Фота: modernrock.ru

Фота: modernrock.ru

Гурт Nizkiz складаецца з чатырох музыкантаў:

  • Аляксандр Ільін (вакал, тэксты песень);
  • Сяргей Кульша (бас-гітара);
  • Дзмітрый Халяўкін (барабаны);
  • Леанід Несцярук (гітара).

У рукі сілавікоў трапілі першыя тры музыканты. Леанід Несцярук цяпер знаходзіцца за мяжой.

Nizkiz узнік у 2008 годзе. Цікавая назва, паводле Аляксандра Ільіна, насамрэч нічога не значыць — гэта проста прыгожае спалучэнне літар. На тым этапе існавання гурт актыўна ладзіў жывыя выступы, удзельнічаў, паводле словаў Дзмітрыя Халяўкіна, ва ўсіх магчымых конкурсах і адборах.

І гэта дало свой плён — пра Nizkiz пачалі гаварыць, паступова гурт набіраў вядомасць. Да 2020-га яны выпусцілі тры альбомы, знялі шэсць кліпаў, атрымалі багата ўзнагародаў. А яшчэ збіралі тысячныя аншлагі ў беларускіх клубах і выступалі на разагрэве ў Thirty Seconds To Mars, калі тыя прыязджалі ў Мінск.

Яшчэ адзін цікавы факт пра Nizkiz — іх трэк «Полночь» трапіў у футбольны сімулятар FIFA online 4. Гэта было не пытанне грошаў, а хутчэй яшчэ адзін спосаб прасунуць сваю творчасць, ды яшчэ і прыемны — музыканты добра ставяцца да футбола.

Найбольшую вядомасць у сваёй гісторыі Nizkiz набылі ў 2020-м. Яшчэ да пачатку кавіду, у лютым таго года, магілёўцы зладзілі сольны канцэрт у Falcon Club — на той час гэта было іх найвялікшае ўласнае выступленне. А праз некалькі месяцаў, 26 чэрвеня 2020 года, гурт прадставіў моцны трэк «Правілы», створаны ў супрацоўніцтве з амерыканскім прадзюсарам Нікаласам Эсігам. А калі пачаліся маршы, Nizkiz знялі на іх кліп да «Правілаў» — і ён стаў вельмі папулярны.

Ільін так апісваў нараджэнне «Правілаў»: «Песня стваралася даволі лёгка, бо ўсе словы, думкі і пасылы луналі ў паветры. Нам заставалася толькі агучыць гэта».

Пасля пачатку вайны Nizkiz выступілі за мір і адмянілі свае канцэрты ў Расіі. Гітарыст Леанід Несцярук (адзіны чалец гурта, які цяпер на волі) казаў тады пра гэта: «Мне здаецца, быць супраць гвалту і бязмежжа — гэта пытанне не палітыкі, а прыстойнасці і адэкватнасці».

Хлопцы выступалі ў Еўропе — напрыклад, прыязджалі ў Вільню, Берлін, даязджалі нават да Кіпра. Але чальцы гурта працягвалі жыць у Беларусі. Выключэнне — гітарыст Леанід Несцярук. У кастрычніку 2022 ён пісаў у фэйсбуку, што нейкі час будзе жыць у Варшаве і што гатовы праводзіць прыватныя ўрокі электрагітары.

Лёс Nizkiz нагадвае гісторыю гурта Tor Band, яшчэ адных музыкаў пратэстнага часу. Музыкі з Рагачова не жадалі з'язджаць з Беларусі і трапілі пад крымінальны пераслед. У выніку Tor Band абвясцілі экстрэмісцкім фармаваннем, а 31 кастрычніка 2023-га трох музыкаў за іх песні прысудзілі да тэрмінаў ад 7,5 да 9 гадоў калоніі.

Чытайце яшчэ:

Людзі года па версіі «Нашай Нівы» — гурт Tor Band

Што слухаць па-беларуску? Топ папулярных песень у Spotify на роднай мове ПЛЭЙЛІСТ

Як амерыканцы рэагуюць на беларускі рок

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
24
Абуральна
37

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?