Бацькі двух з чатырох амерыканцаў, якія загінулі ў выніку нападу на дыпмісію ЗША ў Бенгазі, Лівія, у 2012 годзе, падалі пазоў супраць кандыдата на пасаду прэзідэнта ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан, паведамляе Fox News.

Пазоў паступіў у акруговы суд акругі Калумбія. Бацькі супрацоўніка дыпслужбы Шона Сміта і былога спецназаўца Тайрана Вудса лічаць, што Клінтан вінаватая ў смерці іх дзяцей, а таксама ў паклёпніцкіх выказваннях у іх адрас і прычыненні эмацыйных пакут родным загінулых.

Пазоўнікі палічылі, што выкарыстанне Клінтан прыватнага сервера электроннай пошты спрыялі гібелі Сміта і Вудса, паколькі тэрарысты змаглі атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне пасла Крыстафера Стывенса, а затым арганізаваць, спланаваць і ажыццявіць напады 11 верасня 2012 года.

Бацькі загінулых таксама лічаць, што Клінтан зганьбіла іх у заявах для СМІ. «Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Клінтан безадказна або зламысна ганьбіла пазоўнікаў. Альбо прама называла іх хлусамі, альбо намякала на тое, што яны падманваюць. З дапамогай гэтых заяў Клінтан спрабавала палепшыць свой імідж», — гаворыцца ў позве. Акрамя таго, пазоўнікі лічаць, што яна нанесла ім маральную шкоду, а таксама спрабавала як мінімум чатыры разы прымусіць іх замаўчаць, каб яны не ўздымалі пытанне аб нападзе ў Бенгазі.

Гібель чатырох амерыканцаў у Бенгазі 11 верасня 2012 стала адным з галоўных пунктаў абвінавачванняў супраць Хілары Клінтан, якая ў той час была Дзяржсакратаром. Пры нападзе загінуў амбасадар Крыстафер Стывенс. Вашынгтон заявіў, што грамадзяне ЗША загінулі пры спантаннай акцыі пратэсту мусульман у адказ на трэйлер фільма «Нявіннасць мусульман», які быў выкладзены на відэахостынгу YouTube.

У гэты час у ЗША праходзіла прэзідэнцкая гонка, у фінале якой на другі тэрмін быў пераабраны Барак Абама. Ужо ў 2013 годзе, пасля таго, як Абама заняў Авальны кабінет на другі тэрмін, з'явіліся абвінавачванні, што афіцыйныя асобы, якія асвятлялі канфлікт, у тым ліку Клінтан, хлусілі. Палітычныя праціўнікі дэмакратаў абвінавацілі іх у тым, што аб характары нападу было вядома ўжо ў той момант — гэта былі не спантанныя пратэсты, а тэракт. Больш за тое, Дзярждэп папракалі ў тым, што бой на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва доўжыўся некалькі гадзін і за гэты час войска магло аказаць дапамогу амерыканцам, але не зрабіла гэтага.

Расследаваннем інцыдэнту займалася спецыяльная камісія кангрэса. Свае паказанні давала камісіі і Клінтан. Яна ўзяла на сябе адказнасць за тое, што адбылося ў Бенгазі і заявіла, што пасля гэтага нападу правяла цэлы шэраг рэформ па ўзмацненні бяспекі амерыканскіх дыпламатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?