У панядзелак 3 лютага, першы дзень свайго візіту ў Беларусь, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сустрэўся ў Мінску з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

На сустрэчы прысутнічалі палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Лагвінец, Таццяна Караткевіч, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, абаронцы Курапат Дзяніс Урбановіч і Зміцер Крамянецкі, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, эканаміст, кіраўнік даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Літоўскі міністр адзначыў нязменнасць пазіцыі Літвы па пытаннях правоў чалавека. Ён таксама адзначыў, што выкананне стандартаў бяспекі на Астравецкай АЭС — у інтарэсах як Літвы, так і Беларусі.

Прыярытэтнай тэмай для ўдзельнікаў сустрэчы з беларускага боку было пытанне незалежнасці і суверэнітэту краіны.

Канкрэтней, Алесь Бяляцкі адзначыў, што пытанне незалежнасці на сёння ключавое для грамадзянскай супольнасці і праінфармаваў Лінаса Лінкявічуса пра акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй, што адбыліся ў снежні.

«Важная любая падтрымка палітычнай і эканамічнай самастойнасці краіны, але яна не павінна быць безумоўнай. Яна мусіць быць моцна ўвязаная з правамі чалавека ў Беларусі, з крокамі па пабудове дэмакратычнага грамадства. Ёсць чырвоныя лініі, якія беларускім уладам нельга парушаць пры любых абставінах. У прыватнасці, гэта з’яўленне новых палітычных зняволеных, масавыя рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў», — падкрэсліў падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы праваабаронца.

Алесь Бяляцкі заўважыў, што падпісанне Базавай дамовы паміж ЕС і Беларуссю, якая неадназначна ўспрымаецца сёння літоўскімі палітыкамі, умацавала б суверэнітэт Беларусі, узмацніла бы пазіцыі грамадзянскай супольнасці ў краіне і, у перспектыве, паспрыяла б дыялогу па функцыянаванні Беларускай АЭС.

Варта адзначыць, што пазіцыі прысутных на сустрэчы апазіцыйных палітыкаў, з аднаго боку, і грамадскіх дзеячоў, з другога боку, даволі істотна разыходзіліся.

Напрыклад, Аляксандр Чубрык заявіў пра важнасць дыялогу між краінамі Еўрасаюза і Беларуссю, прыгадаўшы прыпавесць пра блуднага сына.

Алег Гулак адзначыў сілу праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве і розніцу ў гэтым сэнсе між Беларуссю і Расіяй.

Андрэй Дынько падкрэсліў важнасць дыверсіфікацыі крыніц паставак энерганосьбітаў для Беларусі.

У той жа час палітыкі падкрэслівалі свой скепсіс адносна рэальных намераў кіраўніцтва Беларусі і яго здольнасці выконваць абяцанні. На іх думку, менавіта ад кіраўніцтва Беларусі сыходзіць галоўная пагроза суверэнітэту краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0