У кулуарах паседжання Палаты прадстаўнікоў журналіст «Нашай Нівы» пагутарыў з былым старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам, якому далі пад кіраванне «Белую Русь».

«Наша Ніва»: Як ацэньваеце БТ пры новым кіраўніку, Іване Эйсманце?

Генадзь Давыдзька: Няма чаго адказаць. Справа ў тым, што калі я працаваў, то павінен быў глядзець тэлебачанне штодзень. А цяпер я толькі навіны гляджу, іншыя праекты — не, бо шмат сваёй работы.

«НН»: А чым цяпер займаецеся? 

ГД: У асноўным нашым сайтам [»Белай Русі»] займаемся, спрабуем зрабіць яго дасціпным і сучасным, каб гэта быў не толькі сродак камунікацыі, але і інфармацыйнага ўздзеяння, нават прапагандысцкага.

«НН»: Гэта будзе СМІ?

ГД: Не, не СМІ. Нельга не выкарыстоўваць тых амаль 180 тысяч нашых сяброў, якія ёсць у кожным населеным пункце — яны будуць фрылансерамі. 

«НН»: Нашыя чытачы памятаюць вашае сэлфі для тэлеграма. Што вы, як актыўны карыстальнік гэтага мэсэнджара, думаеце пра яго забарону ў Расіі?

ГД: Я супраць любых забарон. Нельга забараняць тэлеграм. І Хартыю нельга!

Я карыстаюся тэлеграмам, але толькі па асабістых сувязях: з сябрамі, жонкай, дачкой. А з чыноўнікамі па мэйле кантакт трымаем ці звонім.

«НН»: Калі чакаць вяртання ў эфір «Клуба рэдактараў»?

ГД: «Клуб рэдактараў» адновім у жніўні, трохі зменім фармат — будзем запрашаць палітычных экспертаў, а таксама недзяржаўную прэсу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?