Расійскі бок падчас перамоваў з беларускай дэлегацыяй у Сочы. 8 снежня 2019 года.

Расійскі бок падчас перамоваў з беларускай дэлегацыяй у Сочы. 8 снежня 2019 года.

Мэта Расеі — далейшы рост уплыву ў Беларусі з наступнай інкарпарацыяй, піша палітычны і абаронны аналітык Ягор Лебядок.

«Важна разумець, хто і за што таргуецца. Лукашэнка вядзе торг усяго толькі за «падтрыманне штаноў» на год-тры, Пуцін жа — за развіццё аперацыі ўплыву на Беларусь і набліжэнне яе канчатковага станоўчага для яго выніку, — піша аналітык Ягор Лебядок. — Першы вырашае тактычнае пытанне, другі — стратэгічнае. Як следства,

Пуцін цалкам можа і пайсці на саступкі ці зацягнуць працэс, паколькі ўсе дзеянні ўсё роўна ідуць у рамках працяглай стратэгіі і ёсць сур'ёзныя рычагі ўздзеяння на Лукашэнку. (Варта заўсёды памятаць, што «Крым» пачаўся не з ваеннай аперацыі ў лютым 2014, не з прычыны Майдану-2013, а з падпісання Пуціным у 2001 годзе закона Расіі «Аб парадку прыняцця ў Расійскую Федэрацыю і ўтварэння ў яе складзе новага суб'екта Расійскай Федэрацыі» і абвяшчэння курсу на аднаўленне ўплыву на постсавецкай прасторы.)

Назіраецца і першапачаткова васальны ўзровень зыходнага пасылу ў перамовах, агучанага самім Лукашэнкам: «Галоўнае, каб былі роўныя ўмовы». Гучыць быццам бы як патрабаванне роўнасці, але фактычна гэта азначае, што фарміраваць умовы будзе Расея, паколькі роўныя ўмовы патрабуюць ад яе, і гэтыя ўмовы РФ будзе фармаваць і для Беларусі, — піша Ягор Лебядок.

«Большая частка заспакаяльных артыкулаў замяняе стратэгічную пагрозу страты дзяржаўнасці ваеннай пагрозай, нівеліруючы ўзровень апошняй і тым самым паказваючы нібыта адсутнасць пагрозы страты незалежнасці. Само сабой, што ваенная пагроза ў цяперашняй сітуацыі мала верагодная, але цалкам магчымая пры змене кіраўніцтва Беларусі,

паколькі, згодна з ваеннай дактрынай РФ, «устанаўленне ў дзяржавах, сумежных з Расійскай Федэрацыяй, рэжымаў… палітыка якіх пагражае інтарэсам Расійскай Федэрацыі» адносіцца да асноўных ваенных небяспек. Не важна, змяніўся рэжым пры дапамозе выбараў або рэвалюцыі — калі вы пагражаеце інтарэсам Расеі, то вы ваенная небяспека, прычым асноўная. А «пагроза» і «інтэрасы» ў РФ вельмі фрывольна інтэрпрэтаваны: тое, што для нас можа быць проста вядзеннем самастойнай унутранай палітыкі (напрыклад, у дачыненні да мовы і культуры), для РФ можа быць «пагрозай», — піша Лебядок.

«Вяртаючыся да аперацыі ўплыву РФ, варта адзначыць, што асноўная асоба, якая ажыццяўляе яе ў Беларусі, — гэта А.Г. Лукашэнка.

Ім асабіста рэалізаваны асноўныя мерапрыемствы, якія прывялі да залежнасці ад РФ у эканамічнай, ваеннай, культурнай (квінтэсенцыя чаго «беларус — гэта рускі са знакам якасці») сферах. І лагічна, што цяпер завяршальны этап аперацыі — поўная залежнасць ў палітычнай сферы.

А. Лукашэнка гэта ўсвядоміў (з 2014 года ў поўнай меры), але так сам сябе і краіну зацягнуў у пятлю, што выйсці ўжо складана без сур'ёзных наступстваў», — піша аналітык.

«Супакойвацца, на жаль, нельга і ўжо дакладна нельга дапускаць закалыхвання, — лічыць Ягор Лебядок. — У нас ідзе доўгатэрміновая расійская аперацыя па інкарпарацыі Беларусі, таму выступы супраць гэтай добрыя ў любым выпадку, паколькі важныя не плюшкі на год-тры, а доўгатэрміновая ўстойлівасць дзяржавы ў палітычнай сферы (якая фармуе ўстойлівасць і ў ваеннай, і эканамічнай у крызісныя моманты)».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0