У Мядзельскім раёне 23-гадовы трактарыст і 13-гадовая школьніца пакахалі адно аднаго. За сэкс з непаўналетняй мужчына адкажа па крымінальным артыкуле.
Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў супраць маладога чалавека крымінальную справу за сэксуальныя адносіны з васьмікласніцай.
Намеснік начальніка Мядзельскага РАСК Міхаіл Сакалдынскі распавёў Край.бай:
— Дзяўчынцы цяпер 14 гадоў. Пра яе стасункі з абвінавачаным стала вядома ў гэтым месяцы, калі яна прыходзіла на прыём да гінеколага. У доктара высветлілася, што непаўналетняя жыве палавым жыццём. Дзяўчынцы давялося прызнацца доктару, маці і супрацоўнікам міліцыі, калі і пры якіх абставінах яна страціла цноту.
Гісторыя адбылася ўлетку мінулага года ў адной з вёсак Мядзельскага раёна. На той момант 13-гадовая школьніца толькі перайшла ў восьмы клас.
Па словах Міхаіла Сакалдынскага, жыла дзяўчынка ў Мядзелі з маці ў нешчаслівай сям'і. Стаяла на ўліку ў інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх за ўжыванне спіртных напояў.
Бацькі ў разводзе, і на летнія вакацыі школьніца адправілася ў вёску да бацькі. Там і пазнаёмілася з 23-гадовым трактарыстам мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Малады мужчына і дзяўчынка пасябравалі, кожны дзень праводзілі разам. Ён на працы катаў сяброўку на трактары.
Неяк трактарыст і школьніца прыехалі на ферму па ваду. Тут сяброўскія адносіны перайшлі ў іншую плоскасць. Закаханыя дамовіліся нікому пра гэта не распавядаць. І таямніца захоўвалася на працягу года, да візіту дзяўчынкі да гінеколага.
— Мужчына прызнае сваю віну, — распавядае Міхаіл Сакалдынскі. — Кажа, што ведаў пра тое, што яго сяброўка не дасягнула 16-гадовага ўзросту, але ж у іх каханне. І, потым, яны спадзяваліся, што гэтая сувязь застанецца іх таямніцай.
Дзяўчынка і яе бацькі да абвінавачанага не маюць ніякіх прэтэнзій і заяву на яго пісаць адмовіліся.
Але заявы ад пацярпелай следству па гэтым артыкуле і не трэба. Мужчына ў кожным разе адкажа перад законам.
Справа заведзеная па першай частцы артыкула 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Палавыя зносіны, учынены асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, з асобай, якая заведама не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту».
Злачынства караецца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам.
Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачанага не абіралася. Да суда ён будзе знаходзіцца на свабодзе.