— Сяргей, раскажыце, як усё было? Усіх адразу паклалі тварамі ў падлогу?

— Не, спачатку паставілі тварам да сцяны, потым дазволілі прысесці.

— Што шукалі?

— Быў стандартны ператрус, з панятымі.

— Хто быў у офісе, акрамя вас і Генадзя Фядыніча?

— Быў Бераснеў Васіль Ціханавіч, Зміцер Бародка. Яшчэ памочніца, якая проста ў няўдалы час прыйшла ў офіс.

— Усё перавярнулі ўверх дном?

— У прынцыпе, працавалі дастаткова акуратна. Ясная справа, што дакументы, якія даставалі з шафаў, назад не складалі. Але не было такога, каб нешта ламалі. Толькі адразу калі заходзілі, па-мойму, вынеслі двое дзвярэй…

— Патлумачылі, з чым звязана ўварванне?

— Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, ініцыятарам з'яўляецца Следчы камітэт. Ясная рэч, што я не запісваў, але называлі вельмі шмат (калі не памыляюся, парадку дзесяці) артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

— Пасля таго, як ператрус скончыўся, усіх адпусцілі?

— Не. Адпусцілі толькі мяне і чалавека, які не меў дачынення да прафсаюзаў.

— Вы ўсе пяць гадзін ператрусу стаялі ля сцяны? У туалет хоць выпускалі?

— Не, мы сядзелі. У туалет выпускалі. Хто прасіў — нават частавалі гарбатай-кавай. Адносна ўсё было нармальна, без нейкіх асаблівых перагінаў.

— Як Генадзь Фядыніч усё гэта каментаваў?

— Казаў, што гэта ўшчамленне правоў працоўных і палітычна матываваная сітуацыя. Справа ў тым, што іх прафсаюзную арганізацыю нядаўна ўнеслі ў спісы экстрэмісцкіх. У адказ на гэта Генадзь Фядыніч і Васіль Ціханавіч накіравалі запыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі з просьбай растлумачыць, па якой прычыне іх прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, калі прафсаюз афіцыйна зарэгістраваны і працуе ў рамках заканадаўства строга па сваім профілі — адстойвае правы працоўных. І вось такі матываваны адказ ад КДБ сёння яны атрымалі…

— А як вы там апынуліся?

— Мы стэлефанаваліся з Генадзем Фядынічам, дамовіліся аб сустрэчы. Заехаў даведацца, як у іх справы, як сітуацыя ў арганізацыі. І вось… даведаўся… Гэта была адна з нямногіх арганізацый, якая займалася рэальнай дапамогай рабочым людзям.

Так, магчыма, у 2020 годзе яны падтрымалі пратэст, але пасля гэтага яны ўвайшлі ў рамкі сваіх статутных мэтаў і задач і, па-мойму, вельмі спакойна працавалі.

Чытайце таксама:

Ідзе «зачыстка» незалежных прафсаюзаў: прайшлі ператрусы ў офісах і на кватэрах актывістаў 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру