Чытайце: Колькі ў эфіры АНТ свайго кантэнту, а колькі — расійскага? Давайце лічыць
Будынак АНТ.
«Колькі аб'ектыўнасці ў матэрыялах інтэрнэт-рэсурсу «Наша Нiва»? Давайце лічыць …
Са здзіўленнем азнаёміліся з разважаннямі журналіста рэсурсу «Наша Нiва», які калісьці супрацоўнічаў з тэлеканалам АНТ…
Відавочна, што аўтар цэнтральнага матэрыялу на інтэрнэт-рэсурсе слаба знаёмы як з тэлевізійнай кухняй, так і з асаблівасцямі падліку кантэнту на тэлеканалах. І зусім не валодае тэрміналогіяй тэлевытворчасці, не падзяляе ліцэнзійны, уласны і беларускі кантэнт, прома, афармленне канала і г.д.
Гэта, канечне, калі не западозрыць яго ў непрафесіяналізме або свядомай неаб'ектыўнасці, што, зрэшты, адно і тое ж. Але мы не будзем думаць пра аўтара дрэнна.
Таму афіцыйна.
Аб'ём ўласнага кантэнту падлічваецца на тэлеканалах не па асобных днях, а штомесяц і за больш працяглыя перыяды, мае выразную (а не прымітыўную) разбіўку па відах кантэнту, што звязана з асаблівасцямі тэлевытворчасці і выхаду ў эфір многіх праектаў.
Нядзіўна, што выбраўшы тры «адвольныя» дні, аўтар рэсурсу «Наша Нiва» канчаткова заблытаўся ў тэлевізійнай тэрміналогіі і ў выніку «забыўся» на вялікую колькасць праектаў тэлеканала АНТ, якія ўносяць істотныя карэктывы ў яго матэматычныя падлікі.
У аналізе «выпадкова» не знайшлі адлюстраванне такія праекты, як ток-шоу «Наша жыццё», праграма ў жанры інтэрв'ю «Маркаў. Нічога асабістага», «Трывожная кнопка», «Талент краiны», «Што? Дзе? Калі? у Беларусі», «Мой лёс — Беларусь», штотыднёвае шоу «Удача ў дадатак!», а таксама маса разавых (напрыклад, чатырохгадзінная снежаньская «Песня года ў Беларусі») і цыклавых праектаў, якія выходзілі на працягу года альбо якія ідуць зараз на АНТ.
А былі яшчэ і шматлікія дакументальныя праекты, канцэртныя праграмы, а таксама міжпраграмная прадукцыя, пра якую аўтар артыкула палічыў за лепшае не ўзгадваць.
Як бы не хацелася рэдакцыі «Наша нiва» стварыць сенсацыю, але ўсё-такі пажадана рабіць гэта, абапіраючыся на факты, а не на «падкідванне лічбаў». Пры гэтым калегі па цэху могуць быць упэўнены, што мы з задавальненнем і ў далейшым будзем аналізаваць іх аб'ектыўнасць.
Дзякуй за рэгулярную інфармацыйную падтрымку тэлеканала АНТ і лепшыя месцы на галоўнай старонцы партала. Як вядома, слабых не піяраць».