Турэцкая паліцыя, якая расследуе абставіны знікнення журналіста Джамаля Хашогі, шукае яго цела ў Бялградскім лесе, на поўнач ад Стамбула.

2 кастрычніка Хашогі, вядомы сваёй крытыкай уладаў Саудаўскай Аравіі і асабіста наследнага прынца краіны, увайшоў у будынак саудаўскага консульства ў Турцыі. З таго часу яго ніхто не бачыў.

Улады Саудаўскай Аравіі сцвярджаюць, што журналіст неўзабаве пакінуў консульства, а яго далейшы лёс ім не вядомы.

Раней турэцкая паліцыя абшукала тэрыторыю саудаўскага консульства ў Стамбуле і рэзідэнцыю саудаўскага консула, які з'ехаў з Турцыі за некалькі гадзін да ператрусу.

Цела Хашогі працягваюць шукаць у лесе на поўнач ад Стамбула і ў сельскай мясцовасці па суседстве, таму што ў дзень знікнення журналіста бачылі аўтамабілі, што выязджалі з консульства ў гэтым кірунку.

Паводле лаяльнай да ўрада турэцкай газеты Yeni Safak, ва ўладаў Турцыі ёсць некалькі аўдыёзапісаў, на якіх можна пачуць, як Хашогі катавалі, перш чым забіць.

Паводле інфармацыі выдання, на аўдыёзапісы ёсць голас консула Саудаўскай Аравіі Махамеда аль-Атайбі, які звяртаецца да магчымых забойцаў Хашогі: «Зрабіце гэта звонку. Вы створыце мне праблемы».

Іншае турэцкае выданне, Middle East Eye, са спасылкай на крыніцу, якая чула аўдыёзапіс, паведамляе, што забойства заняло сем хвілін. Прычым расчляняць Хашогі нібыта пачалі яшчэ жывым, укалоўшы яму нейкі прэпарат, дапаўняе гісторыю Yeni Safak.

Але ні відэа-, ні аўдыёзапісы забойства нідзе не публікаваліся. У турэцкай прэсе публікаваліся стоп-кадры з запісаў камер знешняга назірання. Уся інфармацыя пра змест запісаў зыходзіць ад турэцкіх дзяржаўных і блізкіх да іх крыніц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?