Андрэй Федарэнка. Фота: фэйсбук

Андрэй Федарэнка. Фота: фэйсбук

У эпіграф апублікаванай першай часткі рамана Андрэй Федарэнка вынес фразу аднаго з галоўных герояў: «…Хочаш насмяшыць Сапраўднага Сцэнарыста, раскажы яму пра свае планы…». Гэтая ходкая прымаўка, аўтарства якой ужо згубілася, згадвае ў арыгінале Бога, але такі эпітэт цалкам дарэчы для той гісторыі, якую нам распавядае аўтар.

У пачатку кнігі стары сцэнарыст Вечка, разважаючы пра заняпад беларускага кіно, тлумачыць свайму маладому калегу: «Але мастацтва не падманеш. Ёсць кіношны бог, і ён пачынае за сябе помсціць». Гэтае адкрыццё ягоны малады сябар, рэжысёр Скіндзер, як апостал нясе слова людзям, дорыць у выглядзе сюжэта сваёй сяброўцы.

«— І ў чым ідэя?
— У двух планах. Першы, павярхоўны — матыў помсты. Сын ідзе за бацьку. А другі, глыбокі — помста за здзек з мастацтва, у прыватнасці, з кіно. За тое, што з ім зрабілі і працягваюць рабіць. Ёсць жа недзе кіношны бог, і цярпенне яго не бязмежнае».

Гэты сцэнарый па ходзе сюжэта становіцца самаздзяйсняльным прароцтвам, натхнёным, відаць, самім Сапраўдным Сцэнарыстам. Немагчыма зразумець, хто з персанажаў націскае на той самы рычаг, што прыводзіць у рух гісторыю, бо сюжэт цесна пераплятае персанажаў, іхнія матывы і гісторыі. Можа, уся гісторыя была прадвызначаная яшчэ дзесяцігоддзі таму… лёсам?

Федарэнка вельмі дакладна, вельмі пераканаўча паказвае знутры стан беларускага кінематографа, паказвае, як кан'юнктура і засілле расійскага выцягваюць з яго ўсе сокі, знішчаюць усё вартае, усё нацыянальнае.

«Гэта быў той самы фільм, у якім партызаны гутарылі па-руску, а паліцаі — па-беларуску. Героі актыўна выкарыстоўвалі лексіку сучасных дарожных войнаў: «Ты чё творишь?!», «Ну всё, ты попал! — мажь лоб зелёнкой». Група беларускіх партызанаў ехала на дрызіне і спявала задушэўным хорам: «За Россию-матушку — постоять, за Россию-матушку — всё отдать». Мясцовыя жыхары, беларускія сяляне, пілі чай з самавараў (якіх у Беларусі зроду не было), «окалі» і «токалі»: «Схожу в Минск-то на разведку». Камандзір беларускамоўных паліцаяў кідаў падначаленаму: «Выканаеш заданне — набяры!»

Асабліва пацешна гэта было чытаць, калі ўжо бачыў урыўкі кінастужкі «На іншым беразе», створанай паводле дзяржаўнага заказу для выкрыцця прыгнёту палякамі беларусаў і знішчэння «роднай мовы». Ужо не 1943, ужо не немцы, але атрымаўся ўсё той жа «фільм пра вайну» па лякалах расійскіх серыялаў: героі з ідэальным рускім вымаўленнем выдаюць сябе за беларусаў, а дагледжаныя ружовашчокія барыні — за прыгнечаных сялянак. Усё як па Федарэнку!

Кан'юнктурны фільм «На іншым беразе» як найлепшая ілюстрацыя рамана Федарэнкі: тыповы фільм «пра вайну», у якім няма ані слова па-беларуску. Беларускія тыпажы нельга адрозніць ад разанскіх, а дыялогі і сюжэт быццам узятыя з рускіх серыялаў. Скрыншоты з фільма

Кан'юнктурны фільм «На іншым беразе» як найлепшая ілюстрацыя рамана Федарэнкі: тыповы фільм «пра вайну», у якім няма ані слова па-беларуску. Беларускія тыпажы нельга адрозніць ад разанскіх, а дыялогі і сюжэт быццам узятыя з рускіх серыялаў. Скрыншоты з фільма

Усім героям рамана абрыдла такая рэчаіснасць, але, не маючы нічога іншага, яны як могуць выжываюць, падладжваюцца пад існую сістэму. Толькі стары сцэнарыст Вечка, які прадаў калісь сваю душу д’яблу — дамовіўся ніколі не пісаць пад сваім імем, — спрабуе хітрасцю вырвацца з путаў дамовы. Ідэю яму падае малады сябар Скіндзер. І ў той жа момант выяўляецца, што ў Вечкі ўжо ёсць акцёр, які здольны сыграць напісаную для яго «ролю».

Гэты акцёр — Іван Лагун, хлопец, які падлеткам іграў у масоўцы ў нейкай са стужак пра вайну, што здымалі на ягонай радзіме ў Рудабелцы. Лёс падарыў яму прывабны выгляд (праз які яму ўсе прадказвалі кар’еру акцёра), знешнюю сціпласць, несапсаванасць, якія не пакідаюць абсалютна нікога на ягоным шляху абыякавым. Усведамляючы гэты свой звышнатуральны дар, ён ператварае яго ў надзейны інструмент, з дапамогай якога ў сталіцы прабіваецца ў кіношныя колы. Хлопец жыве, адчуваючы сябе акцёрам у чыімсьці кіно, і з кожнай старонкай мы ўсё больш пераконваемся, што ў нейкім сэнсе ён недалёка ад праўды. 

Тэкст сцэнарыя, які надыктоўвае яму стары Вечка, нагадвае прытчу. 

«Амаль як у Святым Пісанні. Застаючыся на месцы і ў спакоі, уратуешся. Вось харошы слоган да фільма, — падвёў рысу Вечка і развіў: — Чалавек часта псуе сабе жыццё не тым, што не робіць нечага, як яму здаецца, патрэбнага, а тым, што энергічна робіць акурат непатрэбнае. І, можа быць, лежачы на баку, хутчэй дачакаешся ўдачы».

Цяжка пакуль зразумець, ці кпіна гэта з тых, хто прытрымліваецца такой логікі, ці ўласная пазіцыя аўтара, праведзеная ў раман праз персанажа-сцэнарыста (ці Сапраўднага Сцэнарыста?). Хутчэй першае, прынамсі, усе дзеючыя асобы бездапаможна плывуць па цячэнні, змірыўшыся са сваёй нікчэмнасцю. 

«У маскоўскім серыяле ўсе «размоўныя» ролі дасталіся рускім акцёрам; нават бабулек, якія па-мыцішчанску пілі чай з самавара, прывезлі адну з Кастрамы, другую — з Разані. Нашы ж мясцовыя беларускія «прафесіяналы кіно» перабіваліся ролямі безгалосымі, выступалі ў масоўках, статыстамі. Адзін малады рэжысёр у якасці каскадзёра скакаў на поўнай хуткасці з электрычкі.

Не заўважаючы сваіх акцёраў, беларускі дзяржаўны кінематограф запрашае на галоўныя ролі расіян. Прэм'ера фільма «На іншым беразе»

Не заўважаючы сваіх акцёраў, беларускі дзяржаўны кінематограф запрашае на галоўныя ролі расіян. Прэм'ера фільма «На іншым беразе»

Але незадаволеных не было. Ніхто ні на што не наракаў. Усе ведалі сваё месца і, прынамсі, знешне, на словах, ахвотна падтрымлівалі меркаванне пра саміх сябе як пра рахманых, ціхіх, нібыта баяліся парушыць гэты шаблон і тым пакрыўдзіць, а то і раззлаваць капрызных братоў».

Відаць, праз гэта, калі сцэнарый-прытча трапляе ім у рукі, і ў ім яны бачаць апраўданне сваёй бяздзейнасці, кожны з іх высока ацэньвае яго.

Але Лагун таксама мае і таямніцу, якая вызначае многія ягоныя дзеянні: загадкавую смерць бацькі, якая гэткім жа загадкавым чынам звязаная з тымі людзьмі, у асяроддзе якіх ён трапляе. Хлопец хоць і выглядае галоўным героем рамана, але не пакідае адчуванне, што галоўны герой тут — лёс, «Сапраўдны Сцэнарыст», ці, як яго яшчэ называюць самі героі, кіношны бог.

Гэтым магічным рэалізмам прасякнуты ўвесь твор. Менавіта лёс перастаўляе фігуры па дошцы, зводзіць іх разам. Сюжэт першай паловы рамана развіваецца дынамічна, з кожнай главой закручваючыся як спружына, гатовая ўрэшце сарвацца, стрэліць.

Адчуваючы, што ўсе дэталі ў гэтай «карціне» з’явіліся не проста так, а расстаўленыя «сцэнарыстам» адмыслова, пачынаеш шукаць іншыя сэнсы ў словах ды дзеяннях персанажаў, іхніх ролях, пачынаеш падазраваць, што нават прозвішчы нешта значаць, нясуць ключ для правільнага разумення развязкі. Напрыклад, Скіндзер — досыць рэдкае шляхецкае прозвішча, можа, яно адсылае да Алены Скіндзер з Іваноўскіх (чые браты сталі дзеячамі беларускага, польскага і літоўскага адраджэння), што пісала ў Англіі: «Ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён — расіянін»? Сэнсам пасуе, дзеяннямі — пакуль невядома…

Ненадакучліва, нібыта гуляючы з чытачом, праз першую частку рамана праходзіць дэтэктыўны складнік. У пачатку ён выглядае фантазіяй, пасля — хваравітай зацыкленасцю, нарэшце апублікаваная частка канчаецца ўжо сапраўды загадкавай смерцю аднаго з душыцеляў беларускага кіно. Гіне чалавек, які быў пераведзены ў кінавытворчасць з ідэалогіі, у якую, у сваю чаргу, трапіў з сельскай гаспадаркі. 

«Апынуўшыся на кінастудыі, [ён] імгненна зразумеў, якія тут правілы, што ад яго патрабуецца, і старанна, нават апантана пачаў выполваць усё нацыянальнае. Ужыванне белмовы ў фільмах ён дапускаў толькі адмоўнымі персанажамі. Для станоўчых рабіў адзіную саступку: замест отец — бацька, замест ребята — хлопцы».

Пра тое, ці сапраўды гэта пачынае збывацца сюжэт-прароцтва, ці ніякага лёсу не існуе і ўсім кіруюць чалавечыя памкненні і дзеянні, мы зможам даведацца, толькі прачытаўшы раман цалкам.

Папярэдні раман Федарэнкі «Жэтон на метро» таксама быў прысвечаны творчасці, але літаратурнай, і ў ім гэтак жа аўтар спрабаваў сябе ў жанры дэтэктыву.

«Сцэнарыст» напісаны лёгкай, дасканалай мовай, пазбаўленай грувасткіх упрыгажэнняў. Пазнавальнасць характэрных тыпажаў дамалёўвае «дэкарацыі», у якіх яны толькі і могуць існаваць: самотны дзед творчай прафесіі, паўгалодныя студэнты, пенсіянер-вахцёр, кабінетныя работнікі дзяржаўнага прадпрыемства.

Нават ад першай часткі рамана застаецца ўражанне, што перад намі выдатнае люстэрка часу. Наступным пакаленням будзе цяжка патлумачыць, што ўсё апісанае — гэта не прыдумка аўтара, бо немагчыма паверыць, што так можа быць. Але ён сапраўды надзвычай трапна апісвае беларускую рэчаіснасць першай чвэрці стагоддзя.

Чытайце таксама:

Слухай сваё. Бартосік запісаў у аўдыяфармаце кнігу Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро»

«Пра невыносныя ўмовы бесчалавечнага грамадства». Выйшаў па-беларуску яшчэ раман Рэмарка

Інтэрнэт-кнігарня «Кнігаўка» запусціла дастаўку ў Беларусь

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?