У маладзечанскую міліцыю звярнулася 71-гадовая жанчына, паведамляе абласная міліцыя.

Пажылая жанчына яшчэ ў 2012 годзе ўбачыла па тэлевізары рэкламу экстрасэнсорнай дапамогі і вырашыла скарыстацца прапанаванымі паслугамі, яна патэлефанавала на пазначаны нумар.

Сеансы «здароўя» доўжыліся два гады. Спачатку лекар-экстрасэнс лячыў заяўніцу ад сур'ёзнага захворвання, затым здымаў псуту з дачкі. Пра тое, што пенсіянерцы па тэлефоне аказваюць дапамогу ў вызваленні ад хвароб, яе сваякі не ведалі. Магічныя рытуалы абышліся жанчыне больш чым у 30 тысяч даляраў. Аплату яна рабіла шляхам міжнародных грашовых пераводаў. А потым экстрасэнс перастаў выходзіць на сувязь.

Але гісторыя на гэтым не скончылася. У лістападзе ёй паступіў званок з невядомага расійскага нумара. Мужчына, прадставіўшыся супрацоўнікам паліцыі, паведаміў аб затрыманні лжээкстрасэнса пяцігадовай даўніны. Па словах мужчыны, маладзечанцы могуць вярнуць грошы за сеансы «лекара», але для гэтага ёй неабходна пералічыць пэўную суму ў якасці камісіі і аплаты іншых выдаткаў. Жанчына перавяла 12 тысяч даляраў.

Калі ж стала ясна, што грошы ляснулі, яна звярнулася ў міліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0