Гісторыя

Магчыма, для кагосьці з вас гэта будзе навіной, але раней на Новы год і Раство беларусы не ставілі ў хаце елку. І не было спрэчак, як больш экалагічна — купіць штучную на дзесяцігоддзі ці ўзяць з кірмашу жывую.

Да савецкіх часоў у вёсках жыла традыцыя плесці саламянага павука — падвесную канструкцыю з трубачак саломы. Традыцыя перадавалася з пакалення ў пакаленне, але амаль згасла ў XX стагоддзі. Цікава, аднак, што яе рэха тым не менш можна было прасачыць у савецкіх ёлачных упрыгожваннях са шклярусу. Пасля ж галоўным сімвалам Новага года стала елка. Яна практычна выціснула старадаўняе майстэрства.

Карані ж саламянага павучка ідуць яшчэ ў дахрысціянскія часы і цесна сплеценыя з пачаткам новага гадавога цыклу, які быў звязаны ў першую чаргу з прыродай, рухам сонца і земляробствам.

Роля павука ў старадаўнія часы была магічная. Народныя вераванні надзялялі салому цудадзейнай сілай, бо яна была звязаная з хлебам і агулам з’яўлялася важным элементам у сельскагаспадарчым жыцці. Геаметрычныя фігуры, з якіх складаецца павук, — трохкутнік і ромб — адны з самых архаічных знакаў, якія звязаныя з жаночым пачаткам і ўрадлівасцю.

Калі ў наша жыццё ўплялося хрысціянства і змяшалася з паганскімі вераваннямі, салома ўсё адно працягвала мець важнае сімвалічнае значэнне. Яе клалі пад абрус на святочным стале, тлумачачы тым, што Ісус нарадзіўся ў хляве сярод саломы, а ўсё той жа трохкутнік на павучыным «целе» пачаў сімвалізаваць Святую Тройцу.

Павуку прыпісвалася роля абярэга: у яго павуцінне на працягу года траплялі дрэнныя сны, праклёны, няшчасці і хваробы. Таму было прынята напярэдадні кожных наступных Калядаў плесці новага павучка, а старога спальваць разам з усім назапашаным негатывам у доме.

У сучаснасці саламяны павук — гэта не толькі даніна прыгожай сямейнай традыцыі з чароўным эфектам, але таксама вельмі стылёвая мінімалістычная альтэрнатыва ялінцы. Да таго ж з яго не сыплюцца іголкі, і ніякай шкоды прыродзе — спаліў крохкую канструкцыю і забыўся. І не трэба думаць, калі ўжо час пазбаўляцца ад навагодняга дэкору: тут усё дакладна — мяняць раз на год ці два, пры жаданні можна плесці новы абярэг яшчэ і перад Вялікаднем.

Павукі ў трэндзе

У апошнія гады саламяны павук настолькі ў трэндзе, што месцы на майстар-класы па яго пляценні разбіраюць амаль імгненна. Адна з майстрых з Гродна падзялілася з «Моцнымі навінамі» нават канкрэтнымі лічбамі — толькі за два дні яе імпрэзу наведала 60 чалавек, а пасля Новага года дадалося яшчэ 27 ахвотных. Жанчына шчыра прызналася, што такой папулярнасці яна не чакала.

Тая ж самая карціна і ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва. Там анансавалі майстар-клас па павуку на 20 студзеня, і менш чым за суткі ўсе месцы ўжо былі забраніраваныя.

Народны ўмелец Пятро Цалка, які ладзіць гэты майстар-клас, кажа, што цікавасць да такіх рэчаў была заўсёды з першых дзён яго працы ў музеі. Цяпер проста інфармацыя стала больш дасяжнай, таму зручна знайсці месца, дзе навучыцца саломапляценню.

А не так даўно пад Рагачовам у сельскім клубе вёскі Шчыбрын адкрыўся экамузей, дзе ўсе ахвотныя могуць навучыцца зрабіць сабе саламяны абярэг на Каляды.

Дарэчы, некаторыя майстры вырашылі замяніць крохкую саломку на больш трывалы матэрыял і ствараюць сваіх павукоў з папяровых трубачак і пацерак. Праўда, такія творы мастацтва будзе шкада спальваць.

Яшчэ адна опцыя для тых, хто хоча ўласнымі рукамі змайстраваць павука, але не нарыхтаваў сноп саломкі для гэтага, а ехаць у музей ці ў вёску не імкнецца — заказаць боксік ад брэнда KANVA за 120 рублёў. Там разам з інструкцыяй і ўсімі неабходнымі матэрыяламі ёсць яшчэ свечка і qr-код на плэйліст для адпаведнай атмасферы падчас рукадзелля.

Калі займацца дробнай маторыкай у вас няма часу і жадання, а займець прыгожы залацісты аксесуар пад столлю хочацца, то можна звярнуцца ў крамы ці непасрэдна да майстроў і купіць ужо гатовага павучка. Кошты вар’іруюцца ад 3,60 рубля за адзін маленькі элемент у краме «Рагна» (Мінск) да 160 рублёў за раскошны дызайнерскі выраб са складанай канструкцыяй і мноствам элементаў ад майстроў галерэі «Славутасць» (Мінск). Ёсць таксама аб’явы і на «Куфары» — 25 рублёў за 25 сантыметраў вышыні з нескладаным дэкорам.

Цікавыя факты пра саламяных павукоў

Саламяны павук — абрад, уласцівы не толькі беларусам. Этнографы таксама фіксуюць павукоў у Польшчы, Літве, Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі.

Назва, вядома, таксама розніцца. Літоўцы называюць іх «содас», што азначае сад, латышы — «пузур», фіны і эстонцы — «хімелі». што ўзыходзіць да германскага Himmel — неба, чэхі кажуць «мушыны рай» або «мушыны танец». У ўдмуртаў, якім таксама вядомае такое саламянае ўпрыгожванне, яно носіць назву «кадзіла». У Беларусі яшчэ сустракалася назва «ліхтар».

У народзе кажуць, што калі не можаш зачаць дзіця, трэба пастаяць пад павуком. Існуе таксама традыцыя вешаць павука над маладымі на вяселлі.

Асацыяцыя з павуком, па меркаванні даследчыка Дзмітрыя Скварчэўскага, ідзе з уяўленняў нашых продкаў, што павук — святая істота і заснаваў гэты сусвет. А саламяны абярэг — гэта нібы ўяўная мадэль ідэальнага свету.

Самага вялікага і цяжкага саламянага павука зрабілі ў Эстоніі ў 2019 годзе. Ён атрымаўся аб’ёмам 5,96 кубічных метра і вагой 12 кілаграмаў. Паводле Guinness World Records, гэты выраб стаў самым вялікім у свеце на той момант.

Чытайце таксама:

У вёсцы пад Рагачовам адраджаюць традыцыю перадкаляднага ўпрыгажэння хаты саламянымі павукамі

Беларус з дапамогай нейрасеткі зрабіў Star Wars з саломы

Беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1