Як не памыліцца, абіраючы гурткі для дзіцяці? Як, наогул, не выпусціць з-пад увагі здольнасці дачкі ці сына, якія могуць стаць вызначальнымі для іх жыцця?

Мнагадзетная маці, а таксама вядучая групавых заняткаў ў Сетцы цэнтраў дзіцячага развіцця «Бэбі-Клаб», педагог-псіхолаг з 15-гадовым досведам Святлана Ліпкіна дапамагла нам скласці ТОП самых распаўсюджаных міфаў, у якія часта неапраўдана вераць бацькі. 

6. Разгледзець здольнасці дзіцяці ў першыя гады немагчыма, усе дзеці аднолькавыя

Многія здольнасці і схільнасці дзіцяці выяўляюцца ўжо ва ўзросце да 3-х гадоў, і ўважлівая мама мусіць гэта ўбачыць. Важна назіраць за дзіцём, прапаноўваючы яму розныя віды дзейнасці, звяртаючы ўвагу на тое, да чаго ў яго праяўляецца максімальны інтарэс. Чым вашая малеча гатова займацца доўга і з радасцю? Гэта і ёсць той кірунак, у якім варта было б развівацца. 

Не забывайцеся, што для дзіцяці на першых гадах жыцця пры любой дзейнасці вельмі важная эмацыйная рэакцыя мамы. З аднаго боку, маці эмацыйна «заражае» сваё дзіця ўласнымі інтарэсамі. Напрыклад, калі яна ў захапленні ад музыкі, будзе падпяваць ў машыне песні ці танчыць, гэта, безумоўна, узмоцніць і музычны імпэт дзіцяці. З іншага боку, дзіця нібы тэстуе матуліну рэакцыю: што з яго дзейнасці маці падмацоўвае сваёй пазітыўнай увагай (воплескамі, усмешкай, пахвалой) … 

5. Дзіцячыя развівальныя цэнтры дзецям не патрэбны, усё тое ж самае можна рабіць і дома

Можна, але складана. І эфект малаімаверны. Прапанаваць дома мноства відаў дзейнасці з вялікай колькасцю навучальных матэрыялаў і ў асяроддзі іншых дзяцей, а не толькі педагогаў і мамы, складана. Дзіцячыя цэнтры — гэта, па сутнасці, ранняя дыягностыка і магчымасць даць дзіцяці разнастайны досвед. А яшчэ цэнтры — гэта і школа для маці, дзе яна можа ўбачыць і зразумець, чым займацца з дзіцем, і паспрабаваць усе гэтыя віды дзейнасці. 

Ёсць мамы, якія адносяцца да хатніх заняткаў вельмі сур'ёзна. А дзіця пратэстуе. Яно хоча гуляць. У развіццёвым цэнтры пазнавальную дзейнасць педагог можа прапанаваць у выглядзе гульні і навучыць гэтаму маму.

4. Прыйшоўшы на заняткі, дзіця адразу выяўляе свае здольнасці

 

Не заўсёды і не ўсе дзеці здольныя з першага ж занятку праявіць сябе. Многія прыглядаюцца і больш-менш разняволена сябе адчуваюць толькі на трэцім-чацвёртым занятку. Таксама важна глядзець на стасункі дзіцяці і педагога. Кагосьці можа адштурхнуць гучнасць голасу педагога, у некага можа не супасці эмацыйны фон, а хтосьці проста будзе напружана ставіцца да жанчын-брунетак, але радасна бегчы займацца да светлавалосага педагога. Для дзяўчынак, напрыклад, вельмі важна, каб заняткі вяла маладая жанчына ў прыгожай сукенцы. Да такой яны значна больш ахвотна ідуць на кантакт. Заўсёды варта глядзець на рэакцыю дзіцяці. 

Калі заняткі «не ідуць» пасля 1-2 месяцаў спробаў, мае сэнс задумацца пра змену педагога або месца заняткаў. Узгадайце: у школе нам тыя прадметы даваліся лёгка і цікава, якімі мог зацікавіць нас канкрэтны настаўнік — чалавек, які быў нам цікавы і выклікаў давер. 

Педагог, які вядзе некалькі груп і адначасова бачыць 30-40 дзетак аднаго ўзросту, здольны разгледзець здольнасці дзіцяці і параіць бацькам, у якім кірунку развівацца. Скажам, дзеці толькі пачынаюць рабіць простыя скачкі на месцы, а нехта з групы скача вельмі высока, пераскоквае перашкоды, тады педагог рэкамендуе заняткі, звязаныя з рухальнай актыўнасцю і спортам.

3. Танны дзіцячы цэнтр прыносіць столькі ж карысці, колькі і дарагі

У дарагіх цэнтрах, як правіла, працуюць больш дасведчаныя педагогі. У іх маленькія групы: напрыклад, па 6 чалавек замест 12-14. А чым менш дзяцей у групе, тым лягчэй педагогу надаць індывідуальную ўвагу кожнаму, адшукаць індывідуальны падыход. Дадайце да гэтага кошт «расходнікаў» і навучальных матэрыялаў, аплату арэнды памяшканняў. Атрымліваецца, што бясплатнымі або вельмі таннымі такія заняткі ў прынцыпе быць не могуць.

Між тым, разумныя дырэктары цэнтраў, устанаўліваючы цэны на заняткі ў групах з дзецьмі самага ранняга ўзросту, улічваюць, што звычайна ў сем'ях з малымі дзецьмі зарабляе толькі бацька, а значыць, бюджэт абмежаваны. 

2. Калі дзіця капрызіць і не хоча займацца, не варта звяртаць на гэта ўвагі. Трэба перацярпець, бо дысцыпліна ў занятках важная не меней за іх змест

Гэта ў корані няправільнае ўяўленне, якім, на жаль, «грашаць» многія беларускія бацькі. Дзіця не трэба вадзіць на заняткі, калі яму нецікава! Бацькоўскія амбіцыі і перфекцыянізм мам не павінны пазбаўляць малечу дзяцінства і пазітыўных эмоцый. Адна справа — хадзіць часам з мамай у басейн плюхацца ў сваё задавальненне, а зусім іншае — займацца там рэгулярна пад кіраўніцтвам трэнера, які нечага патрабуе і пастаянна параўноўвае цябе з іншымі дзецьмі. Гэта падыходзіць не кожнаму. 

Дарэчы, многія таты і мамы блытаюць свае бацькоўскія амбіцыі з патрэбамі дзіцяці. Вельмі няпроста бацькам адсачыць, калі іх жаданне адвесці дзіця ў пэўны гурток звязана з магчымасцямі і інтарэсамі дзіцяці, а калі вынікае з уласнай юнацкай нерэалізаванасці. У гэтым можа дапамагчы сапраўдная блізкасць са сваім дзіцем, давернасць, калі дзіця можа дзяліцца з бацькамі сваімі страхамі, жаданнямі, марамі, і ведае, што яго зразумеюць і падтрымаюць. 

1. Дзіця павінна развівацца гарманічна. Калі яно мае поспехі ў фізічным развіцці, трэба дацягваць да высокага ўзроўню інтэлектуальны складнік і наадварот

Гэта вядомы міф, які склаўся яшчэ ў савецкай педагогіцы. Тады лічылася, што дзіця павінна быць усебакова развітым і паспяховым ва ўсім. А хіба можа быць дзіця аднолькава паспяховам ва ўсіх сферах адразу? Гэта ўтопія. 

Многія бацькі, асабліва мінчукі, лічаць, што дзеці абавязкова павінны наведваць спартовыя секцыі, інтэлектуальныя трэніроўкі, выяўленчае мастацтва, басейн, тэатральную студыю. У выніку мы маем высокія бацькоўскія чаканні ад дзяцей і мноства неўралагічных і псіхалагічных праблем перагружаных дзяцей. Мы забываемся, што секцыі і заняткі не павінны падмяняць сям'ю. Дзіця павінна жыць у сям'і, а не ў садку ці развіваючых занятках. Заўсёды мусіць быць час пагуляць, адпачыць, пагаварыць і проста пабыць з сям'ёй. 

Рэйтынг складзены на падставе інфармацыі і назіранняў экспертаў сеткі цэнтраў дзіцячага развіцця «Бэбі-Клаб». Безумоўна, нехта можа не пагадзіцца з ім. У кожнага свая шкала перавагаў, свае міфы і свая вера ў іх. У любым выпадку не забывайцеся: бацькоўскія памылкі непазбежна адбіваюцца на лёсе дзіцяці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0