Сірыйскія паўстанцы, па паведамленні СМІ, абезгаловілі хлопчыка з палесціна-сірыйскай групоўкі «Брыгада Аль-Кудс», што ваюе на баку сірыйскіх урадавых войскаў у Алепа.

Два відэаролікі, на якіх заснята расправа над дзіцем, з'явіліся ў інтэрнэце ў аўторак. На першым пяцёра мужчын сядзяць у кузаве пікапа і трымаюць хлопчыка, якому на выгляд 10—13 гадоў.

Адзін з мужчын кажа: «У «Брыгады Аль-Кудс» няма мужчын, раз яны пасылаюць нам дзяцей» [цытата па Los Angeles Times]. Іншы дадае: «Вось твае сабакі, Башар» — звяртаючыся, відаць, да прэзідэнта Сірыі Башара Асада.

На другім відэароліку адзін з баевікоў хапае хлопчыка за валасы, перакульвае яго на падлогу кузава, пасля чаго адразае яму галаву.

Апазіцыйны сірыйскі сайт Enab Baladi піша, што хлопчык быў захоплены ў палон недалёка ад Алепа мясцовай паўстанцкай групоўкай «Харак Нур ад-Дын аз-Зінка». Да верасня мінулага года яна атрымлівала фінансавую і ваенную дапамогу ад ЗША, паведамляе Los Angeles Times. Сярод спонсараў групоўкі былі таксама, па некаторых дадзеных, ўрады Турцыі, Катара, Францыі і Вялікабрытаніі.

Пазней СМІ распаўсюдзілі заяву лідараў групоўкі, якія асудзілі забойства хлопчыка і паабяцалі расследаваць абставіны здарэння. Разам з тым у паведамленні падкрэслівалася, што сапраўдная віна ляжыць на міжнароднай супольнасці, якая «захоўвае маўчанне з нагоды злачынстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам» Башара Асада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?