Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні ў інтэрнэце азнаёміўся з інфармацыяй на некаторых рэсурсах «з пахам жаўцізны». «Прачытаў, што там за некалькі гадоў назапасілі пра Лукашэнку, і, рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, падумаў пра тое, што калі б гэтыя жоўтыя пісакі ведалі, як я напружваю бедных бізнэсменаў, дык яны, напэўна, напалову менш пісалі б паскудства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«У мяне няма звычкі для сябе асабіста нешта прасіць. Ніводны бізнэсовец пра гэта не скажа», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Ён адзначыў важнасць рэалізацыі праекта ў сферы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, асабліва сельскага. Пры гэтым ён канстатаваў, што часам складваецца несправядлівая сітуацыя, калі на вёсцы тавары ў крамах, у тым ліку прадукты, прадаюцца па цэнах даражэйшых, чым у горадзе.

«Не скажу, што нам патрэбна замена белкаапсаюзаўскага гандлю, — патрэбна канкурэнцыя, каб мы бачылі рэальную карціну. І вось тады я папрасіў, каб ты спланаваў у адным з раёнаў Беларусі такую сетку абслугоўвання. І ты мне адназначна заявіў, што гэта будзе па цэнах ніжэй, чым існуючыя. Гэта мяне падкупляе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў выпадку паспяховай рэалізацыі запланаванага ў адным з раёнаў аналагічную схему можна будзе ў наступным выкарыстаць па ўсёй краіне. «Вядома, трэба, каб насельніцтва абслугоўвалася дастойна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Беларусі ўжо склалася сістэма пражывання людзей на вёсцы і ў раёнах ў цэлым.

«Ёсць аграгарадкі, яны стабільныя і сталыя, яны назаўсёды (не думаю, што нехта гэтую сістэму зломіць). У раённым цэнтры павінен быць прыстойны гандлёвы цэнтр, які будзе размеркавальным цэнтрам па ўсім раёне. У аграгарадках павінны быць паменш крамы, але прыстойныя. Там павінны людзі купіць усё, што іх цікавіць. гэта значыць тавар, які ёсць у Мінску, ён павінен быць даступны для нашых вяскоўцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэці ўзровень — вялікія вёскі, якія былі калісьці цэнтрамі калгасаў, саўгасаў, — яны застануцца. Там ёсць крамы, іх трэба прывесці ў парадак. Або пабудаваць просценькую крамку».

Чацвёрты ўзровень, паводле слоў Лукашэнкі, — невялікія вёскі, якія было прынята называць неперспектыўнымі. Разам з тым ён адзначыў, што цяпер актыўна заклікае бізнесменаў прыняць удзел у адраджэнні і навядзенні парадку ў гэтых населеных пунктах, асабліва тых, адкуль яны самі родам. «Гэта ж усё-такі нечая радзіма. І мне ўжо кажуць, што каля тысячы такіх бізнесменаў, якія хочуць адрадзіць сваё радавое гняздо. У адваротным выпадку вёска загіне. Але там пакуль жывуць людзі. Іх трэба, мабыць, абслугоўваць праз аўталаўкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што бізнэс на вёсцы можа паспяхова развівацца, і не толькі гандаль, але і аказанне ў комплексе розных дадатковых паслуг. «Але на паверхні ляжыць гандлёвае абслугоўванне. Вось гэты блок пытанняў я хачу не проста абмеркаваць, а хацеў бы, каб ты годна рэалізаваў без усялякіх празмернасцяў. Бо ты як прыватнік свае грошы проста траціць марна не будзеш і не павінен, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мяне цікавіць, каб ты вельмі эканамічна, прытым аптымальна, стварыў у адным з раёнаў такую сетку, якая і табой, і іншымі гандлёвымі аператарамі будзе рэалізоўвацца па ўсёй краіне».

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў абмеркаваць падрыхтоўку пакета дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу і падтрымцы ў Беларусі прадпрымальніцтва, бо Павел Тапузідзіс быў непасрэдна ўключаны ў гэтую працу.

У сваю чаргу бізнесмен адзначыў, што сацыяльная адказнасць бізнесу на сённяшні дзень вельмі важная. «Сапраўды, людзі павінны адраджаць свае вёскі. Мы ўсе з вёскі. Я нарадзіўся ў глухой вёсцы ў гарах Грузіі. Вы абсалютна слушна кажаце: мы абавязаныя давезці да вёскі тое, што ёсць у горадзе. І пры гэтым мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз — гэта сёння развітая структура ў вёсцы», — сказаў Павел Тапузідзіс.

«Яна ж не толькі гандлюе, але і закупляе ў насельніцтва лішкі прадукцыі — функцыі вялікія», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«У іх гіганцкія сацыяльныя функцыі, таму што людзі на вёсцы павінны атрымліваць увесь комплекс паслуг. Гэта такія ж нашы людзі, такія ж беларусы, і не павінны ні чым быць абмежаваныя», — пагадзіўся Павел Тапузідзіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?