Па выніках апрацоўкі 99,91% электронных пратаколаў першае месца ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне заняў 59-гадовы лідэр апазіцыйнай Партыі рэгіёнаў, былы прэм'ер-міністр Віктар Януковіч.

Паводле папярэдніх звестак, Януковіч набраў 48,95% галасоў выбаршчыкаў. У яго саперніцы, 49-гадовай Юліі Цімашэнкі, якая з'яўляецца кіраўніком урада, 45,48% галасоў. Супраць усіх прагаласавала 4,36% грамадзян. 1,21% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі. Яўка склала 69,15%.

На выбарчых участках у Мінску і Брэсце перамог Януковіч, які набраў адпаведна 63,51% і 65,9% галасоў. Цімашэнка атрымала 31,18% і 30,95% галасоў. У цэлым у замежнай акрузе (113 участкаў у 76 краінах) перамагла прэм'ер-міністр — 60,57%, лідэр апазіцыі набраў 33,96%. У першым туры выйграў Януковіч (29,57% супраць 23,24%).

Місіі міжнародных назіральнікаў ва Украіне прызналі выбары ў цэлым свабоднымі і дэмакратычнымі, указаўшы на шэраг парушэнняў на выбарчых участках, прабелы ў заканадаўчай базе, а таксама на непажаданасць надалей мяняць закон аб выбарах прэзідэнта ў перыяд паміж першым і другім турамі.

8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Кіеве намеснік старшыні Партыі рэгіёнаў Ганна Герман назвала прызнанне выбараў з боку АБСЕ «важнейшай падзеяй».

«Увесь свет прызнае, што гэта перамога Януковіча на сумленных і празрыстых выбарах», — сказала Герман.

Яна выказала надзею, што Юлія Цімашэнка «як дэмакратычны, а не аўтарытарны палітык» прызнае сваё паражэнне і пойдзе ў адстаўку.

Сама Цімашэнка ў панядзелак сваю пазіцыю публічна не выказала. Яе прэс-канферэнцыя анансавалася спачатку на 13.00, а затым на 17.00, але ў выніку была перанесеная на 9 лютага без ўказання часу.

7 лютага, каментуючы ў сваім прэс-цэнтры вынікі экзіт-полаў, згодна з якімі перамог Януковіч з адрывам 2,8—5,1% (канчатковыя звесткі), Цімашэнка заявіла, што гэта знаходзіцца ў межах статыстычнай пагрэшнасці і нейкія высновы можна рабіць толькі пасля поўнага падліку галасоў.

На думку шэрагу беларускіх палітолагаў, адносіны Мінска і Кіева застануцца ранейшымі незалежна ад таго, хто стане прэзідэнтам Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?