68-е паседжанне Камісіі ААН па правах і статусу жанчын, якое пачалося 11 сакавіка. Фота: прэс-служба ААН

68-е паседжанне Камісіі ААН па правах і статусу жанчын, якое пачалося 11 сакавіка. Фота: прэс-служба ААН

«Усе 45 членаў Камісіі ААН па статусе жанчын абралі сваім старшынёй Саудаўскую Аравію — краіну з жахлівым паслужным спісам у сферы абароны правоў жанчын. Гэтае рашэнне выклікала шок у міжнародных праваабарончых арганізацый», — рэзюмуе выданне The Guardian, апісваючы вынікі 68-га паседжання камісіі.

Выданне адзначае, што камісія была створана з мэтай прасоўваць гендарную роўнасць, правы і магчымасці жанчын усяго свету і што «многія чакалі на пасадзе старшыні камісіі Бангладэш, аднак на апошнім этапе разгляду кандыдатаў умяшалася Саудаўская Аравія і пралабіравала сваё абранне».

Пасол Філіпін у ААН Антоніа Мануэль Лагдамэа, як папярэдні старшыня Камісіі па статусе жанчын, заявіў, што спытаў астатніх чальцоў аб іх згодзе з абраннем Саудаўскай Аравіі і «не пачуў у адказ ніводнай адмовы».

Адзіныя, хто выказаў нязгоду, былі праваабарончыя арганізацыі, якія не ўваходзяць у камісію. Напрыклад, адна з кіраўнікоў Amnesty International Шэрын Тадрас адзначыла, што Саудаўская Аравія «жудасна далёкая» ад ідэалаў камісіі, а дырэктар Human Rights Watch пры ААН Луі Шарбона ўвогуле заявіў, што абранне Саудаўскай Аравіі — гэта шакавальнае грэбаванне правамі жанчын ва ўсім свеце», — перадае The Guardian.

Шарбона дадаў, што «краіна, якая адпраўляе жанчын у турму проста за тое, што яны адстойваюць свае правы, не мае ніякага права быць тварам вядучага форуму ААН па правах жанчын і гендарнай роўнасці».

«Калі б усе чальцы камісіі паднялі вялікі шум, то старшынства Саудаўскай Аравіі можна было б пазбегнуць. Але ўсе проста прамаўчалі», — падагульніў Шарбона.

Па інфармацыі ААН, Сусветнага банка і Сусветнага эканамічнага форуму за 2023 год, Саудаўская Аравія займае адно з апошніх месцаў у свеце па ўзроўні гендарнай роўнасці і абароны правоў жанчын (131 месца са 146 паводле Global Gender Gap Index).

Чытайце таксама:

«Ніякага сэксу і палітыкі». Свету паказалі першага андроіда-мусульманку, якая прытрымліваецца нормаў шарыяту

У Іране суд прыгаварыў да смерці начальніка паліцыі за забойства пратэстоўца. Што?

Праз дзень пасля заявы камітэта ААН пра Паліну Шарэнду-Панасюк на БТ паказалі палітзняволеную

Жанчыны ў атачэнні Лукашэнкі: чаму і што ён ім давярае. Вялікая гутарка з Альмірай Усманавай

Клас
1
Панылы сорам
21
Ха-ха
9
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
8