У Літве затрымалі 36-гадовага мінчука Міхаіла Плышэўскага, які падмануў на радзіме сем чалавек на $100 тысяч, паведамляе МУС.
У нашай краіне мужчына датычны да здзяйснення махлярства ў асабліва буйным памеры. Ён падмануў сама меней сем чалавек, завалодаў іх грашыма на суму каля $100 тысяч і збег за мяжу. Мінчук таксама можа ўваходзіць у склад злачыннага сіндыката, які займаецца крадзяжом грошай з банкаўскіх рахункаў жыхароў Еўрасаюза.
Падчас затрымання мужчыны з ім незаконна знаходзілася яго дачка, якую ў Беларусі шукала маці. У сувязі з гэтым дзяўчынка была абвешчаная ў міжнародны вышук. Бацька пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Каб забраць дзіця з сабой, ён падаў падробленую згоду маці на выезд дачкі за мяжу.
Мінчук хаваўся ў Расіі, ААЭ, Інданезіі, Турцыі, Францыі, Украіне і краінах Балтыі. У гэтых краінах мужчына не меў сталага месца жыхарства і працы.
Зараз Міхаіл Плышэўскі знаходзіцца ў СІЗА, вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі. Яго дачка ў службе па абароне правоў дзіцяці ў Вільні. У найбліжэйшы час яна вернецца ў Мінск да маці.