Праверкі тэлефонаў на мяжы сталі ўжо звыклай справай. Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал BELGRANICA

Праверкі тэлефонаў на мяжы сталі ўжо звыклай справай. Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал BELGRANICA

Па словах пасажыра, які днямі вяртаўся з Польшчы рэйсавым аўтобусам праз пункт пропуску «Брэст», на дадатковую праверку выклікалі каля 10 чалавек. Цікавілі беларускіх сілавікоў толькі мужчыны.

«Адным загадалі прайсці для дадатковай праверкі, а іншым сказалі проста чакаць. Публіка была рознаўзроставая: калі самым маладым хлопцам было каля 20-25, то найстарэйшаму мужчыну — каля 60 гадоў», — згадвае суразмоўца.

Па яго словах, на праверку кожнага сыходзіла каля 20-30 хвілін. Правяральнікаў у тым кабінеце было двое. 

«Падчас гутаркі правяралі змест тэлефонаў. Фатаграфавалі IMEI-нумар прылады. Правяралі падпіскі ў тэлеграме і сацсетках, прагортвалі перапіску. Часам правяральнік фатаграфаваў экран, калі лазіў па сацсетках», — распавядае суразмоўца.

Мужчына кажа, што паралельна з праверкай сілавікі вядуць нібыта нязмушаную гутарку. Сярод іншага пытаюцца, навошта ездзіў у Польшчу.

Суразмоўца адзначае, што гэта першы выпадак, калі пры перасячэнні мяжы да яго ўзніклі дадатковыя пытанні.

«У мяне няма судзімасцяў ці затрыманняў па палітычных артыкулах. Як я зразумеў, многія з дапытаных таксама былі палітычна «чыстымі». Часам кіроўца аўтобуса сам просіць першымі праходзіць кантроль тых, хто раней быў затрыманы па палітычных артыкулах, каб не затрымліваць увесь аўтобус».

Мужчына прызнаецца, што, нягледзячы на тое, што ўсе пасажыры пасля праверкі вярнуліся ў аўтобус, у іх засталіся засцярогі.

«Той факт, што яны фатаграфавалі IMEI і рабілі здымкі падчас прагортвання сацсетак, наводзіць на думкі, што праверка на мяжы можа мець наступствы пазней», — лічыць суразмоўца.

Чытайце таксама:

На мяжы з Польшчай зноў пачалі збірацца вялікія чэргі з аўтобусаў

З Гродна ў Беласток — за 43 гадзіны. Беларускі аўтобус паставіў рэкорд па часе на мяжы 

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
100