Грамадзянін Польшчы Пшэмыслаў Кучынскі звярнуўся да ваяводы Падляшша і губернатара Любліна з просьбай аб увядзенні беларускай мовы на мяжы з Рэспублікай Беларусь, піша Радыё Свабода.

Ініцыятыва датычыцца ўсіх інфармацыйных дошак, аўдыё і візуальных паведамленьняў, якія цяпер прадстаўлены толькі па-польску і часам дублююцца па-расійску.

Спадар Кучынскі ініцыяваў петыцыю, у якой акцэнтуе ўвагу на тым, што беларуская мова — дзяржаўная мова ўсходняй суседкі Польшчы, і падкрэсьлівае яе суверэнітэт, а на польскай мяжы з Рэспублікай Беларусь немагчыма знайсці інфармацыю на гэтай мове.

«Перасячэнне мяжы — гэта месца першага кантакту грамадзяніна іншай краіны з тэрыторыяй Рэспублікі Польшча і службамі, якія прадстаўляюць яе вышэйшыя органы ўлады. Штогод мяжу перасякаюць мільёны грамадзян Беларусі, і якасць іх абслугоўвання і імідж краіны маюць вырашальнае значэнне для ўспрымання ўсёй польскай дзяржавы», — прыводзіць аргументы Кучынскі.

Ведаючы пра абмежаваныя фінансавыя рэсурсы ваяводстваў, паралельна ён звяртаецца да міністраў унутраных спраў, фінансаў, замежных спраў Польшчы па дапамогу для мясцовага самакіраваньня ў працэсе ўвядзення беларускай мовы на польскіх дарожных пераходах з Рэспублікай Беларусь.

Адначасова ён просіць аднолькавай адаптацыі інфармацыйных дошак, аўдыё- і візуальных паведамленняў, знакаў, якія выкарыстоўваюцца памежнай, мытнай і падатковай службамі на ўсіх абʼектах пры перасячэнні мяжы з Рэспублікай Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0