Украінскія салдаты выкарыстоўваюць пускавую ўстаноўку з амерыканскімі ракетамі Javelin падчас ваенных вучэнняў у Данецкай вобласці, 12 студзеня 2022 года. Фота: прэс-служба Мінабароны Украіны/AP

У 1940—1941 гадах ЗША аналагічна падтрымлівалі Брытанію, і тады такая стратэгія прынесла добрыя вынікі. Тым не менш, цяпер вайна ва Украіне пераходзіць у крытычна важную фазу, Расія рыхтуецца да бітвы за ўсходнія тэрыторыі, але існуе небяспека, што арсенал, які ЗША накіроўваюць Украіне, можа хутка вычарпацца.

Сітуацыя паказвае, што і ваенная магутнасць ЗША абмежаваная, і гэта можа мець значэнне ў выпадку вялікага канфлікту звышдзяржаў, піша Bloomberg.

Зброя — самы важны з элементаў падтрымкі Украіны заходнімі дзяржавамі. 

Амерыканскі генерал Марк Мілі, старшыня Аб’яднанага камітэта кіраўнікоў штабоў, паведаміў Кангрэсу, што Захад паставіў Кіеву 60 тысяч адзінак супрацьтанкавай зброі і 25 тысяч адзінак супрацьпаветранай зброі. Цяпер Пентагон плануе даслаць ва Украіну дадатковую артылерыю, дроны берагавой абароны і іншыя сродкі. Белы дом нядаўна абвясціў пра новы пакет дапамогі на 800 мільёнаў даляраў, які ўключае ў сябе ў тым ліку верталёты і бронетранспарцёры.

Чаму Амерыцы цяжка вырабіць больш зброі

Праблема ў тым, што ЗША не чакалі такой вайны. Меркавалася, што Расія хутка заваюе вялікую частку краіны, таму ЗША проста будуць падтрымліваць нізкаінтэнсіўны партызанскі рух там. Але Украіна паспяхова вытрымала ўдар, і вайна набыла характар працяглай і высокаінтэнсіўнай.

Гэта ставіць заходнія дзяржавы перад выбарам: накіроўваць больш зброі ва Украіну або захоўваць зброю на выпадак патэнцыйнага будучага нападу на краіну НАТА. У той жа Канады хутка скончыліся ракетныя ўстаноўкі і іншая тэхніка, якая так моцна патрэбная ўкраінцам. ЗША паставілі Кіеву ўжо трэцюю частку свайго агульнага запасу супрацьтанкавых ракет Javelin, гэта практычна ўсё, што Вашынгтон мог паслаць, не рызыкуючы застацца з пустымі кішэнямі. Пры гэтым на значнае нарошчванне вытворчасці патрэбныя месяцы, калі не гады.

Галоўная бітва ўкраінскай вайны пройдзе на ўсходзе краіны, дзе мясцовасць даволі адкрытая, што ўскладняе абарону. Украіне спатрэбіцца нашмат больш заходняй зброі, каб перамагчы ў гэтай бітве ці, тым больш, перайсці ў наступ.

Дзякуючы магутнай прамысловай базе ЗША былі сярод пераможцаў у сусветных войнах мінулага стагоддзя, але сёння папоўніць амерыканскі арсенал можа быць не так лёгка. Эканамічнае лідарства ЗША цяпер грунтуецца не столькі на прамысловасці. Недахоп станкоў, кваліфікаванай працоўнай сілы і свабодных вытворчых магутнасцей можа запаволіць пераўзбраенне Амерыкі падчас вайны. Напрыклад, ЗША не могуць павялічыць вытворчасць ракет Stinger для Украіны з сёння на заўтра. Сыравіна ёсць, але падрыхтаваных працоўных рук няма.

Амерыканскія запасы ўзбраенняў меншыя, чым можна было б сабе ўявіць, часткова праз абмежаванні вытворчасці, а часткова праз тое, што большая частка 750-мільярднага бюджэту Пентагона траціцца не на кулі і бомбы, а на працоўную сілу, ахову здароўя ды іншае.

Чытайце таксама:

«Галоўнае, што ваша армія не пасадзіла крывавую пляму на свае мундзіры». Вялікая гутарка з украінскім паліттэхнолагам

Клас
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
10
Сумна
10
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру