Ілюстрацыйны здымак. Аўтамабілі на розных тыпах нямецкіх транзітных нумароў. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Аўтамабілі на розных тыпах нямецкіх транзітных нумароў. Фота: «Наша Ніва»

На афіцыйным узроўні ніякай інфармацыі пра новыя абмежаванні няма. Нават беларуская мытня ў сваім паведамленні кажа, што даведалася пра новыя патрабаванні польскага боку са СМІ.

Адзіная крыніца інфармацыі — надрукаваныя паперкі, якія польскія мытнікі размясцілі ў пункце пропуску «Тарэспаль» («Брэст).

У іх гаворыцца, што для экспарту аўто з аб'ёмам рухавіка вышэй за 1,9 літра польскай мытні патрэбна даведка ад вытворцы, дзе будзе пазначала, што вытворца ведае пра тое, што аўтамабіль накіроўваецца транзітам праз тэрыторыю Беларусі і Расіі. А таксама, што вытворца ведае, дзе знаходзіцца пункт прызначэння, кім з'яўляецца прадавец і пакупнік. Усё гэта нібыта патрэбна для таго, каб не былі парушаны санкцыі.

Абмежаванні тычацца толькі Расіі

Што да санкцый, то з усіх краін ЕАЭС яны тычацца толькі Расіі. Аднак забарона на экспарт у Расію машын з рухавіком аб'ёмам больш за 1,9 літра або даражэйшых за 50 тысяч еўра (у незалежнасці ад аб'ёму рухавіка) дзейнічае яшчэ з 23 чэрвеня 2023 года.

На Беларусь гэтыя санкцыі не распаўсюджваюцца. Беларусы, як і раней маюць права набываць у ЕС і экспартаваць у Беларусь любыя аўтамабілі, у незалежнасці ад кошту і аб'ёму рухавіка.

На Балтыйскім кірунку — без перамен

Па прычыне таго, што старыя санкцыі на Беларусь не распаўсюджваюцца, а нейкіх новых абмежаванняў няма, аўтамабілі з рухавіком больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўра працягваюць паступаць у Беларусь. Апошнія дні, праўда, у асноўным праз Літву і Латвію.

«Нашай Ніве» ўдалося паразмаўляць з некалькімі перавозчыкамі, якія за выходныя і ноч панядзелка ўжо паспелі правезці праз мяжу з Літвой дарагія аўто з вялікім аб'ёмам рухавіка.

«Ноччу (25.03. — НН) праз мяжу з Літвой у нас праехала 4-гадовая BMW з рухавіком аб'ёмам 2 літры, і новы Mercedes-Benz з маторам 2,2 літра (2,143 см³. — НН). Ніякіх дадатковых пытанняў з боку літоўскай мытні не было», — запэўнівае перавозчык.

Па яго словах, Літва даўно строга сочыць за тым, каб машына накіроўвалася менавіта ў Беларусь, а не ў Расію.

«Для таго, каб паспяхова вывезці аўто праз Літву, трэба мець поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць, што пакупнік з Беларусі. Для гэтага даводзіцца мець з сабою пацвярджэнне пераводу ад пакупніка, які разлічваўся за машыну праз беларускі банк, а таксама пацвярджэнне ад прадаўца, што ён прыняў гэтыя грошы ад беларускага пакупніка банкаўскім пераводам.

Калі экспартныя робяцца ў Літве, то ад пакупніка патрабуюць напісаць ліст, дзе ён пацвярджае, што купляе аўто для сябе, а не для перапродажу на РФ», — тлумачыць перавозчык.

З роўнымі дакументамі — праз Літву, а з «крывымі» — праз Польшчу

Па словах суразмоўцы, у тых, хто купляе машыну не для сябе, а на перапродаж, часта маюцца праблемы з пацвярджэннем плацяжу, бо ў ход ідуць не толькі наяўныя разлікі, але і, напрыклад, крыптавалюта.

«Таму ўсе машыны з няпоўным або «крывым» камплектам дакументаў заязджалі ў Беларусь менавіта праз Польшчу. Палякі былі самымі лаяльнымі. Яны выпускалі машыны без дадатковых пытанняў, іх не цікавіла, хто і як заплаціў за аўто, куды яно накіроўваецца, чаму пакупнік — адзін чалавек, а вязе іншы».

Тры запар Майбахі едуць з Польчшы ў Беларусь праз ПП «Брэст-Цярэспаль».

Тры запар Майбахі едуць з Польчшы ў Беларусь праз ПП «Брэст-Цярэспаль».

На думку перавозчыка, праз гэта стварылася сітуацыя, што большая частка прэміяльных аўто ехала менавіта праз Польшчу. Паколькі пункт пропуску «Брэст» — пасажырскі пераход, то ўсе машыны праязджалі сваім ходам. За стырном часцяком знаходзіліся людзі, якія не мелі ніякага дачынення да аўто, якое перавозілі.

«Маладыя хлопцы за 100 еўра пераганялі гэтыя машыны з Тарэспаля ў Брэст. Інвойсы ў такіх аўто, як і ЕХ (экспартная дэкларацыя. — НН), былі аформленыя на іншага чалавека. У выніку, у чарзе можна было назіраць за тым, як маладыя хлопцы рассякаюць на дарэжэзных «Майбахах», «Аўдзі», «БМВ», «Ламбарджыні».

Праз Латвію і Літву ўвозяць машыны з любым аб'ёмам і цаной

У адрозненні ад палякаў, літоўцы даўно не прапускаюць праз сваю мяжу машыну, калі за стырном знаходзіцца не сам пакупнік аўто. Плацеж за аўто, інвойс і ЕХ мусяць быць аформленыя на таго, хто непасрэдна вывозіць машыну.

«Калі ў чалавека з дакументамі ўсё добра, то праз Літву без праблем праязджаюць у тым ліку і сваім ходам», — кажа суразмоўца.

Іншы суразмоўца, які ездзіць у тым ліку праз Латвію, таксама сцвярджае, што на латвійскім кірунку ніякіх змен не адбылося, афармленне машын на Беларусь працягваецца ў штатным рэжыме, як і раней.

«Адзінае, што Латвія, напрыклад, не выпускае нямецкія аўто на «жоўтых» (кароткатэрміновых транзітных) нумарах. Яны спасылаюцца на тое, што яны прызначаны толькі для руху па ЕС, таму тым, хто едзе праз Латвію, даводзіцца купляць у Германіі «чырвоныя» (доўгатэрміновыя транзіты). Яны каштуюць да 350 еўра, калі «жоўтыя» да 150», — тлумачыць перагоншчык.

Чаму Польшчы пайшла на такі крок?

Наколькі вядома, забарона на пропуск аўто з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра з польскага боку з'явілася пасля таго, як Тарэспаль наведаў польскі міністр транспарту.

«Выглядае, што ён проста быў у шоку ад таго, што ўбачыў, колькі прэміяльных аўто стаіць у чарзе на выезд у Беларусь, таму прыдумаў гэтае правіла, якое немагчыма выканаць», — дзеліцца адзін з суразмоўцаў.

Наколькі вядома, поўная забарона на праезд набытых у ЕС аўто з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра праз мяжу з Польшчай працягнецца да 1 красавіка. Пазней нібыта мусяць з'явіцца тлумачэнні.

Некаторым удаецца праскочыць праз Польшчу?

Пры гэтым, адзін з суразмоўцаў запэўніў, што нават пасля з'яўлення забароны ён ведае выпадкі, калі машыны з большым аб'ёмам рухавіка праязджалі праз польска-беларускую мяжу.

«Людзі, якія змаглі пацвердзіць, што гэтае аўто набытае для сябе, паспрачаўшыся і паскандаліўшы з польскімі мытнікамі, здолелі аформіць экспарт і выехаць у Беларусь. Калі з дакументамі ўсё добра і сам пакупнік едзе за стырном, то ў іх проста няма законных падстаў не выпусціць гэтае аўто, таму ў выніку некаторым удавалася праехаць і пасля з'яўлення новых патрабаванняў.

Іншая справа, калі за стырном машыны, якая каштуе 100 і больш тысяч еўра, сядзіць 20-гадовы хлопец са студэнцкай або працоўнай віза. Натуральна, што мытнікі разумеюць, што машыну ён толькі пераганяе праз мяжу. Яны бачаць, што і па дакументах кіроўца не з'яўляецца ўласнікам, вось такіх дакладна не прапускаюць».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Магчыма, пасля 1 красавіка стане прасцей

Суразмоўца кажа, што польская мытня (на ўнутраных пунктах, дзе афармляюць экспартныя дакументы) працягвае афармляць экспартныя дэкларацыі (ЕХ) на аўто, якія прызначаныя для экспарту ў Беларусь без азірання на кошт і аб'ём рухавіка.

Мужчына выказвае меркаванне, што палякі напрыдумлялі гэтыя патрабаванні выключна дзеля таго, каб не прапусціць да 1 красавіка машыны, якія з вялікай верагоднасцю могуць трапіць у РФ, пасля таго, які іх размытняць у Беларусі.

Нагадаем, ад 1 красавіка расіянам трэба будзе даплачваць розніцу ў мыце за аўто, якія былі размытненыя ў Беларусі з выкарыстаннем льготы. 

@nashaniva Польскія мытнікі знайшлі арыгінальны спосаб адлову перагоншчыкаў, якія возяць машыны ў Расію пад выглядам транзіту ў Сярэднюю Азію #беларусь #нашаніва #навіныбеларусі #беларусьновости #новостибеларуси #авто #белорусы #беларускаямова #перекуп #мова ♬ Paris - 3Hzwave

Чытайце таксама:

У Беларусі новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўто. Некаторыя машыны моцна падаражэюць, а іншыя наадварот стануць таннейшыя

У Расіі пад іншым брэндам аднавілі выпуск папулярных у нас бюджэтнікаў Hyundai i КІА. Новая назва і цэны

Клас
16
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
9