Грамадзянін Расіі са станоўчым тэстам на каранавірус паспеў пабываць у Лепельскім вайсковым санаторыі. Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзілі ў арганізацыі.
Фота: turcentr.by
«Ён прыехаў 16 сакавіка, а 20 сакавіка яго паклалі ў бальніцу ў Лепелі. Кажуць, ён адлячыўся ў бальніцы і ўжо з'ехаў, — расказалі ў санаторыі. — Ніхто з нашых больш не заразіўся, але да 8 красавіка ўведзены каранцін».
У Лепельскай цэнтральнай бальніцы не каментуюць гісторыю.
«Вы такую інфармацыю даведвайцеся ў Лепельскім вайсковым санаторыі, і хай яны каментуюць. Я не магу па тэлефоне казаць, ці праўда гэта альбо не праўда», — адказаў «Нашай Ніве» галоўны доктар Ілля Шандалесаў.
Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун на працягу двух дзён не адказвае на тэлефанаванні карэспандэнта «Нашай Нівы». Яна прачытвала паведамленні ў мэсэнджары, але не адрэагавала на іх.