За кардынальнае краніраванне дрэў у Магілёве да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 18 службовых асоб, у тым ліку 15 начальнікаў ЖЭУ, паведамляе БТ-4.

Пракуратура вобласці праверыла азеляненне горада і выставіла масу прэтэнзій. Правяраючыя звярнуліся па дапамогу да вучоных з Мінска і даказалі, што «амалоджванне дрэў», як яго часта праводзілі ў Магілёве, згубна адбіваецца на раслінах і нават прыводзіць да іх гібелі.

Дрэвы з шыкоўнымі кронамі камунальнікі ператварылі ў пні. На жаль, падобная сітуацыя — ва ўсім горадзе. На думку сталічных навукоўцаў, такое краніраванне падобна міне запаволенага дзеяння: калі не адразу, то за 2-3 гады дрэва памірае.

Аказалася, што работнікі, якія займаліся абразаннем, не мелі адпаведнай падрыхтоўкі. Цяпер, пасля праверкі пракурораў, іх адправяць на спецыяльныя курсы ў вучэбна-адукацыйны рэспубліканскі цэнтр экалагічнай экспертызы. І толькі потым дапусцяць да працы з дрэвамі. У выніку выяўлена цэлая сістэма парушэнняў. Так, у горадзе адсутнічае ўлік зялёных насаджэнняў. Няма плана размяшчэння дрэў і кустоў, схемы азелянення тэрыторый. Ёсць праблемы з экспертызай і складаннем заключэнняў па «аварыйных дрэвах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0