Фота Ўладзя Грыдзіна
Міліцыя перашкодзіла актывістам партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) раздаць ежу і вопратку бяздомным ля Свята-Духава сабора ў Мінску.
Як паведаміла прэс-служба БХД, акцыя была запланавана на 16 гадзін 23 красавіка ў межах кампаніі "Наш адказ на крызіс".
За 15 хвілін да пачатку ля храма з`явілася міліцэйская машына.
"Міліцыянеры разагналі ўсіх бамжоў. Потым нам удалося адшукаць некаторых, каб даць ім ежу і вопратку. Астатніх ці то запужалі, ці то некуды звезлі", — заявіў прадстаўнік партыі Дзяніс Кобрусеў.
Рэчы, якія засталіся ў хрысціянскіх дэмакратаў, будуць перададзеныя ў сацыяльны аддзел Мінскай епархіі.
"Мэта акцыі — даць іншым людзям прыклад таго, што дапамагчы бліжняму можа кожны, для гэтага не трэба мець шмат грошай", — сказаў прадстаўнік БХД.
З 21 па 25 красавіка больш чым у 30 гарадах Беларусі хрысціянскія дэмакраты праводзяць сацыяльныя, дабрачынныя і палітычныя акцыі "Наш адказ на крызіс". Галоўная ідэя кампаніі — заклікаць беларускае грамадства з`яднацца дзеля супрацьстаяння эканамічнаму крызісу. Тры прапановы БХД — эканомія, дабрачыннасць, лібералізацыя.
Нагадаем, партыя імкнецца атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі.