У кіраўніцтве Камітэта дзяржаўнай бяспекі прайшлі кадравыя перастаноўкі. На ключавыя пасады прызначана ажно дзесяць чалавек. Старшыня Вадзім Зайцаў сваё месца захаваў. Тым не менш,

не трэба пераацэньваць значнасць новых прызначэнняў. Лукашэнка проста ператасаваў старую калоду кадэбістаў. Змены носяць касметычны характар.

Берасцеец Леанід Дзядкоў стаў намеснікам старшыні кіраўніка КДБ. Дзядкоў заслужыў славу тым, што будучы на пасадзе кіраўніка берасцейскага КДБ ініцыяваў судовы працэс супраць часопісу ARCHE, звінаваціўшы 1100-старонкавы юбілейны нумар выдання ў экстрэмізме. Асобнік часопіса быў выпадкова канфіскаваны на мытні.

Таксама вядомасць Дзядкову прынесла фраза ягонага намесніка, што «са шкодным кірункам думак у шырокім сэнсе слова у нас змагаюцца ўсе без выключэння аператыўныя падраздзяленні на замацаваных за імі напрамках работы». Фраза была прамоўлена ў часе супольнай з Дзядковым прэс-канферэнцыі. Так вось Дзядкоў заслужыў павышэнне.

Намеснікам Вадзіма Зайцава па кадравым забеспячэнні і арганізацыйнай працы стане Ігар Бахматаў, які да гэтага быў начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі. А яшчэ перад гэтым працаваў кіраўніком Брэсцкага КДБ, дзе яго замяніў той самы Дзядкоў.

На добрую для кар’ернага росту пасаду кіраўніка Брэсцкага абласнога КДБ прызначаны Ігар Бусько. Ён быў кіраўніком галоўнага ўпраўлення контрвыведкі КДБ. Але гэтае месца таксама не засталося пустым. Буська там змяніў Сяргей Шугаеў.

Берасцейцы аказаліся самымі папулярнымі сярод новых прызначэнцаў. Былы намеснік Дзядкова па Брэсцкай вобласці Іван Ляскоўскі стаў галоўным ужо ў вобласці Гомельскай.

Прыйшоў Ляскоўскі ў Гомель на месца Івана Каржа, але самога Каржа таксама ніхто не спісаў, яго перасунулі на працу ў Гродна, кіраўніком абласнога КДБ.

Былы ж галоўны кадэбіст Гродзенскай вобласці Ігар Сергіенка збірае чамаданы ў вобласць Магілёўскую. Цяпер ён кіраваць будзе тамтэйшым КДБ. Цікава, што прынясе вось такая ператасоўка кадраў?

Начальнікам управы КДБ па горадзе Мінску і Мінскай вобласці прызначаны Уладзімір Калач. Ён замяніў на пасадзе добра вядомага Ігара Кузняцова, які асабіста займаўся крымінальнымі справамі супраць «маладафронтаўцаў». Кузняцоў жа стаў начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі, замест Бахматава, які пайшоў на павышэнне.

А начальнікам галоўнай управы ўрадавай сувязі КДБ стаў Віктар Ярута. Ён, як і Вадзім Зайцаў, прыйшоў у Камітэт з памежнікаў.

Падпалкоўнік запасу КДБ Валеры Костка кажа, што змены могуць быць звязаныя з хуткімі выбарамі. «Пасля адстаўкі Мацкевіча КДБ фактычна ператвараецца з сур’ёзнай спецслужбы ў асабістую ахранку прэзідэнта. Туды ідуць служыць хто заўгодна: пагранічнікі, танкісты, падаткавікі, але не прафесійныя чэкісты», — кажа Валеры Костка.

Падпалкоўнік узгадвае, што ў свой час сённяшні кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў прывёў з памежнага камітэту у КДБ аж 40 чалавек. «Цяпер працягваецца гэтая праца па стварэнні ручнога органа», — дадае В.Костка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?