«Я атрымалася нечакана. Маме было 43, тату 49»

— Я нарадзілася, калі сястры быў 21 год, а маме — 43.

Тата быў яшчэ старэйшы, яму споўнілася 49. Ён быў высокі, спартовага целаскладу, рухавы, любіў гуляць у футбол, валейбол, ягоных гадоў яму ніхто з выгляду не даваў. Мама таксама выглядала маладзейшай за свае гады, любіла паходы з намётамі, займалася індыйскімі танцамі… Я памятаю, на вяселлі сястры Дашы яны выглядалі як сёстры — мама была ў доўгай чырвонай сукенцы, з прыгожай прычоскай. Ёй тады было 48, а мне яна падавалася прынцэсай з казкі. Я вельмі ганарылася, што мая мама такая прыгожая, заўсёды паўтарала гэта ў дзіцячым садку, і са мной ніколі ніхто не спрачаўся — ані сяброўкі, ані выхавацелькі.

Калі я нарадзілася, мая сястра ўжо вучылася ва ўніверсітэце ў Мінску, і я ў маленстве часам пыталася ў мамы: «Чаму ў нас з Дашай такая вялікая розніца ва ўзросце? Чаму вы не нарадзілі мяне раней?» Яна жартавала, што спачатку трэба было адну дачку падгадаваць, а потым займацца другой.

Тое, што я «атрымалася нечакана», мама сказала мне пазней, калі я скончыла школу. Таты ўжо не было: ён раптоўна памёр у 56 гадоў. Прыйшоў з працы, павячэраў, сеў на канапу, сказаў: «Нешта мне нядобра», – і ўсё. Адарваўся тромб.

Мама пасля ягонай смерці неяк адразу пастарэла. Практычна не фарбавалася, перастала насіць абутак на абцасах. І калі я пайшла ў школу, то ўпершыню пачула за спінай: «Таню прывяла бабуля». Памятаю, я хутчэй здзівілася, чым пакрыўдзілася. Бо гэта ж мая мама, якая яна вам бабуля!

Зрэшты, я была самастойная дзяўчынка, і мама неўзабаве перастала вадзіць мяне ў школу, а пераключылася на выхаванне ўнукаў.

У сястры нарадзіліся два сыны, хаця яна вельмі хацела дзяўчынку. І я заўважыла, што мама паступова перакладае на Дашу такія рэчы, як выбар адзення для мяне або рашэнне, ці хадзіць у нейкі гурток. Раней я думала, што гэтак мама суцяшае сястру, у якой няма дачкі. Цяпер мне здаецца, што ёй у сілу ўзросту ўжо было цяжка самастойна нешта вырашаць. Я вельмі люблю маю маму і часта думаю: што, каб тата не сышоў так рана? Мая мама, напэўна, не ператварылася б у «бабулю» так хутка.

«Я не мог пакінуць маму адну. Цяпер мне 34, а сваёй сям'і няма»

— Мама нарадзіла мяне «для сябе», без мужа. Ёй было тады 42 гады. Яна жыла з бабуляй, сваёй мамай. Дакладней, мы ўсе жылі ўтраіх у бабулінай аднапакаёвай кватэры.

У дзяцінстве я часта хварэў. Напэўна, мяне надта цёпла апраналі, каб я не прастудзіўся, а я бегаў па вуліцы расшпілены, бо мне ўвесь час было горача… Мама працавала на кніжнай базе, у нас дома было шмат кніг. І гэта было класна — калі тэмпература невысокая, але ў школу не пускаюць, можна чытаць колькі захочаш, а мама з бабуляй наперабой пытаюцца, што мне прыгатаваць паесці.

Я іх дужа любіў, маіх матулю і бабулю, часта казаў ім гэта, абдымаў — але толькі дома. Праяўляць такія пачуцці на людзях я саромеўся. А калі падрос, увогуле стаў саромецца сваёй мамы.

Бабулі з намі тады ўжо не было, яна памерла, калі я быў у 8-м класе. Самы той узрост, калі хочацца быць самастойным і незалежным.

Раней я казаў сябрам, што мне надакучылі «гэтыя бабы», што паеду паступаць у тэхнікум у іншы горад і буду жыць у інтэрнаце. У аднапакаёўцы сапраўды было цесна і нязручна. Але потым мама ўпрасіла мяне паступаць вучыцца ў нашым горадзе, не хацела быць адна.

А яшчэ я закахаўся. Нам было па 16 гадоў, і мы са Святланай збіраліся пажаніцца, як толькі нам стукне па 18. І мама не была супраць гэтых адносін. Або, можа, ведала пра планы Свеціных бацькоў, таму не хвалявалася. Карацей, праз паўгода Святлана з бацькамі пераехала ў Ізраіль. Мы перапісваліся, і ўвогуле не скажу, каб расстанне для нас стала вялікай драмай: усё адно да 18 яшчэ два гады, а там неяк будзе… Паступова перапіска згасла, пачуцці таксама.

Я скончыў тэхнікум, паступіў вучыцца ў ВНУ, але праз год кінуў — стала нецікава. Знайшліся іншыя справы — я заняўся прадпрымальніцтвам, накапіў трохі грошай, мы абмянялі нашу маленькую кватэру на «двушку». Жылі з мамай у розных пакоях, але пакінуць яе зусім я не мог — у яе пачалі балець ногі, дактары далі інваліднасць, уся хата і гаспадарка — схадзіць у краму, прыгатаваць есці — леглі на мяне.

Калі мне споўнілася 30, мама пачала актыўна агітаваць мяне жаніцца. Але я адчуваў, што не магу прывесці жанчыну ў кватэру да нямоглай мамы, і кінуць маму не магу. Завесці раман таксама не атрымлівалася: мама мне ўвесь час тэлефанавала, дзе я, з кім я, казала, што сумуе.

Летась яна памерла ад анкалогіі. Мне ўжо 34. Я вельмі востра разумею: калі заводзіць сям'ю, то толькі цяпер. Бо далей будзе позна — мы станем бацькамі запозна, і дзецям давядзецца даглядаць нас, а не жыць уласным жыццём.

«Я чытала, што познія дзеці больш здольныя, і гэта мяне суцяшала»

— Мама заўсёды казала, што нарадзіла мяне ад вялікага кахання. Ёй тады было 40, а ў бацькі была свая сям'я. Але нас з мамай ён не кінуў — я нашу яго прозвішча, ён часта прыходзіў да нас і дапамагаў маме мяне гадаваць, калі я была маленькая.

А калі я заканчвала школу, ён з сям'ёй з'ехаў за мяжу — яго запрасілі на працу. Дапамагчы матэрыяльна, як я разумею, ён магчымасці не меў, і мы з мамай усё маё дзяцінства і юнацтва пражылі ў інтэрнаце. Хаця ў «законнай» сям'і была свая трохпакаёвая кватэра, і я зайздросціла татаваму сыну, што ў яго ёсць свой пакой, а ў нас нават кухня агульная на цэлы паверх.

Таго, што ў мяне нейкая незвычайная жыццёвая сітуацыя, я надта востра не ўсведамляла дзесьці да 5-га класа. А тады я пачула ад аднакласніц, што яны не хочуць са мной сябраваць, бо ў мяне «старая мама». А яшчэ таму, што мы «бедныя» і я не магу запрасіць усіх аднакласнікаў на дзень народзінаў у наш інтэрнацкі пакой.

Мама выдатна разумела мае праблемы: ладзіла мне дзень народзінаў у кавярні або арганізоўвала паходы ў кіно ці тэатр. Яна старалася, я ёй вельмі за гэта ўдзячная — асабліва цяпер, калі разумею, як цяжка было адкладаць грошы з заробку, на які мы жылі ўдзвюх, на гэтыя забавы.

Але ў школе мне было складана. Я ўвесь час адчувала нейкую пагарду з боку аднакласнікаў, і таму старалася заслужыць іх павагу: давала спісваць, правярала сяброўкам сачыненні, бо па мовах у мяне было «выдатна». Бывала і такое, за што мне цяпер сорамна: перад аднакласнікамі я часам кпіла з мамы, называла яе «мая старая», і лічыла, што яна перада мной вінавата — не здолела стварыць нармальную сям'ю, нарадзіла мяне позна, не настойвала, каб бацька забяспечыў нас жытлом, і гэтак далей.

У старэйшых класах я пачала шмат чытаць літаратуры пра позніх дзяцей. Там пісалі, што дзеці, народжаныя пасля 35, больш здольныя, менш канфліктныя, і гэта мяне неяк прымірыла з рэчаіснасцю. Цяпер маме 75, мне ўжо амаль 36, і я яе вельмі люблю, вельмі паважаю яе асабісты выбар, шчыра ўдзячная за яе старанні — а яна рабіла ўсё, каб я не была ў чымсьці абдзеленай у параўнанні з іншымі.

Мабыць, глыбока ў душы я баялася паўтарыць яе лёс, таму замуж выйшла рана, у 19 гадоў. Практычна за такога ж падлетка, як я сама, і сямейнае жыццё ў нас не склалася. Дзяцей нарадзіць мы не паспелі і праз паўтара года разышліся. Цяпер у мяне другі шлюб, муж на 7 гадоў старэйшы за мяне, мы жывём у кватэры, якая дасталася яму ў спадчыну ад бабулі. Наш сын вучыцца ў другім класе. Мая мама жыве разам з намі, часам з ёй бывае нялёгка — яна па-ранейшаму рамантычныя ідэалістка, а я адчуваю сябе куды больш «прыземленай». Але мы такія, якія ёсць, і стараемся гэта прыняць, раз ужо жыццё так склалася.

Чытайце таксама:

Дзеці растуць здаравейшыя і разумнейшыя, калі прывязаныя не толькі да мамы, але і да таты — даследаванні

З'едуць ад бацькоў пазней, шматзадачныя і творчыя. Што сацыёлагі кажуць пра цяперашніх дзяцей

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
18
Абуральна
9