Загадчык фермы правёў журналістаў Свабоды па сваёй гаспадарцы і паказаў усё як ёсьць.

26 сакавіка, наведваючы адну з малочных фермаў у Шклоўскім раёне, Аляксандр Лукашэнка ўбачыў брудную карову. Гэта каштавала пасады кіраўніцтву вобласці. А гаспадарка праславілася на ўсю краіну. Словы Лукашэнкі пра «Асвенцім» для кароваў расцягнулі на цытаты дзясяткі сайтаў, яны таксама трапілі ў вечаровыя выпускі навінаў галоўных тэлеканалаў. Нас на малочна-таварным комплексе сустракаюць нешматлікія супрацоўнікі і сам кіраўнік Андрэй. Ён пагаджаецца пагаварыць амаль адразу.

«Не ведаю, як зараз адмыцца»

«Крыўдна мне, хлопцы, вельмі крыўдна за «Асвенцім», — кажа кіраўнік малочна-таварнага комплексу «Сьліжы» Андрэй. — На ўсю краіну нас праславілі. Зараз не ведаю, як адмыцца»

Андрэй расказвае, што ў яго комплексе 1400 кароваў, якіх абслугоўваюць восем работнікаў. Комплекс збудаваны два гады таму, Андрэй кіруе ім ад пачатку. Раней таксама працаваў у сферы сельскай гаспадаркі, але жывёламі не займаўся. Андрэй не хоча называць сваё прозвішча (кажа, што яму ўжо хапіла ўвагі ад дзяржаўнага тэлеканала), але пагаджаецца паказаць фэрму «як ёсьць». «Трэба неяк адмыцца ад усёй гэтай славы», — тлумачыць мужчына.

«Хадзем, пакажу ўсё. А то тут АНТ ужо паздымала, — кажа Андрэй. — Вось, паглядзіце. Усё чыста. Але адсюль акурат нічога не паказалі. Глядзіце, што тут катастрафічнага? Вы бачыце кароваў гаўняных? Зразумейце, гэта карова. Яна хоча легчы ў гаўно, яна ляжа. Я не буду яе падымаць».

Андрэй расказвае, што пра візіт кіраўніка краіны на яго ферму даведаўся за два дні. Прызнаецца, што парадак крыху наводзілі, але няшмат. «Што за два дні паспееш?» — кажа. Таму нічога і не мянялі.

«Мне няма за што чырванець, тут усё як было, — расказвае кіраўнік комплексу. — Ну так, падфарбавалі на браме тут нешта пасля зімы, аблезла нешта. Слуп недзе падбялілі. Карова паела, пацерлася, мы кожную пятніцу чысцім, у нас санітарны дзень».

«Нас да Лукашэнкі не клікалі, хто мы такія»

Па словах Андрэя, надоі ў гаспадарцы ў сярэднім 15 літраў у дзень. Агулам з фермы здаюць у суткі каля 9 тон малака. Заробкі супрацоўнікаў залежаць ад роду заняткаў. Мінімальны — 500 рублёў. Столькі зарабляе вартаўнік. Жывёлавод можа зарабіць 800-900 рублёў. Даяркі да 1100 рублёў.

«Вельмі крыўдна мне за гэты «Асвенцім», — паўтарае дырэктар. — Мяне тут не было, калі карова гэтая вылезла, нас не клікалі, хто мы такія. Мяне ўжо потым паклікалі да прэзідэнта, у канцы. Ці сказаў я яму, што мне крыўдна за «Асвенцім»? Неяк не рашыўся я сказаць».

Андрэй вядзе нас па будынках фермы, паказвае даільнае аддзяленне, вентылятар, які не ўключылі пры Лукашэнку. Просіць усё паглядзець і паказаць «як ёсць».

«Убаку мы тут стаялі, хто мы такія, — працягвае расказваць кіраўнік комплексу пра візіт кіраўніка краіны. — Потым як мне пазванілі, то я прыбег. Каб я тут быў адразу, я б і вентылятар уключыў, і паказаў бы ўсё нармальна. Мяне пакуль не спрабавалі пакараць. А за што? За тое, што ў калгасе саломы няма каровам падсцяліць? Гэта ўсім вядома. Я начальству паведамляю пра ўсё».

«Вядома, 15 літраў гэта добра. Але можна і лепш, толькі ў мяне цяпер шмат кароваў целіцца, яны пакуль не могуць даваць шмат малака, — наракае Андрэй. — Тут ад пачатку завозілі цёлак, яны толькі потым пачалі цяліцца і станавіцца каровамі».

«Александрыя» лепшай лічыцца, вядома»

Кіраўнік комплексу пагаджаецца пайсці з намі пашукаць тую саму карову, якая трапілася на вочы кіраўніку краіны. Здарылася гэта ў радзільным аддзяленні. Андрэй расказвае, што каровы тут насамрэч могуць выглядаць худымі, проста таму, што нядаўна ацяліліся. 

«Вось гэты будынак, дзе ўсё адбывалася, — Андрэй заводзіць нас у памяшканне, якое ўчора пабачыла ўся краіна. — Глядзіце, усё пасцелена тут. А яны прыехалі ў 12 гадзін, пасцілка ўжо была не зусім свежай. Але зараз пачатак вясны, свежая салома скончылася, цяпер яна не той якасці. Але вы вось паглядзіце, тут у стойле каровы бруднымі не будуць. Яна лягла і ўсё нармальна. МЫ тут не рабілі нічога пасьля ўчарашняга. Зараз я вам тую самую карову пакажу… Дзе яна. Вось гэтая хіба, альбо не».

Кіраўнік комплекса дадае, што сярод вялікага статку заўсёды знойдзецца некалькі асобін, якія выкачаюцца ў брудзе. Яны найбольш актыўныя. Учора акурат адна з такіх бойкіх кароваў выйшла да Лукашэнкі.

«Вось адсюль мы сюды пайшлі, — працягвае расказваць Андрэй пра ўчарашні дзень. — Тут ужо ніякіх пытаньняў не ўзнікла. Вось паглядзіце, калі ласка. Наша гаспадарка нядрэннай лічыцца. «Александрыя» ў нас адна з лепшых, вядома. Але мы таксама на ўзроўні. Паглядзіце, цёлкі як цёлкі, хлявы як хлявы. Вы самі ўсё бачыце. Пасля прэзідэнта ніхто ж тут ужо не прыбіраў. І кароваў мы не мылі пасля яго».

Андрэй расказвае, што ўчора пасля візіту кіраўніка краіны атрымаў шмат званкоў ад родных і знаёмых. Некаторым прыйшлося яго супакойваць.

«Ведаеце, сёньня мой жывёлавод акурат з гэтага будынку, дзе ўсё адбывалася, сказаў — «Ну што, мае любімыя кароўкі, учора вы пабылі ў канцлагеры, а сёньня будзем рабіць піянерскі лагер «Сонейка», — развітваецца кіраўнік комплексу «Сліжы».

Лукашэнка: Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна ж уся абасраная! ВІДЭА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?