Пакуль знаныя эксперты спрачаюцца, хто куды не паехаў, хто побач з кім сядзеў і каму падмігваў і што гэта значыць для будучыні нашай краіны і ўсялякіх геапалітічных раскладаў, я, як звычайны абывацель, займаўся сваім абывацельскім жыццём. Напрыклад, сустракаўся з даўнішняю сяброўкаю. Тая, з дакладнасцю аўдытара, мне адразу паставіла дыягназ:

— Ты заўжды быў крытыканам і цынікам, чаго ні кранешся, ва ўсім бачыш негатыў. А ў нас тут вось цікавыя працэсы ідуць: зараз усе становяцца больш адкрытымі, сучаснымі, нават справаздачнасць дзяржаўных прадпрыемстваў пераводзяць на міжнародныя стандарты…

— Я лічыў, што ўсяму самаму лепшаму навучыўся ў жанчын, — адказваю. Але пабачыўшы, што не працуе, імітую зацікаўленасць: — А што за прадпрыемствы?

— Ну вось Банк развіцця, напрыклад…

Назаўтра пад ранішнюю каву вырашыў для кармы пачытаць… Сапраўды, ляжыць на сайце, апублікаваная ў верасні. Сумнае чытво гэтая банкаўская справаздачнасць! Але ж воку знайшлося за што зачапіцца. Банк спісаў за мінулы год больш чым на 200 млн даляраў безнадзейных пазыкаў. І ніякага тлумачэння, што за пазыкі, што за прадпрыемствы, як будзем змагацца з падобным надалей. Спісаў — і ліха з імі! Дакладна толькі, як кажуць у амерыканскім кіно, што some shit is going down! [літар. «лайно сцякае», г.зн адбываецца нейкая фігня].

Каго банк фінансуе? Прадпрыемствы аграсектара (для іх стварылі асобную кампанію, якая збірае «благія пазыкі» з банкаў), будоўлі і прамысловасць. Вось «узяў на баланс» нашу знакамітую і любімую дрэваапрацоўку… Прадпрыемствам выдзяляліся крэдыты, валютныя да таго ж, у самы разгар крызісу ў краіне. Што мне казаць? Слова пану менеджару.

Тры пункты: без дадатковага фінансавання прадпрыемствы не маглі ўжо працаваць, у абсталяванне інвеставалі мільярд еўра (!)… новае кіраўніцтва распрацоўвае дэтальныя бізнэс-планы для ацэнкі эфектыўнасці кожнага прадпрыемства. Паўтарыць? Спачатку інвеставалі мільярд, а потым ужо сталі лічыць, дзе ж што трэба рабіць, і тое, таму што пабудавалі новую структуру. Паспрабуйце гэтак адкрыць сваю хіпстарскую кавярню! Маўляў, накуплю спачатку моднага барахла, а потым вам бізнэс-план прынясу. Аёй! Таму зразумелыя спісанні і зразумела, чаго гэта прэзідэнт 24 студзеня (так, адразу) гнеўна пытаўся, чаму дагэтуль лес-кругляк з краіны вывозяць і дзе тыя даляры.

Потым я пагартаў ужо беларускія справаздачы іншых банкаў, што займаюцца падтрымкай рэальнага сектара, і ў іх таксама ліха спісвалі на ўсіх пад 250 мільёнаў. Аказалася, бачна нават з нацыянальнай статыстыкі, што старая добрая практыка, канец якой абяцалі пакласці ў другой пяцігодцы, а потым і ў трэцяй, нікуды не падзелася. Сталі толькі больш вынаходлівымі.

Гэта значыць, мала, што падтрымліваем бягучыя патрэбы дзяржпрадпрыемстваў, але і мадэрнізацыя таксама не дае плёну. З 2011 года бюджэтныя сродкі на падтрымку эканомікі склалі 12,5 мільярдаў даляраў. Гэта можна супаставіць з сумамі дэфіцыту плацежнага балансу. З таго ў тэорыі новыя інвестыцыі, як у любога бізнэсу, павінны нараджаць новыя прадукты і новыя грошы, замест гэтага мы бачым, што эканоміка ўсё прасцейшая і залежнасць ад Расіі ўсё большая. Дзе тыя даляры? Вось глядзіце, што кажа Нацбанк.

Доля Расіі ў экспарце і пазыках. Крыніца: «Банкаўскі веснік» НБРБ, чэрвень 2017, артыкул паноў Галава і Гарбуза

Доля Расіі ў экспарце і пазыках. Крыніца: «Банкаўскі веснік» НБРБ, чэрвень 2017, артыкул паноў Галава і Гарбуза

Таму я вам паказваю чарговую забаўку: чароўны квадрант мадэрнізацыі. Ён працуе ў Беларусі ўжо колькі гадоў. І працуе безадказна і няспынна, як кола сансары. Гэта формула, якая робіць беларусаў багатымі значна лепш, чым парады ўсіх амерыканскіх гуру інвестыцый і бізнэсу.

Чароўны квадрант мадэрнізацыі. Малюнак аўтара.

Чароўны квадрант мадэрнізацыі. Малюнак аўтара.

Безумоўна, увесь фокус на засваенні сродкаў. Усё астатняе — гэта вельмі важна для нацыянальнай эканомікі, але для бізнэсу па яе мадэрнізацыі — гэта проста мішура, якую распаўсюджваюць тысячы свядомых і несвядомых удзельнікаў працэсу, а таксама медыйнай палемікі аб неабходнасці рэформаў і іннавацый. Пакуль мы з вамі спрачаемся, хітрыя гномы працуюць. Яны засвойваюць грошы, якія выводзяцца праз закупкі на Захад, праз схемы па сбыце і лізінгу — у Расію, праз фінансавыя інструменты — у Азію… Краіне — абяцанкі, прадпрыемствам — пазыкі, гномам — профіт. Змяняецца галіна эканомікі, працэс паўтараецца пановай.

Як працуюць гномы. Малюнак аўтара.

Як працуюць гномы. Малюнак аўтара.

І чарговы паспяховы «замежны інвестар», аб якім няма аніякай інфармацыі і гісторыі, раптам будзе будаваць у сталіцы нешта прыгожае і пафаснае. У нас была мадэрнізацыя цэментнай галіны, металургічнай і машынабудаўнічай, агратэхнічнай і энергетычнай… Чаму ж год ад года мы ўсё больш залежым ад Расіі? Калі ўжо дзяржавай кіруюць як бізнэсам, то дзе той дададзены кошт? Вядома толькі тое, што ўсе спісаныя сродкі напрыканцы зліваюцца ў дзяржаўныя абавязацельствы, як у каналізацыю.

Хітры план. Малюнак аўтара.

Хітры план. Малюнак аўтара.

Мо таму і разбегліся ў розныя бакі свету нашыя сістэмныя «лібералы» і «рэфарматары» ва ўрадзе, што іх справа была — намаляваць «туфту» ды нагнаць туману пад серыю чарговых хітрых планаў? А мо ў мяне проста параноя і я ўжо падазраю кожнага «разумніка», што не можа на памяць сказаць, якая ж у нашай прамысловасці EBITDA (прыбытак без уліку працэнтаў, падаткаў і амартызацыі). Дакладна магу сказаць, што…

У буйным міжнародным бізнэсе штогадовыя спісанні на сотні мільёнаў — гэта чорная метка. Толькі адна з дваццаці кампаній, што з года ў год губляюць грошы, знаходзіць сілы перайграць сябе і стаць прыбытковай. А тут штогод страты, але за іх не бывае адказных і не робіцца аніякіх змен у стратэгіі і аўдыце.

Калі казаць пра дзяржавы і дэмакратычны працэс, тое ў Іспаніі, кожная гістарычная вобласць якой большая за беларускую эканоміку, скандалы і суды ідуць усе пяць год ураду Рахоя з-за лічбаў куды меншых, чым губляюць нашыя мадэрнізатары. У Беларусі больш сілавых ведамстваў, што займаюцца эканамічнымі расследваннямі, чым пальцаў на руцэ. Але ж аніводнага громкага працэсу па мадэрнізацыйных праектах у Мінску не было, нягоднікі ў нас толькі дзе ў раёнах — у Барысаве ці Маладзечне. Цікава, не?

У краіне ідзе чарговы суперпраект, бюджэт якога перавальвае ўжо за 11 мільярдаў, — гэта будаўніцтва АЭС. За колькі гадоў мы не ўбачылі аніводнай калькуляцыі, як АЭС дапаможа нашай эканоміцы быць лепшай. Гэтаксама як не было ні тэндару, ні адкрытых грамадскіх абмеркаванняў. Аргументы былі на ўзроўні эмоцый, палітычных лозунгаў і, у лепшым выпадку, гіпотэзаў, што вось няблага было б нешта ў ЕС прадаць… Зараз кожны ахвотны можа знайсці калькулятар для АЭС у інтэрнэце і зразумець, што аніякай канкурэнцыі еўрапейскім магістральным цэнам мы не зможам стварыць. Аніякай палітыкі і пошукаў ворагаў: электрычнасць будзе занадта дарагая. Але як тады АЭС будзе адбіваць грошы? А пад яе будзем змяншаць газавую інфраструктуру. Так, 20 год Беларусь выдаткоўвала мільярды на газіфікацыю ўсёй краіны. Зараз пойдзем назад. Чарговы разварот — няма адказных. Можна, канешне, спісваць штогод па мільярдзе як безнадзейныя пазыкі, тады сабекошт беларускага атама будзе таннець на вачах. Але ж у такім выпадку не пытайцеся, чаму ў вас няма «папіццот», за пазыкі ў выніку ж нехта павінен плаціць.

Тое, што тут напісана, гэта не нейкае даследванне, гэта проста аўтар узяў пару фінансавых дакументаў, пару артыкулаў і статыстычных таблічак, ды за пару гадзін нешта вам нашкрабаў… Я ведаю, што ў Беларусі сотні тысяч разумных сумленных людзей. Вы бачыце і ўдзельнічаеце ў эканамічным жыцці нашай краіны. Не маўчыце! У інвестыцыях ёсць просты прынцып: калі факты, якія вам «прадаюць», не складваюцца ў лагічны малюнак; калі лічбы, якія вам паказваюць, не збіваюцца ў баланс нават прыблізна; калі ад вас упарта хаваюць неякія лічбы і факты, якіх відавочна не хапае… Значыць, як кажуць у амеріканскім кіно…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?