Мінскі гарадскі суд прысудзіў былога генеральнага дырэктара ДВА «Мінскбуд» да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, перадае БЕЛТА.

Суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным, насуперак інтарэсам службы, учыненні службовай асобай з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам і цяжкія наступствы. У яго канфіскуюць маёмасць і пазбавяць права займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Сярод іншых фігурантаў справы — былы першы намеснік гендырэктара, які ў некаторыя перыяды часу таксама быў выконваючым пасаду гендырэктара. Яго прысудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў узяты пад варту ў зале суда. Начальнік аддзела і яе намеснік асуджаныя на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай асноўнага і дадатковага пакарання на тэрмін два гады. Што тычыцца галоўнага бухгалтара, яна апраўданая па ч. 3 арт. 426, але ў цяперашні час адбывае пакаранне за іншыя злачынствы па прысудзе суда Партызанскага раёна, які ў 2015 годзе прызначыў ёй дзевяць гадоў пазбаўлення волі.

Крымінальная справа распачыналася на падставе матэрыялаў аператыўна-вышуковай дзейнасці і даследчай праверкі ГУБЭЗ КМ МУС Беларусі і УБЭП КМ ГУУС Мінгарвыканкама. Сумесныя праверачныя мерапрыемствы праводзіліся з 2013 па 2014 год. Як выяўлена следствам, былыя топ-менеджары гэтай арганізацыі з жніўня 2009 па верасень 2010 года пры ажыццяўленні аб'яднаннем функцый заказчыка будаўніцтва злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі і перавысілі іх, што пацягнула прычыненне шкоды на суму звыш Br17 млрд (да дэнамінацыі), а таксама прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам і інтарэсам ДВА «Мінскбуд».

Пацярпелымі па крымінальнай справе праходзілі больш за 500 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0