Яшчэ нядаўна мужчына быў прадпрымальнікам, аказваў паслугі ў будаўніцтве. Адпрацаваў у гэтай сферы больш за 20 гадоў. А паўгода таму закрыўся — попыт упаў, канкурэнцыя вырасла.

Цяпер працуе вартаўніком на стаўку. Дзяжурствы ў яго ў асноўным начныя. Зарплата — 460 рублёў.

«Мяркую, што для мужчыны гэта зусім маленькі заробак. Але ўлічваючы тое, што я працую не кожны дзень, часам ёсць магчымасць падпрацаваць. Праўда, з падпрацоўкай цяпер таксама няпроста. Напрыклад, у мінулым месяцы падзарабіць нешта звыш заробку не ўдалося. Вядома, за час прадпрымальніцтва, сякія-такія ашчаджэнні засталіся. Іх і выкарыстоўваю, калі даводзіцца зусім цяжка. Таму што пражыць на такі заробак складана», — распавёў цяперашні вартаўнік.

Паўфабрыкатам — не, уся гародніна з восені

З заробку мужчына спачатку закупляецца прадуктамі харчавання і бытавой хіміяй, адразу на месяц. У спісе — крупы, мяса, курыца і рыба.

«Закупіліся, і жонцы потым не трэба цягаць цяжкія сумкі, і мне спакайней — халадзільнік забіў, і жыві», — кажа ён.

На прадукты адразу ідзе каля 170 рублёў. Яшчэ 30 рублёў — на бытавую хімію. А ўжо хлеб, малако, кефір і іншую драбязу жонка купляе па меры патрэбы. Паўфабрыкаты не купляюць зусім — жонка гатуе сама.

У мэтах эканоміі з восені нарыхтоўваюць гародніну, каб хапіла адразу на ўвесь сезон. Купляюць некалькі мяшкоў бульбы, сетку цыбулі, сетку морквы і капусты, каб да новага ўраджаю не бегаць у краму ці на рынак. «Тым больш, што гародніна зімой і вясной расце ў цане», — дзеліцца сакрэтам мужчына.

Камуналку за кватэру аплачваюць ужо з заробку жонкі. Пра яго памер мужчына не распавёў. 

Дапамагае «заначка»

Яшчэ адзін, даволі буйны, артыкул выдаткаў — гэта аўтамабіль. За месяц на паліва ідзе каля 140 рублёў.

«Добра, калі не трэба машыну рамантаваць і купляць запчасткі. Бо іначай даводзіцца лезці ў заначку. Дарэчы, кожны месяц я абавязкова адкладваю рублёў 70, якія выкарыстоўваю на розныя непрадбачаныя выдаткі», — гаворыць баранаўчанін.

На працу бярэ ссабойкі, звычайна бутэрброды і тэрмас з кавай ці гарбатай.

Адзенне і абутак купляе звычайна ў крамах нізкіх цэн. Але і гэта бывае вельмі рэдка. «Па-першае, пакуль што ўсё ёсць. А па-другое, хіба мужчыну шмат трэба? Джынсы, пару маек, швэдар — і ўсё, на год апрануты», — кажа мужчына.

У яго ёсць мара — з'ездзіць на мора, адпачыць. Але пакуль такой магчымасці няма. «Спадзяюся, што сітуацыя стане лепшай, і тады паездку ўдасца ажыццявіць», — гаворыць герой.

Клас
1
Панылы сорам
24
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
30
Абуральна
0