Некаторыя з тых, каму званіў Павук, кідалі трубку ці казалі, што ён памыліўся нумарам. Але з адным з супрацоўнікаў па Гомельскай вобласці завязаўся дыялог.
— Мне разграмілі кватэру ў Акцябрскім, гарадскім пасёлку
— А вы дзе знаходзіцеся?
— Я ў Літве знаходжуся.
— Дык прыязджайце, разбірайцеся.
— Дык страшна прыязджаць, вы што, такія звяры.
— Не страшней, чым у Літве.
— Не, у Літве бяспечна.
— Ну, значыць тады звяртайцеся ў Літву, каб вам дапамаглі.
— Пры чым тут Літва? Не Літва ж ламала маю кватэру. Як гэта вы сабе дазваляеце?
Пасля супрацоўнік стаў запэўніваць блогера, што гэта ўсё няпраўда і нельга верыць тэлеграм-каналам (від разгромленай кватэры блогера апублікавалі самі сілавікі ў сваім канале).
Кватэра пасля пагрому
— А вы калі-небудзь ламалі кватэру якіх-небудзь апазіцыянераў? — запытаўся Павук.
— Не, ніколі не ламаў кватэру. І не ведаю таго, хто ламаў.
— Не ведаеце… Дык вы харошыя хлопцы ўсе?
— Канечне, мы выдатныя хлопцы.
— Апазіцыянераў як — паважаеце, не паважаеце?
— Якіх менавіта?
— Якія Лукашэнку не любяць.
— Я такіх не ведаю, не чуў пра такіх наогул.
— У вас усе любяць Лукашэнку?
— Канечне.
Нагадаем, «ператрус» у блогера быў 26 мая. Кватэра Андрэя і Вольгі Павукоў у райцэнтры Акцябрскі на Гомельшчыне была практычна разбураная: зламаная мэбля, тэхніка, у міжпакаёвых дзвярах вялікая дзірка.





