Заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнай азбукі фінансавай граматнасці для дзяцей пад назвай «Грошык і таямнічы Кошык. Азбука фінансавай граматнасці», паведамляе БЕЛТА.

Аўтарам тэкстаў стаў пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі. Паводле словаў аўтара, галоўны герой кнігі — Грошык, пачаў сваё жыццё на старонках часопіса «Вясёлка» два гады таму. З нумара ў нумар публікаваліся гісторыі пра яго і заданні для юных чытачоў, якія дазвалялі разбірацца ў складаных фінансавых пытаннях.

Даступнай мовай дзецям тлумачылася, што такое сямейны бюджэт, бізнес, інвестар, аблігацыі. І зараз ўсе гісторыі сабралі ў адну маляўніча аформленую кнігу, своеасаблівую фінансавую энцыклапедыю.

Элементарныя веды эканомікі, навыкі кіравання грашыма, разумныя звычкі да зберажэння, на думку выдаўцоў, навучаць правільна планаваць бюджэт, паводзіцца з грашыма, дазволяць дакладна расстаўляць прыярытэты, прымаць пісьменныя рашэнні, пазбягаць фінансавых праблем.

Аформіла кнігу мастак Кацярына Білан. Тыраж склаў 1 тыс. асобнікаў, але плануецца, што выданне будуць дадрукоўваць. «Грошык і таямнічы Кошык. Азбука фінансавай граматнасці» папоўніць калекцыі бібліятэк. На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе анімацыйнае прадстаўленне з удзелам галоўнага героя кнігі Грошыка. Пачатак двухгадзіннага мерапрыемства 29 лістапада аб 11 гадзіне у галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?