Прыхільнікі Джоні Дэпа перад будынкам суда. Усе фота: АР

З чаго ўсё пачалося

Акцёры Джоні Дэп і Эмбер Хёрд пачалі сустракацца ў 2012 годзе, у лютым 2015-га яны пажаніліся. У маі наступнага года Хёрд падала на развод і распавяла пра тое, што падчас адносін з Дэпам заўсёды падвяргалася псіхалагічнаму і фізічнаму гвалту з яго боку. Акцёр не прызнаў абвінавачванняў.

Тады былыя сужэнцы дасягнулі міравога пагаднення, у рамках урэгулявання Дэп заплаціў былой жонцы 7 мільёнаў даляраў, якія Эмбер абяцала ахвяраваць на дабрачыннасць. Таксама бакі падпісалі пагадненне, у якім абавязаліся не распавядаць публічна пра свае адносіны.

У снежні 2018 года ў газеце The Washington Post выйшаў матэрыял «Эмбер Хёрд: Я выказалася супраць сэксуальнага гвалту, за што на мяне прагневалася наша культура. Прыйшоў час такое змяняць». Актрыса, якая нібыта і напісала сама гэты тэкст, распавяла ў ім, што праз свой аповед пра гвалт з боку Дэпа яна мела праблемы ў кар’еры, а таксама заклікала аднавіць дзеянне закона аб гвалце ў дачыненні да жанчын, які быў прыпынены на месяц праз тры дні пасля выхаду артыкула.

Праз тое, што Хёрд назвала сябе ў матэрыяле ахвярай хатняга гвалту, Дэп і вырашыў з ёй судзіцца. Адзначым: канкрэтна на Дэпа Хёрд у сваім артыкуле не ўказвала. Акцёр абвінаваціў былую жонку ў паклёпе і запатрабаваў ад яе 50 мільёнаў даляраў кампенсацыі, Хёрд жа падала сустрэчны іск і запрасіла 100 мільёнаў даляраў за пабоі і псіхалагічны гвалт.

Працэс

Судовыя пасяджэнні па справе «Дэп супраць Хёрд» праходзілі ў акруговым судзе Фэрфакса (Вірджынія) з 11 красавіка да 1 чэрвеня. Цікава, што гэта была не першая спроба Дэпа абвергнуць словы Хёрд пра гвалт. У 2020 годзе акцёр падаў пазоў супраць брытанскай газеты The Sun, бо палічыў паклёпам артыкул пра тое, што ён нібыта збіваў Эмбер Хёрд. Сама акцёрка тады выступіла ў якасці сведкі, Дэп прайграў тую справу.

Суд дазволіў трансляваць цяперашні працэс у рэжыме рэальнага часу, і так ён ператварыўся ў сапраўднае шоу. Фанаты выстройваліся ў чэргі, каб трапіць на суд, і прадавалі месцы на пасяджэннях, па сацсетках разляталіся тысячы мемаў і нарэзак з судовай залы.

І за ўсім гэтым адышла на другі план сутнасць працэсу. Тым часам Хёрд распавядала ў судзе, што Дэп здрадзіў ёй адразу пасля вяселля і пастаянна ўжываў гвалт у дачыненні да яе. У 2015 годзе акцёр, які быццам быў пад уплывам наркотыкаў, нібыта накінуўся на жонку, ударыў яе аб сцяну, разбіў аб яе бутэльку і сарваў з яе начную сарочку. Паміж сужэнцамі здарылася бойка, пасля якой Дэп нібыта згвалціў жонку бутэлькай. Акцёр, па словах Хёрд, таксама спрабаваў кантраляваць яе кар’еру і прымушаў адмаўляцца ад роляў у фільмах, дзе ёсць пасцельныя сцэны.

Былыя ахоўнікі Дэпа падтрымалі яго ў судзе і распавялі пра тое, што Хёрд нібыта сама ўжывала гвалт у дачыненні да экс-мужа. Згодна іх словам, яны нібыта бачылі на твары Джоні сляды пабояў, у той час як на Эмбер ніколі не было ніякіх сінякоў.

Падчас суда хапала згадак і іншых сапраўды дзікіх выпадкаў — напрыклад, гісторыя з фекаліямі ў ложку, якія там знайшоў Дэп. Першапачаткова Хёрд патлумачыла Дэпу наяўнасць фекалій тым, што іх там нібыта пакінулі маленькія ёркшырскія тэр'еры, што належалі пары — але ж акцёр палічыў іх занадта вялікімі для сабачых. Падчас суда ж актрыса прызналася, што сама падклала фекаліі ў ложак і назвала гэты выпадак «няўдалым розыгрышам». А потым перадумала і патлумачыла наяўнасць фекалій расстройствам страўніка ў аднаго з тэр'ераў.

Яшчэ адна яркая гісторыя — аповед пра палёт пары з Бостана ў Лос-Анджэлес. Згодна з актрысай, падчас яго Дэп праяўляў рэўнасць да жонкі ў сувязі з тым, што тая здымалася ў стужцы, дзе павінна была цалаваць акцёра Джэймса Франка. Хёрд сцвярджае, што падчас таго палёту атрымала ад мужа аплявуху, потым Дэп ударыў яе нагой па спіне і яна ўпала, ніхто на борце не заступіўся за жанчыну. Джоні ж адмаўляе, што ён падчас палёту быў моцна п'яны і што ўжываў гвалт да Хёрд, але ў паведамленні сябру, якое ён адправіў з самалёта, Дэп пісаў іншае.

Наступствы

Яшчэ не скончыўся суд, а гэтая гісторыя ўжо моцна патрапала кар’еры былых сужэнцаў. Напрыклад, праз скандал Дэп страціў ролю ў трэцяй частцы франшызы «Фантастычныя стварэнні», Хёрд жа замест паўнавартаснай ролі ў другой частцы «Аквамэна» ледзьве выбіла сабе там дзесяць экранных хвілін. У той жа час згарнулі франшызу «Піраты Карыбскага мора», «Аліса ў Залюстроўі» з удзелам Дэпа правалілася ў пракаце.

Што да фінансавага боку, то прысяжныя вырашылі, што Хёрд павінна выплаціць Дэпу 10 мільёнаў даляраў кампенсацыі за шкоду і 5 мільёнаў даляраў штрафных санкцый. З іншага боку, прысяжныя пабачылі паклёп на адрас актрысы з боку аднаго з адвакатаў яе экс-мужа, і праз гэта Дэп вінаваты ёй 2 мільёны.

Вядома, што багацце і Хёрд, і Дэпа значна пацярпела падчас доўгага працэсу, але ж у выпадку з Хёрд лічба выплат насамрэч можа аказацца для яе занадта вялікай. Шмат залежыць ад таго, ці будзе былая зорка «Піратаў Карыбскага мора» настойваць на выплаце менавіта такой сумы. У сваім каментары пасля заканчэння працэсу Дэп на гэта не ўказваў — хутчэй, пісаў пра тое, што мэтай гэтай справы было «выявіць праўду».

Тым часам Хёрд сцвярджае, што за свае сведчанні пра сэксуальны гвалт яна апынулася пад моцным цкаваннем. Згодна з актрысай, яна кожны дзень чуе пра тое, што яе хочуць забіць, яе дачцы таксама пагражаюць. Пра цкаванне Хёрд распавяла актрыса і музыка Кортні Лаў, якая выказала спачуванне на адрас абаіх зорак.

Гэты працэс — не толькі гісторыя пра тое, у што сацсеткі могуць ператварыць судовую справу ў шоу (у пікавы момант трансляцыю з прысудам глядзелі на Youtube 3,5 мільёна чалавек). Кейс «Дэп супраць Хёрд» яшчэ і дэманструе заканчэнне эпохі MeToo. Важна, каб, нягледзячы на непрыгожы фінал гісторыі Хёрд, жанчыны, якія сапраўды становяцца ахвярамі гвалту, не маўчалі. 

Новы фільм з Джоні Дэпам знялі з пракату: яго кар'ера ідзе на дно

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру