Міністэрства аховы здароўя прапануе абмежаваць час продажу алкаголю, у тым ліку і піва, па ўсёй краіне і рэалізоўваць яго толькі ад 9 раніцы да 23 гадзін вечара. Пасля гэтага часу яго могуць прадаваць толькі ў кавярнях і рэстаранах. Пра гэта журналістам распавёў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў.

Паводле яго слоў, над праектам прававога нарматыўнага акту ў ліку іншых працуюць МУС і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Міністэрства аховы здароўя свае прапановы ўнёс яшчэ ў красавіку гэтага года.

 - Мы разам з МУС адсочвалі статыстычную інфармацыю. Ёсць выразная доказная база, што ў вялікай ступені злачынствы ноччу і познім вечарам звязаны з ужываннем алкаголю. Іх здзяйсняюць падпітыя людзі, - тлумачыць Іван Канаразаў.

У мінулым годзе ў праекце антыалкагольнага указа ўжо была прапісаная забарона на продаж спіртнога ад 22.00 да 9.00. Акрамя таго, у крамах плошчай больш за 400 кв. м алкаголь прапаноўвалася купляць толькі ў спецыяльных аддзелах. Аднак указ пакуль не прыняты.

Улетку 2015 года ў Мінску дзейнічалі часовыя абмежаванні на продаж спіртных напояў. З сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алкаголь прадавалі ў гандлёвых кропках ад 9.00 да 22.00. Пасля нарады, на якой Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за нерашучую абарону ўнутранага рынку алкаголю, «начны сухі закон» адмянілі.

Пры гэтым паводле звестак Сусветнай асацыяцыі аховы здароўя, у 2016-м беларусы выпілі 16,4 літра алкаголю на чалавека, і гэта другое месца ў свеце пасля Літвы. Паводле інфармацыі Белстату, у мінулым годзе ў нас прыпадала 8,8 літра на душу насельніцтва. Звесткі адрозніваюцца, бо Белстат дае паказчык продажаў алкаголю. СААЗ, улічваючы ацэнкі экспертаў, выводзіць паказчык спажывання алкаголю. Пры гэтым паказчык продажаў разлічваецца на ўсё насельніцтва, а спажыванне - з улікам груп, якія выпіваюць. Людзей ў веку ад 0 да 15 гадоў тут не лічаць.

На дыспансерным уліку ў краіне на 1 жніўня 2017 года стаіць каля 164 500 хворых на алкагалізм. Пры гэтым у Мінску - каля 35 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?