Праваахоўнікі затрымалі пры атрыманні хабару дырэктара ААТ «Шклозавод «Нёман» і начальніка аднаго з упраўленняў прадпрыемства, паведамляе прэс-служба МУС.
«Службовыя асобы атрымалі хабар ад прадстаўніка камерцыйнай структуры ў памеры 2,4 тыс. і 1,2 тыс. даляраў ЗША адпаведна. Незаконнае ўзнагароджанне належала за арганізацыю своечасовых і прыярытэтных паставак фірме шклаваты паводле раней заключанай дамовы», — паведамілі ў ведамстве.
Паводле звестак міліцыі, затрыманыя атрымлівалі хабар на сістэмнай аснове. Сума ўзнагароджання залежала ад аб'ёму прадукцыі.
Следчы камітэт у дачыненні да службовых асоб шклозавода і прадстаўніка камерцыйнай структуры распачаў крымінальныя справы. Працягваюцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне ўсіх фактаў супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых асоб.