Аб'ёмы будаўніцтва жылля ў Мінску і абласных цэнтрах прапануецца скараціць у два разы, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін у эфіры тэлеканала СТБ, інфармуе БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на тое, што ў Мінску пражывае 20% насельніцтва краіны, палова жылля будуецца ў абласных цэнтрах. «Мы бачым, што трэба скараціць як мінімум удвая жыллёвае будаўніцтва шматпавярховых дамоў у Мінску і абласных цэнтрах. З такой прапановай мы будзем выходзіць ва ўрад і абмяркоўваць гэтыя рашэнні», — сказаў Анатоль Калінін.

Пры гэтым прыярытэт будзе аддавацца развіццю гарадоў-спадарожнікаў. «Мы павінны павялічыць аб'ёмы будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках як мінімум у 4—5 разоў. Безумоўна, мы знаходзім новыя формы, умовы крэдытавання», — адзначыў віцэ-прэм'ер.

Як паведамлялася, у Смалявічах пад Мінскам будуць прапаноўваць жыллё грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў сталіцы. Яны атрымаюць дзяржпадтрымку згодна ўказу №240.

«Другое пытанне — гэта занятасць грамадзян, якія будуць пражываць у гарадах-спадарожніках. Мы бачым, што ўсё-такі ў Мінску і абласных цэнтрах трэба спыніць будаўніцтва прамысловых вытворчых аб'ектаў. Пакуль мы будзем дазваляць будаваць у Мінску і ў абласных цэнтрах, у раён ніхто не паедзе. Таму гэта таксама новая прапанова», — дадаў Анатоль Калінін.

Калінін таксама паведаміў, што ў 2020 годзе намечана будаўніцтва 5 млн кв.м жылля. У асноўным гэта будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў, у гарадах-спадарожніках, а таксама індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0