначэння прыналежнасці пячаткі паслужыў надпіс: дапамога Божая заклікаецца не проста на «рабу божыю Еўфрасінню», а на «рабу божыю Еўфрасінняй называную», што можа сведчыць пра прыналежнасць булы манахіні. Бо сама Еўфрасіння мела свецкае імя Прадслава, але стала нам вядомай менавіта пад імем, прынятым пасля пострыгу. Такім чынам, пячатка Еўфрасінні была адзіным выпадкам у сфрагістыцы ХІ—ХIV ст. Усходняй Еўропы, якая не ведала манастырскіх ці манаскіх булаў. У сувязі з гэтым расійскі археолаг Валянцін Янін ставіў пытанне: ці не захоўвала Еўфрасіння пасля прыняцца схімы таксама і свецкую ўладу?

Прыгоды з пячаткай Еўфрасінні на гэтым не сканчаюцца. У 2015 падчас раскопак каля муроў Спаскай царквы ў полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры была выяўлена яшчэ адна віслая пячатка ХІІ ст. з надпісам «Госпадзе, памажы рабе сваёй Афрасініі». У гэтым надпісе важна тое, што форма напісання імя Еўфрасінні («Афрасініі») супадае з напісаннем на бакавых тарцах знакамітага Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Пячатка Еўфрасінні Полацкай пасля рэстаўрацыі (знаходка 2015). Галоўны бок пячаткі з выявай Хрыста.

Пячатка Еўфрасінні Полацкай пасля рэстаўрацыі (знаходка 2015). Галоўны бок пячаткі з выявай Хрыста.

Адварот пячаткі з надпісам «Госппадзе, памазі рабе сваёй Афрасініі».

Адварот пячаткі з надпісам «Госппадзе, памазі рабе сваёй Афрасініі».

З-за розначытання імёнаў, дапушчальнага, дарэчы, у Сярэднявеччы, частка даследчыкаў паставіла пад сумнеў прыналежнасць наўгародскай знаходкі полацкай князёўне-ігуменні. Паводле версіі расійскага гісторыка Аляксандра Маёрава, знойдзеная ў Ноўгарадзе пячатка магла належаць Еўфрасінні Галіцкай — маці князя Галіцка-Валынскага і караля Русі Данілы Раманавіча. У Галіцка-Валынскім летапісе яна прыгадваецца як «княгіня Раманава» — паводле імя мужа, князя Рамана Мсціславіча. У 1219 пасля дасягнення сынамі паўналеццця княгіня, магчыма, пад прымусам баяраў, вымушаная была сысці ў манастыр, хоць і надалей брала актыўны ўдзел у палітычным жыцці. У прыватнасці, яна падтрымала прыняццё яе сынам Данілам Раманавічам каралеўскай кароны ад Папы. Гісторыкі разглядаюць два магчымыя імені княгіні ў манастве — Алена ці Ганна. Прыгаданы ўжо Аляксандр Маёраў па выніках супастаўлення візантыйскіх крыніц даводзіць, што Ганна мела свецкае імя Еўфрасіння ды была дачкой імператара Ісака ІІ Анёла і Ірыны Палеалог. Трывалай глебы гэтых версій у крыніцах няма.

Жыла ў ХІІ ст. і яшчэ адна Еўфрасіння, вядомая нам паводле імя свайго бацькі галіцкага князя Яраслава Уладзіміравіча Асмамысла. Гэта тая самая Яраслаўна — адзін з цэнтральных персанажаў «Слова пра паход Ігараў», жонка ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча. «Плач Яраслаўны», якім пачынаецца трэцяя частка «Слова», лічыцца адным з самых паэтычных фрагментаў гэтага літаратурнага помніка, а сама Еўфрасіння Яраслаўна лічыцца сімвалам вернасці жонкі свайму мужу.

На гэтым княская жаночая сфрагістыка Полацка не сканчаецца. У пачатку 1960-х у Ноўгарадзе, а затым і ў латвійскім Кокнесе — старажытным полацкім фарпосце Кукейносе — былі знойдзеныя свінцовыя булы сярэдзіны ХІІ ст. з выявай святых Сафіі і Георгія.

Пячатка Георгія і Сафіі, бацькоў Еўфрасінні Полацкай.

Пячатка Георгія і Сафіі, бацькоў Еўфрасінні Полацкай.

Крыж Еўфрасінні Полацкай, апроч выявы св. Еўфрасінні, таксама мае выявы святых Георгія і Сафіі. Бацькам Еўфрасінні Полацкай быў князь Святаслаў Васільевіч; «Жыціе» св. Еўфрасінні называе яго яшчэ Святаславам Георгіем. Такім чынам, мяркуецца, што выява св. Сафіі на тым жа крыжы павінна ўвасабляць хрысціянскае імя маці Еўфрасінні. Таму Сафіі, жонцы князя Святаслава Георгія, і прыпісваецца выява на буле.

Ці існаваў «полацкі матрыярхат»?

Такім чынам, усе княскія пячаткі Полацка ХІІ ст. належаць ці маюць дачыненне да жанчын. Валянцін Янін называе гэта ўражваючым фактам, які можна растлумачыць толькі адным спосабам.

Пасля разгрому Полацка кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1129 у Візантыю былі высланыя амаль усе мужчынскія прадстаўнікі Полацкага княскага дому. І хоць паступова князі і княжычы пачынаюць вяртацца, падзеі 1129 на заўважны тэрмін усталявалі новы статус княскай улады ў Полацку альбо прынамсі, новы статус замяшчэння ў ім княскага стала.

Валянцін Янін лічыў гэта ўнікальнай палітычнай з’явай, якой ён даў назву «полацкі матрыярхат». Паводле гэтай канцэпцыі, жонкі полацкіх князёў, высланых у Візантыю, у 1130—1150-я замяшчалі ў палітычным жыцці сваіх мужоў.

Усё ж па-за межамі гэтай канцэпцыі застаецца той факт, што ў 1132 Полацк пазбавіўся ўлады кіеўскага стаўленіка Святаполка і абраў князем роднага брата Еўфрасінні Васілька Святаславіча. Пасля палачане адмовілі ў даверы Рагвалоду-Давыду, а ў 1158 г. зноў захацелі бачыць яго на пасадзе. Усобіцы адбываліся таксама ў 1162 г. і ў 1167 г. вакол Менска, Заслаўя і Літвы. У гэтай сувязі аўтар «Жыція» Еўфрасінні Полацкай падкрэслівае, што князёўна-ігумення не хацела бачыць ворагамі «ні князя з князем, ні баярына з баярынам, ні служаніна са служанінам — але ўсіх хацела мець як адну душу».

Цяжка рэканструяваць маштабы і механізмы палітычнай улады Еўфрасінні і яе маці Сафіі. Але мы можам сцвердзіць экстраардынарны ўплыў жанчын Полацкага княскага дому не толькі на ўзаемаадносіны ўнутры роду, але таксама на культурнае развіццё і палітычныя працэсы ў Полацкай зямлі.

Статус жанчыны ў Сярэднявеччы

Сярэднявечная культура стала важным этапам у фармаванні сучасных уяўленняў пра жанчыну. Менавіта ў Сярэднявеччы для жанчыны была распрацаваная найбольш разгорнутая і аргументаваная канцэпцыя недасканаласці. Кансерватыўнае прачытанне хрысціянскіх тэкстаў стварала ідэалагічную базу для такой патрыярхальнай традыцыі.

Калі казаць пра Стары Запавет, велізарны ўплыў на канцэпцыю жаночай прыроды мелі два эпізоды: стварэнне чалавека і грэхападзенне. Каб давесці, што жанчына з’яўляецца недасканалай у інтэлектуальным, фізічным і маральным аспектах, сярэднявечныя тэолагі прыводзілі два доказы: 1) жанчына была створана Богам не адначасова з мужчынам, а пасля яго, з яго ж рабра; 2) мізагіны — ненавіснікі жанчын падкрэслівалі, што ў аповедзе пра стварэнне чалавека не прыгадваецца, каб Бог удыхнуў у Еву жывую душу. Фактычна, гэта вяло да адмаўлення чалавечай прыроды жанчыны.

Але яшчэ ў разгар схаластычных дыскусій аб прыродзе Хрыста Ева была «рэабілітаваная». Хрыстос, які быў сынам Госпада і Панны Марыі, жанчыны, атрымаў богачалавечую прыроду. І гэта адкрывала шлях да апалогіі жанчыны, а Божая Маці стала сімвалізаваць дабрадзейнасці жанчыны: памяркоўнасць, замкнёнасць, сарамлівасць, здаровы розум, стараннасць, чыстасць, паслухмянасць, пакору, веру. Такім чынам, з сярэднявечнай хрысціянскай культуры выйшлі два жаночыя вобразы-антыподы: Ева, вінаватая ў грэхападзенні, і Марыя, маці Хрыста.

Для жанчын высокіх сацыяльных станаў фактычна адзінай і самай прадукцыйнай сферай дзейнасці была сям’я. Павышэнне статусу жанчыны ў Еўропе адбывалася на працягу ХІ—ХІІ ст. і звязанае было з умацаваннем сеньёрыяльнай сістэмы, калі жанчыне ўсё часцей перадаваліся правы распараджэння родавай маёмасцю. А ўрачысты царкоўны шлюб дапамог сацыялізацыі асноўных ролевых функцый жанчыны. Культ Панны Марыі і сакрамант шлюбу сталі відам аховы для жанчын.

У феномене ж дзейнасці Еўфрасінні Полацкай мы бачым спалучэнне дзвюх функцый — родавай рэпрэзентацыі і манаства. Спецыфічныя ўмовы ХІІ ст. — палітычная дэзынтэграцыя і, адначасова, культурны росквіт — забяспечылі Еўфрасінні магчымасць і легітымнасць палітычнага ўплыву ў патрыярхальным грамадстве.

Легенда пра Святохну

Але Еўфрасінняю Полацкай лік выбітных полацкіх жанчын ХІІ ст. не сканчаецца. Легенда даносіць да нас звесткі пра драматычныя падзеі ў Полацку пры канцы гэтага стагоддзя. Гаворка вядзецца пра выпіскі, зробленыя расійскім гістарыёграфам XVIII ст. Васілём Тацішчавым (1686—1750) у яго «Гісторыі Расійскай» нібыта з Полацкага летапісу. Мы можам толькі гіпатэтычна дапускаць існаванне падобнага летапіснага помніка, які нібыта загінуў падчас пажару ў Маскве 1812.

Тацішчаў апісваў часы кіравання полацкага князя Барыса Давыдавіча, які другім шлюбам ажаніўся са Святохнай, дачкой паморскага князя Казіміра. Паводле расійскага гістарыёграфа (і Полацкага летапісу) Святохна была жанчынай прыгожай і хітрай. Фармальна прыняўшы праваслаўе, яна не адпусціла ад сябе лацінскага святара і заставалася вернай веры «папежскай». А са Святохнаю ў Полацк прыйшло таксама шмат «знатных і подлых» памаранаў.

У гэтым шлюбе ў полацкай княскай сям’і нарадзіўся сын Уладзімір, якога Святохна называла Войцехам. А Барыс Давыдавіч ад паперэдняга шлюбу меў сыноў Васільку і Вячку. Паводле Тацішчава, Святохна інтрыгавала супраць пасынкаў, жадаючы расчысціць шлях да княскага пасаду свайму сыну. У той жа час маладыя княжычы былі папулярнымі сярод полацкага люду. Каб пазбегнуць эскалацыі, Васілька і Вячка самі папрасіліся ў бацькі адпусціць іх у Дзвінскую воласць. Барыс з неахвотай даў сынам княжанні. Святохна ж, карыстаючыся адсутнасцю пасынкаў у Полацку, пачала прыгнятаць іх прыхільнікаў і вылучаць на важныя пасады сваіх людзей, у тым ліку памаранаў.

Палачане былі незадаволеныя і патрабавалі выгнання памаранаў і вяртання старэйшых Барысавічаў у Полацк. У гэтай сітуацыі Святохна ад імя сваіх галоўных праціўнікаў — тысяцкага Сымона, пасадніка Воіна і ключніка Дабрыні — сфабрыкавала ліст да Васількі і Вячкі, у якім прапаноўвалася пазбавіць Барыса княскага пасаду, а саму Святохну і Уладзіміра-Войцеха пакараць смерцю. Ліст быў перададзены легкавернаму Барысу Давыдавічу. Абылганыя баяры кляліся ў невінаватасці, але прыхільнікі Святохны забілі іх.

Усё ж Васілька Барысавіч знайшоў спосаб выкрыць паклёп мачахі. І ў дзень св. Спаса (1 ці 6 жніўня) палачане па сігнале вечавога звана схапілі Святохну, якая «замкнулася ў істопцы», узялі яе пад варту, а ўсіх памаран пабілі або выгналі, парабаваўшы іх дамы. Не зрабіўшы зла князю Барысу, палачане паслалі ў Дзвінскую вобласць па Васільку. На гэтым аповед Тацішчава сканчаецца.

Легенда пра Святохну выклікала спрэчкі яшчэ ў ХІХ ст. У 1850-я расійскі гісторык Лыжын выказаў меркаванне, што гэта не пераказ гістарычных паведамленняў, а палітычны памфлет супраць нямецкага засілля пры расійскім двары ў часы імператрыцы Ганны Іаанаўны і яе фаварыта Эрнста Ёгана Бірона.

Аўтары другой паловы XVIII ст. выяўлялі Бірона злым геніем Расіі. Яго вінавацілі ў панаванні замежнікаў, жорсткасці і пакараннях, раскраданні дзяржаўнага скарбу. Расіяй сапраўды кіравалі ў значнай ступені замежнікі, але яны былі вылучэнцамі Пятра І і непрымірымымі ворагамі Бірона. Праўда, Бірон быў невысокага меркавання пра расіянаў і не хаваў гэтага. У той жа час ён імкнуўся не раздражняць новых суайчыннікаў непавагаю да іх звычаяў. Палітычных пераследаў у часы царавання Ганны Іаанаўны было сапраўды шмат, але не Бірон быў у іх зацікаўлены. Палітычны тэрор адбываўся паводле жадання імператрыцы і ў інтарэсах асобаў, якія забяспечвалі яе неабмежаваную ўладу. І хоць «чорная легенда» Бірона пачала складвацца яшчэ пры яго жыцці, але ўсе злоўжыванні ўладай пры Ганне Іаанаўне сталі звязваць з засіллем немцаў пры двары ўжо патрыятычныя прадстаўнікі расійскага грамадства ХІХ ст., якія і вынайшлі гэты тэрмін — «біронаўшчына». Тацішчаў жа быў сучаснікам бурлівых падзеяў сярэдзіны XVIII ст. Ці спрацоўвае ў такім выпадку версія пра антыбіронаўскі памфлет? Няма перакаўнаўчых аргументаў. А нават палітычнае выкарыстанне гістарычных сюжэтаў не супярэчыць наяўнасці пэўнай базы крыніцаў для іх.

Ужо ў канцы ХХ ст. беларускі гісторык Аляксей Сапуноў бачыў у аснове легенды пра Святохну прыгодную для выкарыстання гістарычную крыніцу, якая адлюстроўвае рэальнае жыццё Полацка пачатку ХІІІ ст. Ён першы звярнуў увагу, што многія персанажы легенды невядомыя рускім крыніцам, але фігуруюць у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага. Гэта князі полацкіх фарпостаў (ці васальных латгальскіх княстваў — «Дзвінскай воласці») Вячка Кукенойскі і Усевалад (Васілька?) Герцыкскі; полацкі князь пачатку ХІІІ ст. Уладзімір.

Іншыя даследчыкі даводзяць, што Тацішчаў не выкарыстоўваў звестак з «Хронікі Лівоніі», першае выданне якой выйшла ў 1740. Гэты год прынцыповы. 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1740 у Расіі быў пакараны смерцю архітэктар і вяльможа Пётр Яропкін. Паводле яго праекту была ўзведзеная адна з забавак імператрыцы Ганны, «Ледзяны дом», які растаяў у красавіку 1740 г. Яропкін уваходзіў у апазіцыю да палітыкі Ганны Іаанаўны і як змоўшчык быў пазбаўлены галавы разам са сваімі патронамі з найвышэйшай эліты на чале з кабінет-міністрам Арцеміем Валынскім.

Расійскі архітэктар Пятро Яропкін (1698—1740), уладальнік меркаванага спісу Полацкага летапісу (гравюра Георгія Грачова).

Расійскі архітэктар Пятро Яропкін (1698—1740), уладальнік меркаванага спісу Полацкага летапісу (гравюра Георгія Грачова).

Тацішчаў адзначаў, што «Полацкім летапісам» ён карыстаўся з «летапісу Яропкіна», які «папаўняў [яго] ў Полацку; бо ў ім шмат пра полацкіх, віцебскіх і іншых літоўскіх князёў пісана». Расійскі гісторык Лыжын лічыў Яропкіна і аўтарам антыбіранаўскага памфлета. Але Яропкін, тым больш у вязніцы і на пласе, не мог убачыць франкфурцка-лейпцыгскае выданне Генрыха Латвійскага.

У Тацішчава ж ёсць праблема з храналогіяй — ён пазначае пачатак гісторыі 1217-м. Хоць цяпер княжанне пляменніка Еўфрасінні Полацкай Барыса Давыдавіча датуюць 1180—1186 гадамі. Польскія генеолагі, у сваю чаргу, знаходзяць меркаванага бацьку Святохны — ім мог быць Казімір І (1138—1180), князь Паморскі, Шчэцінскі і Дыміньскі, заваёўнік апошняй цвердзі балтыйскіх славянаў-паганцаў — выспы Руген (сёння нямецкая Пярэдняя Памеранія). У 1186 Казімір Дыміньскі разам з братам Багуславам захапіў і разрабаваў легендарныя скарбы храма Святавіта ў Арконе на Ругене. Пасля заваявання жыхары Ругена былі хрысціянізаваныя. Калі Святохна сапраўды была дачкой Казіміра І, робіцца зразумелым, чаму для яе пытанне каталіцкай веры было такім важным — гэта вынікала з родавай легітымацыі дынастыі паморскіх князёў.

Святавіт — ідал боства ў храме Аркона(паводле апісання Саксона Граматыка)

Святавіт — ідал боства ў храме Аркона
(паводле апісання Саксона Граматыка)

Падсумуем: пры ўсіх супярэчнасцях легенды пра Святохну багата што ў ёй мае адпаведнікі ў іншых крыніцах. Зразумелым выглядае і палітыка-культурны кантэкст легенды. Адзначым толькі, што звесткі з крыніцы маглі прайсці шлях трансфармацыі, пакуль трапілі ў кампендыум Тацішчава. Таму ўсе падзеі і дэталі легенды не варта ўспрымаць даслоўна. Расійскае маралізатарства першай паловы XVIII ст. таксама магло паўплываць на канчатковую версію падання.

У любым выпадку полацкае ХІІ стагоддзе адзначана моцным адбіткам жаночай індывідуальнасці, рэдкім для Сярэднявечча. Полацкія жанчыны парушылі «гендарны баланс» патрыярхальнага грамадства і паспрабавалі праводзіць уласную палітыку і культурную стратэгію.

Многіх персанажаў гэтай гісторыі з канца ХІІ ст. мы сустрэнем у далейшых выпусках «Гісторыі Беларусі». Гэта ўжо будуць сюжэты пра цывілізацыйнае пранікненне немцаў ва Усходнюю Балтыю ў пачатку ХІІІ стагоддзя і няпэўнасць Полацка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?