29-гадовая гамяльчанка ў знаёмых заняла ў доўг грошы. Аднак вяртаць іх станавілася ўсё цяжэй. Для вырашэння сваіх фінансавых пытанняў яна ў сацсетках і ў інтэрнэце дала аб'яву аб аказанні экстрасэнсорных паслуг нетрадыцыйнай медыцыны, паведамляе абласная міліцыя.

Дабрачыннасцю, вядома, займацца яна і не збіралася. Кліентам паведамляла, што неабходна перавесці 20 рублёў на карт-рахунак для пачатку працы.

Потым практычна ва ўсіх «пацыентаў» знаходзіліся сурокі, нагаворы, замовы. Для лячэння патрабавалася тры сеансы.

Кошт кожнага — ад тысячы рублёў. Але «лекарка» магла ўвайсці ў становішча, узяць менш або нашмат больш. Часцей сума называлася такая, якую патрабавалі з яе крэдыторы.

Колькі было званкоў і пацярпелых, прыйшлося ўстанаўліваць следчым разам з аператыўнікамі крымінальнага вышуку. Хтосьці ўносіў мінімальную суму і на гэтым спыняўся. А некаторыя верылі ў сілу магіі і сумы там выходзілі адпаведныя. Жыхарка Барысава перавяла экстрасэнсу 420 рублёў. Ёсць пацярпелая, якая аддала 5300 рублёў у некалькі плацяжоў.

Як паведаміла старшы следчы Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта Вольга Кацуба, на сёння ўстаноўлена 60 асоб практычна з усіх рэгіёнаў краіны, якія пацярпелі ад дзеянняў гамяльчанкі. З мая 2017 года па май 2018 года шляхам падману ёй удалося сабраць амаль 40 тысяч рублёў. Яшчэ каля 10-ці тысяч атрымаць не ўдалося, бо грамадзяне ў нейкі момант ўсведамлялі, што іх спрабуюць падмануць, завалодаць грашовымі сродкамі, і адмаўляліся плаціць.

Заведзена крымінальная справа па факце махлярства, здзейсненага ў асабліва буйным памеры. Вядома, што жанчына раней ужо была асуджаная за махлярства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0