Збігнеў Рау ў польскім Сейме 13 красавіка 2023 г. Фота: KancelariaSejmu / Facebook

Збігнеў Рау ў польскім Сейме 13 красавіка 2023 г. Фота: KancelariaSejmu / Facebook

«Нашай доўгатэрміновай мэтай зʼяўляецца дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь», — заявіў Рау. Ён падкрэсліў, што Польшча не будзе ў бяспецы, пакуль яе суседзі не будуць суверэннымі, здольнымі вызначаць свой напрамак развіцця дэмакратычным шляхам.

«Няма сумневу, што месца беларусаў — у агульным еўрапейскім доме», — адзначыў Рау і дадаў, што Польшча будзе паслядоўна дамагацца еўрапейскай будучыні для беларусаў, даючы часовы прытулак усім, хто не можа адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі за палітычныя перакананні.

Рау заявіў, што Польшча лічыць Беларусь поўнасцю залежнай ад Расійскай Федэрацыі.

«Сёння мы лічым Беларусь краінай, цалкам залежнай ад агрэсіўнай Расіі, якая кіруецца пазбаўленым усялякай дэмакратычнай і сацыяльнай легітымнасці рэжымам, які ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і дае сваю тэрыторыю Расіі для правядзення нападу на Украіну», — лічыць міністр замежных спраў Польшчы.

Па словах Рау, Польшча прапаноўвала беларускім уладам спыніць рэпрэсіі, але перамовы не далі вынікаў.

«Нейкі час таму мы накіравалі ўладам Беларусі прапанову, накіраваную на павелічэнне прасторы для палітычнага манеўру і таксама эканамічнага манеўру ў абмен на спыненне рэпрэсій і пераследаў. На жаль, гэтыя перамовы не прынеслі здавальняючага выніку», — заявіў Рау.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян і працягваюць праводзіць варожую палітыку ў адносінах да Польшчы.

«Адным з элементаў зʼяўляецца справакаваны рэжымам Лукашэнкі памежны крызіс. Такая палітыка будзе мець наступствы для нашых адносінаў», — папярэдзіў кіраўнік польскага МЗС.

Рау адзначыў, што палітыка Польшчы зменіцца пасля дэмакратычных перамен у Беларусі, якія таксама дазволяць краіне ўдзельнічаць у ініцыятыве «Усходняе партнёрства».

«Таму Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускае незалежнае асяроддзе, у тым ліку СМІ, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў», — заявіў Рау. Ён дадаў, што Польшча будзе дамагацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку Андрэя Пачобута.

Па словах Рау, калі беларускія ўлады будуць адмаўляцца вызваліць Пачобута, будуць працягваць рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, правакаваць атакі мігрантаў на мяжы, Польшча будзе дамагацца ў ЕС увядзення дадатковых санкцый, а таксама выкарыстоўваць «поўны комплекс рэпрэсій, якія знаходзяцца ў распараджэнні Польшчы».

Чытайце таксама:

«Мініруе ўсю Еўропу». МЗС Беларусі выступіла з антыпольскім каментаром

Прэм'ер Польшчы паабяцаў больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за згоду прыняць ядзерную зброю

Польшча дамаглася вызвалення больш за 10 палітвязняў у Беларусі — прадстаўнік МЗС

МЗС Польшчы вітала вызваленне Анжалікі Борыс і назвала вызваленне Пачобута прыярытэтам

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1