Яўгенія: «Мне даюць без праблем усё, што трэба»

Яўгеніі 58 гадоў, яна з невялікага горада, дзе працавала ў школе. Жанчына жыве ў Польшчы тры з паловай гады, і цяпер праходзіць лячэнне ад раку грудзей.

На думку чытачкі, яна захварэла яшчэ ў Беларусі, проста на той час у яе была пачатковая стадыя хваробы. Кожны год жанчына праходзіла медкамісію, але на ёй нічога трывожнага не выяўлялі. Яўгенія мяркуе, што гэта звязана з фармальным характарам медкамісіі, а таксама з адсутнасцю належнага абсталявання. 

Падчас жыцця ў Польшчы беларуска знайшла ў сябе зацвярдзенне ў грудзях і пайшла на абследаванне. Так яна даведалася пра хваробу. «Тут ёсць розныя бясплатныя медычныя праграмы, па адной з іх цягам года праводзілі бясплатную мамаграфію. Я пайшла правярацца, і ў мяне знайшлі рак. Гэта другая стадыя.

Прайшло тры дні пасля мамаграфіі, і мяне выклікалі ў паліклініку. У Польшчы працуе праграма лячэння анкахворых DiLO, і па ёй, калі ў чалавека рак, да яго лячэння хутка падключаюцца ўсе патрэбныя спецыялісты. Да якога доктара я ні прыйду, паўсюль кажуць: маўляў, яна па DiLO, і дапамагаюць мне ў першую чаргу», — апавядае жанчына.

Яўгенія працуе, таму мае страхоўку. Яна хутка прайшла ўсе належныя тэсты, у тым ліку генетычны аналіз і радыелагічнае абследаванне костак. Звычайна на гэта вялікія чэргі, тлумачыць чытачка, але па праграме DiLO пацыент ідзе па-за чаргой.

У лістападзе 2022-га жанчыне зрабілі мамаграфію, а ў канцы снежня яна пачала лячэнне. Прайшла хіміятэрапію, цяпер беларуску чакае тры тыдні радыетэрапіі, і на гэтым пакуль усё. Калі будуць нейкія новыя праблемы, дактары распрацуюць план лячэння.

Яўгенія эмацыйна расказвае пра свае ўражанні ад лячэння раку ў Польшчы: «Я атэістка, але думаю: Божа, якое шчасце, што я сутыкнулася з гэтым дыягназам тут! Мне была неабходная хіміятэрапія. Яе трэба праводзіць максімальна хутка, а я чытала гісторыю адной жанчыны, якая доўга чакала яе ў Беларусі. Ёй яшчэ і давалі не тыя лекі, якія патрэбныя пры яе тыпе раку. 

Тут мой рак трымаюць пад кантролем, я п’ю вельмі дарагія лекі — нават правярала, колькі яны каштуюць. Мне даюць без праблем усё, што трэба. Не ведаю, колькі каштуе хіміятэрапія, але разам з прэпаратамі для яе трэба прымаць дапаможныя лекі, каб арганізм менш пацярпеў. Адзін укол аднаго з такіх прэпаратаў каштуе 1300 злотых (каля 827 беларускіх рублёў. — «НН»)». 

Ніякай чаргі на хіміятэрапію няма, дзеліцца жанчына. Як толькі скончаны ўсе абследаванні і цалкам устаноўлены дыягназ, пачынаецца лячэнне. Важна правільна вызначыць форму раку, бо ад гэтага залежыць, якія будуць прызначаны прэпараты. 

Бальніца ў Варшаве, 19 студзеня 2022 года. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Бальніца ў Варшаве, 19 студзеня 2022 года. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Адзначым, што Яўгенія жыве не ў Варшаве, а ў горадзе са 150 тысячамі насельніцтва. То-бок дапамога для анкахворых даступная і ў польскіх рэгіёнах. Адзінае, што абсталяванне для радыетэрапіі ў горад яшчэ не завезлі, хаця адпаведны комплекс пабудаваны, таму жанчыне трэба будзе ездзіць на гэтую працэдуру ў Варшаву.

«Самае нечаканае — добразычлівасць медыкаў»

Як чалавек з анкалагічнай хваробай, беларуска мае статус інваліда. «Мне хутка аформілі першую групу інваліднасці, па ёй я маю права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Так як я працую, грошы мне будуць плаціць невялікія, недзе 250 злотых (каля 159 беларускіх рублёў. — «НН»). Калі б я не працавала, плацілі б нашмат больш, але я хачу працаваць. 

Дакументы на групу сабрала хутка, трэба дзве выпіскі ад дактароў. Падаеш іх, і цягам месяца выклікаюць на камісію да доктара, там прымаецца рашэнне. І не трэба аббягаць інстанцыі. Мой муж некалі меў у Беларусі трэцюю групу інваліднасці, дык мы думалі, ашалеем, [пакуль збяром дакументы,] і пазней яе ўвогуле знялі», — распавядае Яўгенія.

Жанчына кажа, што больш за ўсё яе здзіўляе стаўленне медыкаў на любым узроўні, бо яны вельмі ветлівыя. У беларускіх медычных установах, лічыць Яўгенія, дактары надта нервовыя і незадаволеныя, а вось у Польшчы медык мусіць усміхацца, нават калі ў яго няма настрою. Польскія лекары, па досведзе жанчыны, паводзяць сябе выключна добразычліва, пытаюцца ў пацыента дазвол перад тым, як нешта зрабіць, і тлумачаць медычныя маніпуляцыі.

Калі анкахвораму трэба маральная падтрымка, польская медыцына можа яе даць. «Мне не быў патрэбны псіхолаг, але такая опцыя ў бальніцы існуе. Акрамя таго, тут ствараюць групы падтрымкі для хворых на рак. Ім арганізоўваюць сустрэчы непасрэдна на тэрыторыі бальніцы, і там хворыя — самі сабе псіхолагі, потым яны, калі вылечыліся, разам праводзяць святы. Усё гэта для людзей арганізоўваюць, гэта не іх ініцыятыва», — кажа жанчына.

Яўгенія расказвае, што мае багата польскіх сябровак з такім жа дыягназам, што ў яе, бо гэты від раку дужа распаўсюджаны. Яны доўга жывуць, увесь час за імі назіраюць, калі трэба, зноў падлечваюць. Тое ж чакае і яе.

Кацярына: «З дыябетам у беларускай турме няма чаго рабіць нават дзень»

Кацярына жыве ў Батумі, у яе цукровы дыябет. Чытачка ўдакладняе, што існуе два тыпы гэтай хваробы. Першы тып звязаны з тым, што ў арганізме запускаецца аўтаімунны працэс, які забівае клеткі падстраўнікавай залозы, што выпрацоўваюць інсулін. Другі тып — гэта пра інсулінарэзістэнтнасць: у арганізме хапае свайго інсуліну, але клеткі яго не ўспрымаюць.

У Кацярыны дыябет першага тыпу. Дакладна невядома, што яго выклікае, верагодна, справа ў паламаных генах, якія актывуюцца праз стрэс ці вірус. Для такіх дыябетыкаў важна мець сталы доступ да інсуліну, бо без яго чалавек упадзе ў кому і потым памрэ.

Кацярына ўпэўненая, што трыгерам для яе хваробы сталі падзеі 2020-га, якія абярнуліся для жанчыны вялікім стрэсам. Зімой 2021-га яна пачала адчуваць млявасць і недахоп фізічных сіл, але падумала, што гэта дэпрэсія. Увесну стала лягчэй, але восенню з’явіліся новыя сімптомы. «Сутыкнулася з тым, што ў мяне знянацку пачаўся моцны кандыдоз, а лекі, якія прапісаў доктар, яго не бралі, да таго ж была моцная смага. Я пайшла да эндакрынолага, тая накіравала мяне на аналізы — і там былі стандартныя вынікі для дыябетыкаў», — расказвае Кацярына. На той час чытачцы было 34 гады.

Дыябет першага тыпу не лечыцца, чалавек мусіць толькі кантраляваць свой стан і прымаць інсулін. Трэба лічыць, колькі грамаў вугляводаў з’еў чалавек, якія яны, колькі на іх трэба ўкалоць інсуліну. Калі хворы памыліўся, трэба, ці зрабіць яшчэ адзін укол, ці што-небудзь з'есці. Калі жыць з высокім узроўнем глюкозы, можа развіцца шмат хвароб, калі з нізкім — можна страціць прытомнасць ці пашкодзіць клеткі мозга, але калі ты ў вузкай паласе здаровай глюкозы, то можна жыць даволі паўнавартасным жыццём.

Калі пачалася хвароба, чытачка не мела нават карткі ў паліклініцы. Расказвае, што проста ўзяла вынікі аналізаў, здадзеных у «Сінэва», і паехала ў 1-ую гарадскую бальніцу, дзе паказала іх дактарам. Жанчыну паклалі ў бальніцу, дзе цягам тыдня бралі ў яе аналізы і вучылі карыстацца інсулінам. А далей выпісалі і прыпісалі да гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера, дзе дапамагаюць кантраляваць свой стан: праз дыспансер дыябетык здае аналізы і атрымлівае рэцэпт на інсулін.

У Беларусі Кацярыне прапанавалі за кошт дзяржавы аналізы і беларускі інсулін, але яна аддала перавагу замежнаму. На жыццё з дыябетам беларуска траціла ў той час каля 100 даляраў штомесяц. Прыкладна 60 даляраў ішло на сістэму маніторынгу глюкозы, астатняе — на інсулін, іголкі, тэст-палоскі і, калі трэба, вітаміны.

Зімой 2022 года пачалі затрымліваць людзей за абставіны, блізкія да сітуацыі Кацярыны, і яна рашылася на эміграцыю. «Разумела, што калі па мяне прыйдуць, то з дыябетам у беларускай турме няма чаго рабіць нават дзень. Дыябет патрабуе бесперапыннага кантролю свайго жыцця, патрэбныя адпаведныя гаджэты і аналізы. Трэба добра харчавацца, не мець стрэсу, гуляць кожны дзень паўгадзіны на свежым паветры, займацца спортам мінімум тры гадзіны на тыдзень», — кажа жанчына.

Глюкометр — прыбор для вымярэння ўзроўню глюкозы ў крыві. Фота: pixabay.com

Глюкометр — прыбор для вымярэння ўзроўню глюкозы ў крыві. Фота: pixabay.com

У некаторых краінах, расказвае чытачка, людзям даюць медаль за шматгадовае жыццё з дыябетам. Згодна з досведам Кацярыны, беларускія медыкі ставяцца да дыябетыкаў са спачуваннем, кажуць, што захапляюцца іх вытрымкай і самаарганізацыяй. Беларуская доктарка нашай чытачкі дазволіла ёй пісаць па любым пытанні, і Кацярына дагэтуль звяртаецца да яе, калі ёй не падабаюцца аналізы.

«Калі знайшла суполку дыябетыкаў у Грузіі, мне стала спакайней»

У Грузіі страхавая медыцына, але чытачка тлумачыць, што не заўсёды тая страхоўка мае сэнс. Яе знаёмы зрабіў дарагую страхоўку, і пасля гэтага яму спатрэбілася аперацыя, за якую давялося плаціць са сваёй кішэні. Адзінае, што сума аказалася не касмічнай: 700 даляраў каштавала аперацыя і шпіталізацыя на тры дні, прычым у бальніцы дазволілі жыць і яго дзяўчыне.

Расцэнкі на медыцыну ў Грузіі розныя. Кацярына расказвае: «Можна прыйсці ў амерыканскую клініку і лыпаць вачыма, гледзячы на цэны, а можна зайсці ў клініку цераз вуліцу, і там будзе даволі адэкватная цана. Цэны трохі вышэйшыя, чым у мінскіх платных цэнтрах, але ж можна жыць. Ёсць суполкі пра медычныя паслугі, ёсць мясцовыя грузіны ці эмігранты, якія падзеляцца досведам ці прапануюць доктара, таму знайсці доктара ці паслугу нескладана». 

Чытачка тлумачыць, што ў Грузіі большы выбар медычных маніпуляцый, напрыклад, яна хоча зрабіць там прышчэпку, якой няма ў Беларусі. Але адчуваецца розніца ў менталітэце. Грузіны, як мінімум у Батумі, падаюцца больш запаволенымі, чым беларусы, таму спачатку цяжка зразумець, чаму ніхто ў грузінскай паліклініцы не бегае перад табой.

Каб падтрымліваць здароўе, Кацярыне патрэбны інсулін, гаджэты для маніторынгу глюкозы, перыядычная здача аналізаў і эўтырокс — прэпарат для шчытападобнай залозы, які яна прымае, бо ў яе аўтаімунны тырэаідыт. Калі не лічыць аналізаў, чытачка траціць на медыцыну прыкладна тыя ж 100 даляраў штомесяц, як гэта было ў Беларусі. Выбірае правераныя лабараторыі. «Раней здавала ў «Сінэва», бо ёсць давер, але яны тут самыя дарагія. Зараз пайду ў турэцкую лабараторыю «Мерлаб», да якой тут таксама ёсць давер сярод мясцовых. Калі я знайшла суполку дыябетыкаў Грузіі, мне стала спакайней, бо без інсуліну і падтрымкі не застануся», — кажа яна.

Кацярына купляе ў Батумі толькі эўтырокс, і яго цана такая ж, як і ў беларускага. Астатнія лекі ёй прывозяць з Беларусі. Дарэчы, у Грузіі інсулін у тры разы даражэйшы, чым на радзіме. Але ў выпадку з дарагімі лекамі ёсць лайфхак: паехаць у Турцыю, дзе прэпараты нават таннейшыя, чым у Беларусі, тым больш што Батумі знаходзіцца блізка да турэцкай мяжы.

Складаней за ўсё знайсці сістэму маніторынгу глюкозы. У Беларусі яна таксама не прадавалася ў аптэках, таму гаджэт прывозілі спачатку з Францыі, а потым з Расіі. На турэцкім рынку маніторынг таксама ёсць, і Кацярына хоча паспрабаваць дамовіцца з кімсьці, каб гаджэт замовілі для яе.

Але жанчына хоча знайсці працу, якая дала б ёй магчымасць пераехаць у Польшчу і атрымаць там страхоўку. Тады ёй увогуле не прыйдзецца траціць грошы на тое, каб трымаць дыябет пад кантролем.

Галіна: «Казалі ў вочы: маўляў, ты надта маладая, каб у цябе былі такія праблемы»

Галіне цяпер 53 гады, яна жыве ў Манчэстэры. Ужо год жанчына не працуе, бо адчувае сябе занадта блага і лекі не дапамагаюць.

Першыя сімптомы рэўматоіднага артрыту з’явіліся ў чытачкі ў 29-30 гадоў. Расказвае, што ў яе сталі балець каленныя суставы, а таксама галёнкаступнёвы сустаў на адной назе. Дамагчыся лячэння аказалася няпроста. «Я сама медык, працавала медсястрой у бальніцы, таму разумела, што мне трэба прымаць нестэроідныя лекі. Піла індаметацын, часам калола сабе дыклафенак, і на нейкі час рабілася трохі лягчэй, але потым стан пачаў пагаршацца. 

Здала аналізы і ўбачыла, што павышаны С-рэактыўны бялок. Падышла з гэтымі вынікамі да сваёй бальнічнай кіраўніцы, а яна мне адказала: маўляў, нічога страшнага, у цябе ж яшчэ камень ёсць у жоўцевым пузыры. Хадзіла да розных лекараў, але мне не верылі. Казалі ў вочы: маўляў, ты надта маладая, каб у цябе былі такія праблемы [з суставамі]. Так і жыла», — кажа Галіна.

Часам, аднак, жанчыну клалі ў бальніцу, дзе яна працавала медсястрой, калолі нестэроідныя прэпараты і рабілі фізіяпрацэдуры. Станавілася трохі лепей, а потым сімптомы вярталіся.

У хуткім часе беларуска пераехала ў Брытанію, і там ёй стала лепш. Але гадоў праз пяць калені зноў пачалі балець, ды так, што жанчына не магла спаць, хаця і карысталася абязбольвальнымі.

Галіна тады пачала працаваць у кампаніі, якая даглядала людзей з траўмамі спіны, некалькі яе апошніх кліентаў былі на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Нарэшце, сімптомы так надакучылі жанчыне, што яна пайшла да доктара. Ён параіў Галіне мацнейшы нестэроідны прэпарат і не прызначыў ніякіх аналізаў, але іншы доктар выправіў сітуацыю. Новыя аналізы паказалі высокі С-рэактыўны бялок і наяўнасць аўтаімуннай хваробы. То-бок імунітэт жанчыны пачаў працаваць няправільна — успрымаць уласныя клеткі як чужыя і разбураць іх. Галіна атрымала дыягназ «рэўматоідны артрыт».

Праз пару тыдняў жанчына трапіла да рэўматолага, у якога яна дагэтуль пад наглядам. Той прапісаў Галіне прэпарат, які прыгнятае імунітэт, і яна прымала гэтыя лекі цягам 13 гадоў. З часам дайшла да максімальнай дозы, бо сімптомы перыядычна вярталіся. 

Некалькі месяцаў таму аналізы паказалі, што ў жанчыны пачаліся праблемы з печанню. Як патлумачылі ёй дактары, праз тое, што Галіна доўга прымала свае лекі, у яе пачаўся тлушчавы гепатоз — хвароба, пры якой у клетках печані накопліваецца занадта шмат тлушчу. Цяпер беларуска чакае прыёму ў гастраэнтэролага, каб заняцца гэтай праблемай, але спецыялістаў не хапае.

Бальніца ў Манчэстэры, 9 красавіка 2020 года. Фота: AP Photo / Jon Super

Бальніца ў Манчэстэры, 9 красавіка 2020 года. Фота: AP Photo / Jon Super

«Трымаюць мяне на кантролі. Раз на тры месяцы рэўматолаг дасылае мне ліст з датай і часам, калі я магу яго наведаць. Пакуль што мне адмянілі амаль усе лекі, якія я прымала, каб арганізм адпачыў ад іх. Але ў верасні пайду прымаць біялагічны прэпарат — ён будзе зніжаць узровень бэта-клетак, якія атакуюць імунітэт», — тлумачыць Галіна.

«Брытанскія дактары прыслухоўваюцца да таго, што цябе турбуе»

Як толькі беларуска пачала працаваць у Брытаніі, яна стала выплачваць грошы па страхоўцы National Insurance Contribution: гэта падобна да медычнай страхоўкі, але частка грошай ідзе на здароўе, а частка — у пенсійны фонд. Людзям, у якіх гэта аформлена, не трэба плаціць за медыцыну, але яны аддаюць па 8,5 фунта за кожную назву лекаў у рэцэпце. Калі трэба некалькі ўпаковак аднаго прэпарату, атрымоўваецца даволі выгадна, бо інакш толькі за адзін прэпарат можна заплаціць 60—70 фунтаў. Ёсць і іншая схема для тых, хто працуе: плаціш па 10 фунтаў штомесяц — і атрымліваеш усе лекі бясплатна.

Цяпер Галіна не працуе, бо адчувае сябе занадта блага, аформіла інваліднасць. Расказвае, што для гэтага не спатрэбілася праходзіць ніякія камісіі, як гэта бывае ў Беларусі. «Запаўняеш анкету ў пенсійным фондзе, і потым, калі ім нешта незразумела, яны табе пазвоняць і ўдакладняць. Не трэба дадатковых аглядаў — пазначаеш назву сваёй паліклінікі, свае даныя, і спецыялісты з фонду самі кантактуюць з лекарамі», — дзеліцца жанчына.

Людзі з інваліднасцю ў Брытаніі атрымліваюць грашовую дапамогу ад дзяржавы, хаця і невялікую (яна павышаецца, калі вядома, што чалавеку засталося жыць не больш за паўгода). Галіна мае кваліфікацыю медыка, якую яна пацвердзіла ў Брытаніі, але працадаўцы не надта хочуць браць яе да сябе, бо працаўніку з такой адукацыяй трэба плаціць больш, чым яны гатовыя. Таксама, тлумачыць жанчына, яна не можа знайсці працу і праз свой узрост. Але проста сядзець дома Галіна не хоча — плануе аформіць самазанятасць.

Так як Галіна шмат часу плаціла падаткі і страхавыя выплаты, яна і цяпер можа бясплатна карыстацца медычнымі паслугамі, лекі для яе таксама бясплатныя. Хаця яна шмат гадоў жыве ў Брытаніі, жанчына дагэтуль адзначае розніцу паміж беларускай і брытанскай медыцынай:

«Брытанскія дактары прыслухоўваюцца да таго, што цябе турбуе. Калі ёсць праблема, накіроўваюць здаваць аналізы і, калі трэба, адсылаюць да вузкіх спецыялістаў, хаця іх і не хапае. Калі хочацца трапіць да доктара хутчэй, можна знайсці платнага спецыяліста, але гэта будзе каштаваць дужа шмат грошай, таму лепш пачакаць 3-4 тыдні бясплатнага спецыяліста. Я не плаціла ні за адно абследаванне.

Нядаўна атрымала ліст пра тое, калі мушу прыехаць у бальніцу да доктара. У лісце падрабязна распісана, якая будзе працэдура і як да яе рыхтавацца. Праз тры-чатыры тыдні пасля працэдуры прыходзіць ліст з тлумачэннем вынікаў абследавання, таму, калі забыўся пра запіс да доктара, табе пра яго нагадаюць, ёсць мабільная праграма для тэлефона, куды дасылаюць такія паведамленні».

У твітары пярэпалах: латвійскі блогер зрабіў вазэктамію

Маладыя дактары ці з досведам: хто дабіваецца лепшых вынікаў?

Да 2050 года больш за мільярд людзей будуць жыць з дыябетам

Клас
28
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
10

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?