Фота: Greta Virranniemi
17 чэрвеня Ніна Хірсіаха адпачывала на сваім лецішчы разам з дзецьмі, двума катамі і нямецкай аўчаркай. Але нечакана дзесяцігадовы кот Валтэры, які заўсёды любіў ляжаць у Ніны на каленях, знік, піша yle.fi.
— Кожны ўладальнік жывёлы напэўна ведае, якія пачуцці адчуваеш, калі знікае кошка. Здзіўленне, смутак і страх страты, — кажа Ніна.
Гаспадыня адразу ж пачала пошукі.
Распаліла грыль, каб кот прыйшоў на пах ежы.
Узяла ў суседа пастку і паставіла яе недалёка ад дома.
Дала абвесткі ў фэйсбуку і абтэлефанавала ўсе прытулкі для жывёл у акрузе. Але нішто не дапамагло.
У сацсетках ёй пачалі пісаць людзі, што бачылі ката, падобнага да апісанага, у розных месцах. Ніна зрывалася і ехала правяраць гэтыя месцы, але безвынікова.
Лета выдалася гарачым, з навальніцамі і ўраганамі. Гаспадыня турбавалася за ката: як ён выжыве ў такое надвор'е. Але надзеі не губляла, бо ведала: Валтэры па натуры асцярожны і не будзе рызыкаваць.
Як правіла, кошкі, якія ўцякаюць, знаходзяцца за кіламетр ад месца ўцёкаў, але не на гэты раз. Цягам двух месяцаў Валтэры ішоў і ішоў, пакуль не прайшоў каля 70 кіламетраў да гарадка Карпілахці. Там яго ўпершыню ўбачылі ў жніўні.
10 верасня ў Ніны зазваніў тэлефон. Ёй распавялі, што Валтэры ўжо некалькі дзён бегае каля аднаго дома ў Карпілахці, а гаспадары дома падкормліваюць яго ласосевым супам. У выніку ката злавілі і пасадзілі ў пераноску. Там ён вёў сябе агрэсіўна і шыпеў. Калі яго адвезлі ў прытулак, паводзіны тут жа памяняліся: ён стаў спакойным, як і раней.
Цікава, што гэта другія ўцёкі Валтэры. Ніна набыла лецішча тры гады таму, і кот збег у першае ж лета. Тады яго таксама не маглі знайсці тры месяцы, але кіламетраў за гэты час ён пераадолеў нашмат менш — каля 30.
Цяпер Ніне прыйдзецца вырашыць, ці выпускаць Валтэры наогул на вуліцу ці трымаць яго пад замком і выгульваць на шлейцы.
Фота: Greta Virranniemi





