Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Краіны ЕС ужо другі год запар завяршаюць ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу. Між тым, пастаўкі «Газпрама» ў Еўропу ўпалі больш чым у пяць разоў у параўнанні з даваенным узроўнем, піша The Moscow Times.

Ацяпляльны сезон у ЕС скончыўся 31 сакавіка, і запасы ў сховішчах склалі, па звестках Gas Infrastructure Europe, 58,7%. Гэта максімальны аб'ём у гісторыі — вышэй, чым год таму, калі еўрапейцы, напалоханыя адключэннем расійскага газу, рэзка скарацілі яго выкарыстанне як у прамысловасці, так і на спажывецкім узроўні.

Справіцца з магчымым дэфіцытам дапамаглі дзве цёплыя зімы і радыкальная перабудова сістэмы забеспячэння.

Звадкаваны прыродны газ стаў галоўнай крыніцай прапановы, абагнаўшы трубаправодны, а галоўным пастаўшчыком, які змяніў Расію, — ЗША: цяпер яны забяспечваюць амаль палову еўрапейскага імпарту ЗПГ супраць прыкладна чвэрці да пачатку вайны.

Пастаўкі ж у Еўропу ў «Газпрама» склалі ў мінулым годзе 28 млрд куб (на ўзроўні другой паловы 1970-х гг.) супраць больш за 150 млрд кубаметраў у даваенным 2021 г.

З пяці трубаправодаў газ у Еўропу зараз пампуецца толькі па двух.

Пры гэтым у лютым міністр энергетыкі Аўстрыі Леанор Гевеслер заявіла, што краіна, чый газавы імпарт больш як на тры чвэрці забяспечвае Расія, разглядае магчымасць разрыву кантракта з «Газпрамам». А ў выпадку рэалізацыі намеру Украіны адмовіцца ад падаўжэння з 2025 г. дамовы на транзіт пакіне «Газпром» з адной працуючай трубой — у паўднёвую Еўропу праз Турцыю.

З самага вострага моманту энергетычнага крызісу газ у ЕС патаннеў амаль у 14 разоў.

Кошт ф'ючарса Dutch TTF, які ў жніўні 2022 г. на піку перавысіў 340 еўра/МВт.г (больш за $3600 за 1000 кубаметраў), з пачатку лютага гэтага года вагаецца вакол адзнакі 25 еўра ($285).

Чытайце таксама:

Еўрасаюз заявіў, што спыніць транзіт расійскага газу праз Украіну

Швецыя спыніла расследаванне па справе аб выбухах на «Паўночных патоках»

Беларускія ўлады спадзяюцца купляць расійскі газ яшчэ танней пасля 2026 года

Клас
43
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1